Да заканчэння Вялікага Посту засталіся лічаныя дні. Але наперадзе яшчэ апошні тыдзень перад Вялікаднем, які вернікі праводзяць у строгім устрыманні, шчырай малітве, у подзвігах дабрадзейнасці і міласэрнасці — каб належным чынам сустрэць радаснае свята Вялікадня. Таму па рэцэпты некаторых посных страў мы звярнуліся да ўжо добра нам знаёмых удзельніц аматарскага аб’яднання нацыянальнай кухні “Лоцвінскія ўдалухі” Галіны Дрожжы і Валянціны Шыманскай.
Суп “Смачны”
На чатырохлітровы чыгунок трэба ўзяць 3-4 сушаныя грыбы (вельмі добра, калі гэта баравікі) і замачыць іх на 1 гадзіну ў вадзе. Затым крышым 7 бульбін, адну морквіну, 2 сярэднія цыбуліны, дабаўляем 100 г ячных крупаў. Каб крупа добра разварылася, яе трэба замачыць на ноч. Дадаём лаўровы ліст і перац гарошкам. Ставім чыгунок у печ, а калі няма печы, дык на пліце варым крышку даўжэй.
Вiнегрэт па-лоцвiнску
Патрабуецца 2 невялічкія вараныя чырвоныя бурачкі, 3 вараныя бульбачкі, 2 цыбулькі, 2 морквачкі, адзін марынаваны агурок, 5 лыжак алею сланечнікавага ці аліўкавага. Усё крышым дробненька, дабаўляем па смаку соль, перамешваем.
Катлеты грыбныя
1 кг замарожаных грыбоў размарожваем і перакручваем на мясарубцы, дабаўляем стакан манкі, лыжку крухмалу. тры цыбуліны таксама перакручваем, усё перамешваем. Пачакаем, каб грыбны фарш пастаяў гадзіну: трэба, каб манка разбухла. Пасля фармуем катлеткі і абвальваем у паніровачных сухарах, смажым на сланечнікавым алеі на добра разагрэтай патэльні.
Аладушкi
Бяром паўкачана капусты, 5-6 ст. лыжак мукі, палову чайнай лыжкі соды, пагашанай воцатам, перац, соль па смаку, зяленіва.
Капусту здрабняем, дадаём 150 г кіпячонай вады, крышку зяленіва, муку і соду, солім, перчым, размешваем, даём пастаяць 5 хвілін, пасля зноў размешваем. Смажым на добра разагрэтай патэльні з двух бакоў да залацістага колеру (на маленькім агні).
Запісала Дзіяна ТКАЧЭНКА
Комментарии