(Працяг. Пачатак у №26)
У вызваленні вёсак і гарадоў Беларусі прыняў удзел і танкавы батальён Міхаіла Сцяпанавіча Мароза. На подступах да важнага рэчыцкага чыгуначнага вузла загінуў падчас атакі Максім Сяргеевіч Ёрш з Гразаўка, а ў баях за станцыю Лутава перад Гомелем — Міхаіл Васільевіч Карпіленя з Доктаравіч, каля Калінкавіч — радавы 172-й стралковай дывізіі Канстанцін Максімавіч Комар з вёскі Навасёлкі Бабаўнянскага сельсавета.
Восенню 1943-га пачаўся другі этап рэйкавай вайны з кодавай назвай “Канцэрт”. Як успамінаў партызан брыгады імя Чапаева А. Берднік, дзе камандзірам быў Мікалай Анісімавіч Шастапалаў: ”Славу нашаму злучэнню прынесла рэйкавая вайна. Мы рабілі вылазку на “жалезку”. І шмат разоў узляталі ў паветра варожыя эшалоны. Для ворага стратэгічнае значэнне мела чыгунка Мінск-Брэст. Штодзённа дзясяткі паяздоў ішлі на фронт. І каб немцы не змаглі забяспечыць сваю вайсковую групу “Цэнтр” боепрыпасамі і харчаваннем, мы выводзілі чыгунку са строю. Шэсць гадзін калыхалі ўзрывы наваколле, і пяць дзён дарога бяздзейнічала”.
Капыльскія партызаны не давалі спакою ворагу і на чыгунках Слуцк-Клецк і Стоўбцы-Баранавічы. Паспяхова разграмілі народныя мсціўцы Сейлавіцкі і Кіявіцкі гарнізоны. У барацьбе з ворагам праславіліся атрады імя Шчорса, імя Жукава, імя Будзённага, дзе камандзірамі былі Колчанка, Гільчык, Ізюмскі і іншыя. Дарэчы, раёнка ў гады акупацыі Капыльшчыны шмат зрабіла па ўзняцці насельніцтва раёна на барацьбу з акупантамі. Як успамінаў Дарашэвіч, былы рэдактар газеты “Калгаснік Капыльшчыны”, газета сваім палкім словам узнімала баявы дух партызан. Байцы партызанскіх атрадаў мужна змагаліся з ворагам, яны пусцілі пад адхон 181 варожы эшалон, знішчылі дзве чыгуначныя станцыі, 237 мастоў і тым самым паралізавалі рух фашыстаў. і гэта была дзейсная дапамога наступаючай Чырвонай арміі. У час так званага “Канцэрта” ўзарвалі 12,5 кіламетра чыгункі, знішчылі больш за 18 тысяч карнікаў. Газета нават сагітавала паліцаяў, якія былі на службе ў акупантаў, перайсці да партызан. І многія змылі сваю віну баявымі справамі.
У Капылі дзейнічала падпольная група моладзі, і яе члены выпускалі лістоўкі, якія заклікалі капылян на барацьбу з ненавісным ворагам. Перадавалі сакрэтную інфармацыю ў партызанскія атрады. Наладжваў сувязь з падпольшчыкамі былы гісторык беларускай капыльскай СШ №1 Іосіф Паўлавіч Бабак. Разам з ім на заданне хадзіў яго вучань Аляксандр Раіцкі. А яго былая вучаніца Валя Александровіч перадавала яму звесткі пра задумы ворага. У мірны час яна стала заслужаным урачом БССР і ўзначаліла санслужбу Гродзеншчыны.
Нельга не ўспомніць брата Героя Савецкага Саюза Аляксандра Маркавіча Грыба — Івана. Партызан-разведчык скрытна прабраўся да дзота і вышкі гітлераўцаў, якія ахоўвалі ўчастак дарогі Слуцк-Баранавічы Варшаўскай шашы, і спрытна закідаў гранатамі бетоннае ўмацаванне, а затым з аўтамата паразіў ахову вышкі. Але і сам смяльчак быў забіты куляй нямецкага аўтаматчыка. Яго сябры-чапаеўцы спазніліся прыйсці на дапамогу, але затым паралізавалі рух на дарозе і падбілі некалькі машын з гітлераўцамі.
Міхаіл Сцяпанавіч Мароз са сваімі артылерыстамі ў складзе 136-га артпалка вызваляў і Азарычы, і канцлагер. Ён расказваў на сустрэчы з франтавікамі ў райгазеце: “Мае артылерысты не маглі стрымаць слёз ад жаху, калі пабачылі, як здзекаваліся з людзей гітлераўцы”. Былы настаўнік і мужны воін зноў перасеў на танк і карэкціраваў агонь дальнабойнай артылерыі, прабіраўся праз непралазныя балоты. Немцы былі ашаломлены, калі танкісты і артылерысты выйшлі на шашу Бабруйск-Слуцк, бо ім здавалася немагчымым з танкамі і артылерыяй пераадолець непралазную багну. А на чыгунцы Бабруйск-Асіповічы воіны Мароза разбілі браняпоезд і закрылі бабруйскі “кацёл”. Тады ў паніцы ім здаліся ў палон некалькі тысяч немцаў. У складзе 169-й стралковай дывізіі Антон Трафімавіч Раіцкі са сваёй ротай выбіваў гітлераўцаў з умацаваных дамоў. Дывізія атрымала назву Рагачоўскай і затым вызваляла Уздзенскі і частку нашага раёна каля Бабоўні на шляху да Нясвіжчыны.
Нялёгка давалася вызваленне роднай зямлі, войскі 1-га Прыбалтыйскага (ранейшая назва Калінінскага фронту) толькі ў баях за Невель і Гарадок страцілі каля 40 тысяч і было паранена больш за 100 тысяч чалавек. Афіцэр Міхаіл Карнеевіч Чушкоў з Вошкат праяўляў адвагу і ўменне: пры штурме Гарадка замяніў хворага камандзіра 192-га танкавага батальёна 39-й гвардзейскай танкавай дывізіі. Яго танкісты знішчылі танк, дзве бронемашыны, 20 гармат і мінамётаў з абслугай, першымі ўварваліся ў горад і навялі паніку на фашыстаў. У баі быў ён паранены, але працягваў змагацца. У далейшым Чушкоў вызначыцца ў баях за вызваленне Віцебска.
Іван ІГНАТЧЫК,
член ГА “Беларускі саюз журналістаў”
(Працяг будзе)
Комментарии