Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

68

Час вымяраецца гектарамi (CMigrator copy 1)

11.04.2014
[caption id="attachment_35135" align="alignleft" width="300"] Аляксей Пісарэнка з аграномам Вольгай Пячко[/caption] Для Аляксея Дзмітрыевіча Пісарэнкі з ААТ “Ціміразеўскі”, працоўны стаж якога ўжо даўно перасягнуў 30-гадовую планку, пасадка бульбы — звычная справа. Апошнія гады менавіта гэта культура знаходзіцца ў полі зроку вопытнага механізатара. А ў тым, што ён зробіць усё як мае быць, сумнявацца не прыходзіцца — не дарма па выніках работы за 2011 год імя Аляксея Пісарэнкі было занесена на раённую Дошку гонару. Адкрытае акцыянернае таварыства “Ціміразеўскі” ў ліку тых гаспадарак, дзе ўжо распачалася пасадка бульбы. Усяго яна зойме 130 га і размесціцца на палетку ля в. Заняведамка. Побач знаходзіцца бульбасховішча, а значыць затраты па дастаўцы насення значна знізяцца. Паколькі ўчастак мае вялікую працягласць, яго падзялілі на дзве часткі. Гэта стварае пэўныя зручнасці і для загрузкі бульбасаджалкі клубнямі — адной “порцыі” хапае якраз да палявой дарогі, што дзеліць поле папалам і дзе механізатара Аляксея Пісарэнку ўжо чакае другі аўтамабіль з насеннем. На гэтым жа палетку шчыруюць яшчэ два механізатары: Віктар Давідоўскі на сваім “Беларусу-1522” уносіць сульфат амонію, а Анатоль Шпак з дапамогай грэбнеўтваральніка наразае барозны. Адказвае за дадзены ўчастак работы аграном па ахове раслін Вольга Пячко. Дзяўчына год таму прыехала ў ААТ “Ціміразеўскі” па размеркаванні пасля заканчэння Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта. Вучоба ў вышэйшай навучальнай установе давалася лёгка, паколькі яна ўжо з самага дзяцінства вырашыла звязаць свой лёс з сельскай гаспадаркай. “Я гарадская напалову, — усміхаецца Вольга. — Пры кожнай магчымасці імкнулася паехаць у вёску, адкуль родам мая мама, да бабулі з дзядулем. Усе вясковыя работы мне добра вядомы і прыносяць толькі задавальненне”. І хаця дзяўчына яшчэ не ўпэўнена, што праз год яна не пакіне гаспадарку, дзе пачалася яе працоўная біяграфія, адно бясспрэчна: той практычны вопыт, які яна набыла тут, застанецца на ўсё жыццё. Расказваючы пра тэхналогію вырошчвання бульбы, Вольга адзначыла, што клубні ў абавязковым парадку апрацоўваюцца інсекта-фунгіцыдным пратручвальнікам маркі “прэстыж”, які падаецца непасрэдна падчас пасадкі. Гэтым павялічваецца ўсходжасць культуры, стымулюецца рост вегетатыўнай масы, узмацняецца зялёная пігментацыя. Але самае галоўнае — расліна атрымлівае абарону ад каларадскага жука, драцяніка і тлі. Адкрытае акцыянернае таварыства “Ціміразеўскі” — адно з самых значных па плошчы сельгаспрадпрыемстваў Капыльшчыны. Тым больш, што сёлета, пасля аб’яднання з ААТ “Малінава”, да яго была далучана пераважная большасць земляў гэтай гаспадаркі. [caption id="attachment_35136" align="alignright" width="300"] Мікалай Жук і Віталь Платун[/caption] З сяўбой яравых збожжавых тут ужо справіліся, а вось на палетках з зернебабовымі яшчэ кіпіць работа. Як расказаў галоўны аграном сельгаспрадпрыемства Віталь Платун, у гэтым годзе для забеспячэння сельгасарганізацый раёна элітным насеннем гароху, пялюшкі, лубіну запланавана на 760 га пасеяць суперэліту гэтых культур. Хутка тэхніка пера-ключыцца на сяўбу больш позніх культур — кукурузы (яна зойме ў гаспадарцы 1350 га) і цукровых буракоў (670 га). — Сёлета, з мэтай павышэння эфектыўнасці выкарыстання трактароў і агрэгатаў, мы арганізавалі работу энерганасычаных трактароў у дзве змены, — расказвае галоўны аграном. — Практычна атрымалася кругласутачная праца. Папярэдне правялі сходы з механізатарамі, растлумачылі важнасць гэтай справы. І добраахвотнікі знайшліся. Да таго ж, на сяўбе збожжавых нам дапамогу аказалі адкрытыя акцыянерныя таварыствы “Скабін” і “Семежава” — працавала па адной сеялцы. Вельмі задаволены работай яшчэ аднаго механізатара з ліку памагатых. Гэта Мікалай Жук — работнік ТАА “ПраймЭнерга”. Яго разам з магутным трактарам “Джон Дзір” камандзіравалі ў нашу гаспадарку прыкладна два тыдні таму, і за гэты час Мікалай Мікалаевіч зрабіў нямала”. Каб пабачыць на свае вочы, як працуе Мікалай, мы накіраваліся ў в. Талмачава, дзе механізатар заворваў палетак з азімым рапсам. — Пазней тут будзе пасеяна кукуруза, а рапс выступіць у ролі сідэрата, — тлумачыць Віталь Платун. Хутка пад’ехаў і Мікалай Мікалаевіч. Адбылося кароткае знаёмства. Аказваецца, ён родам з Уздзеншчыны, у свой час скончыў Уздзенскае ПТВ-210 і ўвесь час, да пераезду ў Капыль, самааддана працаваў механізатарам у мясцовых гаспадарках. — Я вельмі люблю працу на зямлі, — дзеліцца Мікалай. — Думаю, што менавіта ў гэтым і ёсць маё прызванне. І хаця лёс склаўся так, што цяпер я займаюся крыху іншай справай, знаходзячыся на палетках гэтай гаспадаркі я атрымліваю сапраўдную радасць. Задаволена працай механізатара і кіраўніцтва ААТ “Ціміразеўскі”: “Ён па-добраму апантаны сваёй справай. Што б не рабіў — усё ў яго атрымліваецца на вышэйшым узроўні”. І гэтыя словы як нельга лепш характарызуюць мужчыну. Падчас размовы з галоўным аграномам пра ход пасяўной хацелася даведацца, якія ўмовы створаны для механізатараў, як іх заахвочваюць на больш важкія працоўныя дасягненні. — Перш за ўсё мы клапоцімся, каб усе, хто задзейнічаны на палявых работах, атрымлівалі смачнае і каларыйнае харчаванне, — адзначае Віталь Віктаравіч. — У нашай сталовай гатуюцца і абеды, і падвячоркі, якія дастаўляюцца непасрэдна да месца работы. Вялікую ўвагу надаём ушанаванню лідараў пасяўной — у іх гонар выпускаюцца маланкі, падымаецца чырвоны сцяг. Механізатары маюць магчымасць сачыць не толькі за сваёй працай, але і за тым, як гэта атрымліваецца ў іх калег, паколькі штодня на МТП абнаўляецца экран спаборніцтваў. Да таго ж, персанальныя квіткі з інфармацыяй і аб зробленым, і аб заробленым уручаюцца кожнаму работніку. І самае галоўнае — ёсць добры настрой і ўпэўненасць, што з усім мы справімся годна. Маргарыта САКОВІЧ Фота аўтара

Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей