Па традыцыі да Дня смеху народны тэатр гульні і гумару “Капыльскія пацехі” падрыхтаваў гумарыстычна-музычную праграму. На гэты раз яна называлася “Справы сямейныя”.
Назва прэм’еры гаворыць сама за сябе. На суд гледачоў былі вынесены жартаўлівыя мініяцюры з жыцця. На сцэне РЦК час ад часу з’яўляліся “сямейныя пары” прадстаўнікоў розных пакаленняў, якія траплялі ў шматлікія сітуацыі.
Гумарыстычныя сцэнкі ўдала дапаўняліся музычнымі нумарамі ў выкананні кіраўніка тэатра Любові Галубовіч, салістаў Валянціны Зарамбоўскай, Вячаслава Курчыка, Юрыя Апановіча. Як і кожны год, “Капыльскія пацехі” адкрываюць новыя імёны. Не абышлося без гэтага і сёлета. Побач з добра вядомымі гледачу артыстамі Таццянай Вошкат, Сяргеем Цвірко, Любоўю Дубовік, Наталляй Лятчэня, Антонам Шышмаровым, Святланай Папок, Сяргеем Мялешкам, Вольгай Гурло на сцэне дэбютаваў Павел Шэін.
Кожны, хто прыйшоў на прэм’еру, ні на хвіліну не пашкадаваў. Амаль дзве гадзіны прадстаўлення праляцелі нібы адно імгненне. Гледачы атрымалі зарад пазітыву на доўгі час.
Сяргей КОЗЕЛ
На здымку: народны тэатр гульні і гумару “Капыльскія пацехі”.
Фота аўтара
Комментарии