[caption id="attachment_34990" align="alignleft" width="362"]
Зорны састаў джазавага аркестра. Леў Канаплянік – у цэнтры[/caption]
Леў Міхайлавіч Канаплянік, настаўнік Капыльскай дзіцячай школы мастацтваў, кіраўнік узорнага эстраднага аркестра, – чалавек, чый талент упрыгожыў маляўнічую карціну нашай роднай Капыльшчыны джазавымі адценнямі.
Усё пачынаецца з дзяцінства. Музыкай хлопчык захапіўся з маленства. А з малодшых класаў ён ужо хадзіў на рэпетыцыі і канцэрты эстраднага ансамб-ля, які быў створаны на базе СШ №2 г. Капыля. Слухаў, назіраў, вучыўся. Потым паступіў у дзіцячую музычную школу па класе фартэпіяна. На любімай гітары іграць навучыўся сам. Пазней зацікавіўся бардаўскімі песнямі ў выкананні Юрыя Візбара, Эрыка Крупа, Сяргея Нікіціна. У той час у Савецкім Саюзе існавала шмат таленавітых музыкантаў, у каго можна (і трэба!) было вучыцца: ВІА “Самацветы”, “Сіняя птушка” і інш. Было нямала цудоўных песень, якія вельмі прыемна і выконваць, і слухаць. Асаблівае месца займаў Уладзімір Мулявін з яго “Песнярамі”, творчасці якога Леў Міхайлавіч пакланяецца і зараз.
Свой першы дзіцячы калектыў Леў Канаплянік стварыў у пачатку 90-х. Гэта быў вакальна-інструментальны ансамбль, у якім, акрамя іншых выканаўцаў, былі і скрыпачы. Потым пакрыху пачаў уводзіць духавыя інструменты. Добрую дапамогу ў арганізацыі калектыву Леў Міхайлавіч атрымаў ад Беразоўскага Сяргея Уладзіміравіча, са-праўднага прафесіянала, які і сам іграў на флейце, і мог навучыць гэтаму іншых. нават Леў Міхайлавіч лічыць сябе яго вучнем.
А вось ідэя стварэння дзіцячага аркестра належыць былому дырэктару музычнай школы Валянціну Арсенцьевічу Мотузу. Дзякуючы, як цяпер кажуць, яго крэатыўнаму падыходу ў вырашэнні праблем, у 90-х набываліся музычныя інструменты.
Дарэчы, кожны дырэктар гэтай установы пакінуў свой след у гісторыі аркестра: ідэя Валянціны Віктараўны Ляшко – прыгожыя двухбаковыя камізэлькі. На долю ж Алены Васільеўны Валчкевіч падчас яе кіраўніцтва ДШМ выпала абарона аркестрам звання “ўзорны”. Менавіта яна займалася ўсімі арганізацыйнымі пытаннямі па падрыхтоўцы да гэтай яскравай падзеі. Кожнаму з іх Леў Міхайлавіч вельмі ўдзячны.
У тым, што існуе такі моцны музычны калектыў, Маэстра бачыць, перш за ўсё, заслугу сваіх калег, аднадумцаў. Зараз з ім побач настаўнікі: па класе трубы Кірыл Марыніч, па класе саксафона Дзмітрый Масілевіч, акардэона – Марыя Сільвановіч, скрыпкі – Алена Валчкевіч. Побач і сын – настаўнік па класе трамбона Алег Канаплянік. Шмат неабходнага і карыснага для існавання аркестра зрабіла начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Наталля Царкова. Падтрымлівае сённяшні дырэктар ДШМ Уладзімір Чаркас.
–
Ведаеце, – сціпла ўсміхаецца Леў Міхайлавіч (сціпласць – гэта ўвогуле адметная рыса яго характару)
, –
аднаму ўжо немагчыма справіцца. Бо аркестр – ён жа жывы, яму патрэбны “вузкія спецыялісты”.
І тут жа дабаўляе:
–
Уся цяжкасць падобнага аркестра ў тым, што дзеці, якія ў ім іграюць, вырастаюць. Толькі падрыхтуеш са-праўднага музыканта, – уздыхае Леў Міхайлавіч, –
а яму ўжо трэба паступаць далей. На змену прыходзяць маленькія. І... усё спачатку: індывідуальныя заняткі, групавыя – аб’яднаныя адным інструментам, зводныя рэпетыцыі.
[caption id="attachment_34989" align="alignright" width="310"]
Падчас адпачынку ў гарах. Леў Канаплянік першы злева[/caption]
Каб трапіць у аркестр, трэба прайсці адбор, такі ж, як пры прыёме ў музычную школу: на слых, тэмп, трэба быць не толькі таленавітым, але, перш за ўсё, вельмі працаздольным, бо работы тут – непачаты край. А гэта вытрымае не кожны. Але тыя, хто прайшоў “школу аркестра”, і сёння прыязджаюць да Льва Міхайлавіча, а калі трэба – то і выступіць могуць. Сярод “музычных” старажылаў настаўнік называе імёны бас-гітарысткі Таццяны Астрэйка, трамбаністаў Алега Загрывы і Святаслава Свяцкага, трубача Максіма Гусева, выканаўцы на ўдарных інструментах Багдана Шыпая, клавішніцы Ірыны Аўсюк. Адметна, што малодшы Свяцкі, Яўген, таксама іграе ў аркестры, толькі на клавішах. Вось такая дынастыя…
Многія лічаць, што, каб дасягнуць высокіх вынікаў, трэба быць чалавекам суровым. Аднак дазвольце з гэтым не пагадзіцца. Таму што сапраўдны Маэстра ўмее не проста зацікавіць хлопчыкаў і дзяўчынак ігрой. Тады што ж яшчэ? Можа, індывідуальны падыход? Ёсць і гэта. Строгі тон? Бывае і так. Асабісты прыклад – вось менавіта той сакрэт педагагічна-музычнага майстэрства, якога прытрымліваецца Канаплянік.
–
Калі патрабуеш ад некага, асабліва ад дзіцяці, сам павінен быць прыкладам, – перакананы Маэстра. –
А навязваць маленькаму чалавеку свой погляд – гэта не выхад. Не павінна быць супярэчнасці паміж тым, як ёсць і як павінна быць.
Менавіта такім прыкладам ва ўсім быў з дзяцінства для Льва і яго брата Барыса бацька – Міхаіл Фёдаравіч. Выхадзец з сялянскай сям’і, ён па-стаянна імкнуўся прывучыць сыноў да працы ўвогуле і на зямлі – у прыватнасці. Да сваіх асноўных абавязкаў – галоўны інжынер на Капыльскім заводзе гумавых вырабаў – таксама адносіўся з душой.
Аглядваючыся праз гады, Леў Міхайлавіч з удзячнасцю ўзгадвае цеплыню і пяшчоту першай настаўніцы з СШ №2 г. Капыля Корсакавай Валянціны Васільеўны, шчырасць і прынцыповасць класнага кіраўніка Рычык Алены Мікалаеўны, актыўнасць і неабыякавасць да жыцця настаўніка рускай мовы і літаратуры Валянціны Сямёнаўны Саўчанка. Так, год за годам, кожны з гэтых сапраўдных людзей пакідаў свой след у душы Маэстра, каб праз пэўны час адлюстравацца ўжо ў яго педагагічным таленце.
Калі бачыш шматлікія дыпломы, якімі ўзнагароджаны аркестр, міжволі задумваешся: “А калі Леў Міхайлавіч адпачывае?” Адказ? Вось ён у словах самога Маэстра:
–
Ведаеце, – ізноў праз сціплую ўсмешку, –
я шчаслівы чалавек, бо з радасцю іду на працу, таксама з радасцю – дамоў. А па-са-праўднаму я адпачываю на прыродзе. З сям’ёй і сябрамі часта вандруем на байдарках па рэках Беларусі. Некалькі гадоў таму разам з сынамі Алегам і Андрэем паднімаліся ў горы Каўказа, быў і на Цянь-Шані, у Фанскіх гарах.
Так, Леў Міхайлавіч па-сапраўднаму шчаслівы чалавек, бо побач з ім жонка-аднадумца Вольга, якая з разуменнем адносіцца і да творчага захаплення працай, і да веласіпедных вандровак на дачу, і да яго захаплення турызмам.
А якім жа бачаць настаўніка яго выхаванцы?
Слова – юным музыкантам:
Кірыл Несцер:
“Леў Міхайлавіч – чалавек-аркестр, для мяне ён лепшы настаўнік!”
Казімір Давідовіч:
“Гэта чалавек, які вельмі любіць джаз!”
Ягор Мароз:
“Вельмі добры настаўнік, які мяне навучыў многаму. І не толькі мяне”.
Андрэй Чыркун:
“Лепшы настаўнік, які выдатна вучыць дзяцей іграць на музычных інструментах”.
Фота Сяргея ЛАЗОЎСКАГА і з архіва Л. М. Канапляніка
Комментарии