Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

55

Светлае вызваленне

06.04.2014
Аб вызваленні Капыльшчыны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў у свой час шмат пісалі ў райгазеце капыльскія краязнаўцы: Б. К. Багдановіч, П. В. Сямёнаў, Л. М. Нікалаева, Ф. К. Абрамчык, У. К. Гурыновіч, М. У. Шэіна, Г. І. Арлоўская, супрацоўнікі раённага краязнаўчага музея і многія іншыя. Мне давялося звяртацца да іх матэрыялаў, архіўных даных і сваіх запісаў з прамоў былых франтавікоў падчас   сустрэч, якія наладжвала рэдакцыя газеты “Слава працы”. Так нарадзіўся нарыс. А хто яшчэ жыве з былых воінаў, хай дапоўніць звесткі пра незабыўныя дні вызвалення. У халодную зіму 1942 года з вуснаў у вусны перадавалася радасная вестка аб разгроме фашыстаў пад Масквой. Разрастаўся партызанскі рух, асабліва на Капыльшчыне, і вораг на сабе адчуў яго магутныя ўдары. Чырвоная Армія паспяхова пачала граміць гітлераўцаў на Ленінградскім напрамку. Герой Савецкага Саюза генерал-маёр Аляксандр Маркавіч Грыб успамінаў: “Сэрца радавалася: мы пры- блізіліся амаль ушчыльную да граніц роднай Беларусі, як душа мая рвецца на Капыльшчыну ў родныя Навасёлкі”. Яго 59-ты гвардзейскі полк прыблізіўся да вышыні каля вёскі Масцішча. Наш зямляк быў камандзірам 7-й стралковай роты і ў складзе 3-га батальёна спрабаваў узяць моцна ўмацаваную вышыню. Некалькі разоў хадзілі ў атаку, камбат загінуў, і 20-гадоваму лейтэнанту давялося ўзначаліць батальён. Ён павёў пехацінцаў на цвярдыню гітлераўцаў. Пад яго камандаваннем салдаты закідалі гранатамі дзоты ворага і выбілі кулямётныя гнёзды. Палкоўнік Пётр Іванавіч Рус сказаў: “Маладзец, Саша, ты самы малады афіцэр, прадстаўлю цябе да звання Героя”. Калінінскі фронт прыбліжаўся да Віцебшчыны, і батальён Грыба прарываў умацаванні ворага, але ў адным з баёў Аляксандр Маркавіч быў двойчы цяжка паранены. Байцы ўжо без яго ўступілі на тэрыторыю Беларусі. Злучэнні 4-й ударнай арміі разам з партызанамі вызвалілі каля 10 вёсак Палоўскага, Шаброўскага і Пудацкага сельсаветаў. Гітлераўцы спешна перакінулі з рэзерваў 4 дывізіі, і з 6 лютага 1942 года савецкія часці перайшлі да абароны. Наш зямляк з вёскі Камень таксама змагаўся тут, ён — наводчык супрацьтанкавай гарматы другой батарэі 145-й стралковай дывізіі Васіль Кірылавіч Дашукевіч. У баявых наступленнях дакладна наводзіў гармату і спыняў ворага. Вядомы наш зямляк – паэт Анатоль Астрэйка – пабываў у вызваленых раёнах, гутарыў з жыхарамі і затым у друку расказаў пра іх геройскія подзвігі. Анатоль Астрэйка, будучы сакратаром газеты “Раздавім фашысцкую гадзіну”, прабіраўся праз заслоны акупантаў да партызан многіх атрадаў Гомельскай, Пінскай і Мінскай абласцей. Сустракаўся і з капыльскімі партызанамі. А пасля сваім палкім словам на старонках газеты за- клікаў народ да барацьбы з ворагам. Пра подзвігі народных мсціўцаў расказваў у сваіх вершах у зборніку “Слуцкі пояс”. У залаты фонд Дзяржмузея ўваходзіць адзін экзэмпляр зборніка, прабіты куляй, якая выляцела далей і параніла друкара падпольнай друкарні Канановіча. Разгром вялікай групоўкі ворага восенню 1943 года на Курскай дузе ўзняў яшчэ больш баявы дух нашых салдат і ўнёс паніку ў рады фашысцкай нечысці. Гэта дало магчымасць прадоўжыць вызваленне нашай Беларусі. Але перамога далася нялёгка: у баях загінула шмат салдат, сярод якіх нямала ўраджэнцаў Капыльшчыны. У штурмавых атаках былі прашыты кулямі Мікалай Максімавіч Мароз з вёскі Лешня, Павел Аляксандравіч Жынкевіч з Гразаўка, Іван Васільевіч Дарафейчык з вёскі Вясёлае. На Курскай дузе ў баях паказалі ўменне граміць ворага наш вядомы зямляк з Быстрыцы капітан Іван Нічыпаравіч Коўзусь. Яго рота непадалёку ад легендарнай Прохараўкі змагла ўстаяць перад двума батальёнамі гітлераўцаў, і прарваць абарону ворагу не ўдалося. А  Рыгор Майсеевіч Несцерчык агнявым ударам артылерыі па фашысцкіх аўтаматчыках праклаў дарогу нашым наступаючым часцям. Трэці наш зямляк, капылянін Сяргей Іларыёнавіч Голуб, са сваёй батарэяй знішчыў 12 фашысцкіх самалётаў і не даў абрушыць сотні бомб і снарадаў на нашых пехацінцаў. Іосіф Сцяпанавіч Жук з Гарнастайлава наладжваў сувязь, парушаную гітлераўцамі, пад кулямі і разрывамі мін і снарадаў. Давялося яму вызваляць Случчыну,  марыў дайсці да Берліна, але быў цяжка паранены каля Слуцка. Васіль Андрэевіч Гарашчэня быў ужо вопытным афіцэрам і атрымаў загартоўку ў Сталінградскай бітве, але былы дырэктар Капыльскай СШ №1 не любіў расказваць пра свае подзвігі. На Курскай дузе ваявала шмат капылян, у іх ліку афіцэр з Домантавіч Арсенцій Паўлавіч Галушка і радавы са Старыцы Мікалай Андрэевіч Давідоўскі. Пасля пераможнай бітвы на Арлоў- ска-Курскім напрамку сілы ворага значна аслабелі, але фашысты яшчэ моцна трымаўся і стварыў стратэгічны абаронны рубеж па лініі Днепр-Сож. Ён называўся Усходні вал. Але ўжо нішто не магло стрымаць Чырвоную Армію, якая разгарнула наступленне ад Лоева да Днепрапятроўска. Але не ўдалося дасягнуць берага байцу з Думіч Браніславу Адамавічу Матусевічу. Калі да варожага рубяжа заставалася некалькі дзясяткаў метраў, у лодку адважных аўтаматчыкаў трапіў  снарад, і ўсе загінулі на Дняпры. Цудам удалося пераадолець водны рубеж камандзіру батарэі са сваімі артылерыстамі Міхаілу Сцяпанавічу Марозу з Капыля, Антону Трафімавічу Раіцкаму са сваёй ротай, радавому Васілю Яфімавічу Новікаву, Лідзіі Паўлаўне Бумажковай са сваім шпіталем. Дарэчы, гэтыя капыляне прайшлі праз пекла Сталінградскай і Курскай бітваў. 16 кастрычніка 1943 года быў захоплены плацдарм на ўчастку Лоеў-Радунь. Райцэнтр Лоеў размясціўся на стыку Дняпра і Сожа. Гэты гарадок са сваім батальёнам вызваляў Іван Нічыпаравіч Коўзусь з вёскі Быстрыца ў складзе 27-га стралковага корпуса 65-й арміі генерала Батава. Дарэчы, палкі гэтага военачальніка праз год вызваляць наш раён. Спачатку на плацдарме Коўзусь камандаваў ротай. Яго разведчыкі выявілі слабыя месцы ў абароне ворага, дружна атакавалі гітлераўцаў і выбілі іх з першага і другога эшалонаў. Але непрыяцель атрымаў свежыя сілы і спрабаваў скінуць чырвонаармейцаў у Днепр. Загінуў у гэтым баі камандзір батальёна, і Коўзусь замяніў камбата. Старшы лейтэнант узняў байцоў з акопаў і крыкнуў: “Рота, за мною!” Яго байцы першымі ўварваліся ў Лоеў. Ішлі жорсткія баі, фашыстаў выбівалі з кожнага дома і падвала. 17 кастрычніка горад быў вызвалены. Савецкіх воінаў жыхары сустрэлі з кветкамі. 65-я армія з баямі прасоўвалася ў бок Рэчыцы, і немцы, баючыся акружэння ў міжрэччы Сожа і Дняпра, паспешна адступалі. У адным з баёў камбата Коўзуся параніла асколкам міны ў нагу. Іван Нічыпаравіч трапіў у шпіталь. Пасля папраўкі ён зноў удзельнічае ў вызваленні Бацькаўшчыны. Іван ІГНАТЧЫК,   член ГА “Беларускі саюз журналістаў” (Працяг будзе)

Источник:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей