З вялікай цікавасцю прачытаў пісьмо Івана Сурмана ў «Слава працы». Захацеў выказаць свае меркаванні па гэтай спрадвечнай праблеме, якая, на жаль, стала традыцыйнай.
Хутка мяняюцца нашы рэаліі. Раней наіўна меркавалася, што мацерныя словы жывуць выключна ў цёмных падвалах і брудных падваротнях. Час гэты мінуў! Мат ужо даўно ўтульна адчувае сябе ў рэспектабельных кабінетах, сучасна абстаўленых кватэрах, у асабістых і службовых аўтамабілях. Пра грамадскі транспарт і гаварыць не даводзіцца: нішто часам не збліжае так нашых людзей, як расквечаны, адборны, густы мат у гадзіну пік!..
Можна пры чужых людзях, можна пры дзецях. Пры жанчынах і дзяўчатах таксама можна. Нікога гэта не хвалюе і не абурае. Я вельмі рэдка чую, каб хто-небудзь каго-небудзь дзе-небудзь хоць трошкі прысароміў за паганыя словы. Раней гэтую функцыю добраахвотна выконвалі бабулькі на лаўках, пажылыя жанчыны, старыя са свежай газеткай у кішэні. Цяпер такіх неабыякавых з гушчы народа бадай што няма. Зніклі кудысьці! На іх месца прыйшлі іншыя, з якімі лепш не звязвацца, паколькі аб’ём негатыўнай часткі слоўнікавага запасу прама прапарцыянальны працягласці іх жыцця...
Даўней жа толькі мужчыны ўжывалі мат, а жанчыны пасылалі праклёны сваім непрыяцелям. Заўважу, што, згодна з народным павер’ем, чалавек, які брыдкасловіць, абражае не столькі маці субяседніка, колькі сваю ўласную. У народнай традыцыі недапушчальнай лічылася лаянка на жанчыну: пад ёй з-за гэтага гарыць зямля-матухна. Асабліва нашы продкі асуджалі ўзаемную лаянку жанчын. Лічылася таксама небяспечным лаяцца на дзяцей: інакш на тым свеце дзеці адвернуцца ад маці, якая на іх лаялася, не пазнаюць яе. Бацькоў жа, якія такім чынам клянуць сваіх дзяцей, чакаюць смяротныя пакуты, на іх асу-джана і само дзіця. Аблаянае дзіця могуць забраць злыя сілы. Забаранялася лаяцца і на свойскую жывёлу — пры выпасе, даенні, на вадапоі. Лаянка прыцягвала хваробы не толькі хатніх, але і дзікіх звяроў — гэта добра ведалі нашы продкі-паляўнічыя. Ні ў якім выпадку нельга было лаяцца ў хаце, пры абразах, каля печкі. Памятаю, як мая бабуля Таццяна з капыльскай вёскі Садавічы прыводзіла ў доказ такую прымаўку: «Сказаў бы, ды печка ў хаце...» Меркавалі, што мат вельмі не падабаецца дамавіку. Баючыся лесавіка, не лаяліся ў родным лесе, баючыся палевіка — не лаяліся ў полі. Нашы культурныя продкі лічылі, што брыдкія словы прыцягваюць нячыстую сілу, а ў хату, дзе людзі лаюцца, пранікаюць гора ды бяда. Анёлы ж, наадварот, пакідаюць такое жытло.
Сёння ж, у пачатку ХХІ стагоддзя, наогул невядома, каму можна аддаць лідарства ў «мастацтве мацюкацца»: вельмі шмат прэтэндэнтаў развялося! Вялікіх і малых, дзядуляў і ўнукаў, бацькоў ды сыноў, бабуль, дзяўчат ды кабетак... На жаль, мат у нашым быце стаў масавай з’явай.
Давайце жыць без брыдкай лаянкі! Давайце казаць толькі добрыя і прыгожыя слоўцы, людцы!
Канстанцін КАРНЯЛЮК,
г. Віцебск
Комментарии