Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

34

С творчеством по жизни

14.10.2010

Сёлета падчас жніва на палявым стане ў вытворчым сельскагаспадарчым кааператыве “Семежава” сустрэлася з Аляксандрам Анашко. Тым самым маленькім ткачом, які разам з народнымі майстрамі дзесяць гадоў таму прадстаўляў Капыльшчыну на І абласным свяце-конкурсе “Матчыны кросны” ў Старых Дарогах і стаў дыпламантам конкурсу. Фота-здымак з газеты, дзе Саша Анашко сядзіць за кроснамі ў час работы з’езда ткачоў Капыльшчыны, настолькі ўрэзаўся ў памяць, што, убачыўшы праз гады ўжо ўзмужнелага чалавека, я адразу пазнала яго.

— Як жа так, ручнікі ткаў, а пайшоў у аграномы?! – здзіўлена звярнулася я да свайго суразмоўцы.

— Вы ведаеце, адно другому не перашкаджала, — усміхнуўся Аляксандр. – Маё захапленне ткацтвам, наадварот, дапамагала ў жыцці.

Ён навучыўся ткаць у бабулі Марыі Іванаўны Кулак, да якой наведваўся ў Ляхавіцкі раён. У Семежаўскай СШ займаўся ў гуртку ткацтва, а пасля гэтай справе вучыўся ў Галіны Іванаўны Войцік пры мясцовым СДК. Яго настаўнікам была і вядомая ткачыха Валянціна Кіеня. Тады на свяце “Матчыны кросны” яна стала лаўрэатам і вельмі ганарылася, што выхавала такога таленавітага дыпламанта. Саша на конкурсе вырабіў фрагмент семежаўскага ручніка чырвона-белага колеру. Кожную нітачку перабіраў уручную і гэтым пакарыў не толькі членаў журы, але і гледачоў. Майстэрству ткацтва вучыліся многія дзяўчынкі і яшчэ адзін хлопчык – Дзяніс Сечка, які пазней стаў электрагазазваршчыкам. А Саша падаўся на радзіму маці – закончыў Ляхавіцкі аграрны каледж, атрымаў прафесію агранома. Цяпер яму 23 гады, вучыцца на ІІІ курсе агранамічнага факультэта Гродзенскага аграрнага ўніверсітэта.

Цікава, што яго малодшы брат Яўген, у адрозненні ад Сашы, больш захапляецца спортам. Таксама звязаў свой лёс з сельскай гаспадаркай, працуе заатэхнікам-селекцыянерам і, як старэйшы брат, завочна вучыцца ў вышэйшай навучальнай установе.

Сям’і Аляксандра Анашко гаспадарка прадаставіла ўтульную кватэру ў рэканструяваным пад жыллё былым дзіцячым садзе. Жонка Святлана, юрыст па адукацыі, цяпер у дэкрэтным водпуску. Гадуюць сына Паўліка.

Што яшчэ хвалюе сёння Аляксандра, маладога брыгадзіра, любячага мужа і клапатлівага бацьку? Аказваецца, не дае спакою творчая жылка. Праўда, ткацтвам ужо не займаецца. Захапляецца разьбой па дрэве, пераймае азы майстэрства ў настаўніка працы Семежаўскай СШ Міхаіла Шыка. Купіў станок, майструе паліцы, розныя вырабы. Цяпер працуе над дэкаратыўнай падводай, якая ўпрыгожыць двор сваяка. Праўда, пазнаёміць са сваёй новай работай мой суразмоўца адмовіўся, маўляў, не закончана, добра было б у гатовым выглядзе паказаць. Але гэта адбудзецца крыху пазней, калі завершыцца ўборка ўсіх сельгаскультур. Бо восеньская пара надзвычай клапатлівая для маладога брыгадзіра.

Марыя ШЭІНА

Фота аўтара


admin_222 Автор:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей