[caption id="attachment_34756" align="alignleft" width="300"]
Урок вядзе Юрый Зялёны[/caption]
Юрый нарадзіўся ў Мінску ў 1991 годзе ў творчай сям’і. Маці, Таццяна Вікенцьеўна, — мастак, часта прывозіла сына на Капыльшчыну ў родную вёску Чарнічнае. Там бабуля Галіна Фёдараўна Барташэвіч прывівала ўнуку павагу да прыроды роднага краю, любоў да ўсяго жывога. Таму цікавасць да біялогіі ў Юрыя пачала развівацца з ранняга дзяцінства. У час навучання ў ДУА “Слабадакучынская СШ” ён праявіў сябе здольным і працавітым вучнем. Актыўна ўдзельнічаў у алімпіядным руху, конкурсах мастацкай самадзейнасці. Усё яго цікавіла. Гэта быў настолькі дапытлівы вучань, што не даваў праходу настаўнікам, азадачваў іх, імкнуўся дадаткова займацца пасля асноўных заняткаў і многа чытаў. Значны ўплыў на выбар прафесіі аказалі ўрокі біялогіі, якую выкладала Ірына Мікалаеўна Дзенісюк (сённяшні кіраўнік практыкі).
Юрый спачатку марыў, што яго будучая прафесія будзе звязана з біялогіяй. Таму пасля заканчэння 10-га класа роднай школы ён паступае ў Ліцэй №2 г. Мінска (хіміка-біялагічны клас), актыўна займаецца навуковай дзейнасцю пад кіраўніцтвам выкладчыка ВНУ Юліі Вішнеўскай, прымае ўдзел у шматлікіх алімпіядах, навукова-практычных канферэнцыях. Яго навукова-экалагічны праект “Магчымасць выкарыстання фруктовых лупін для ачышчэння вадаёмаў ад цяжкіх металаў” на рэспубліканскім этапе становіцца лепшым. Затым паездка ў Маскву, удзел у Міжнароднай канферэнцыі студэнтаў, аспірантаў і маладых навукоўцаў “Ламаносаў-2009”, якая праходзіла ў МДУ. За гэта дасягненне Юрый атрымлівае спецыяльную прэмію Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі.
У 2009 годзе здзяйсняецца школьная мара — Юрый Зялёны паступае ва ўстанову адукацыі “МДЭУ імя А. Дз. Сахарава” на факультэт экалагічнай медыцыны, спецыяльнасць “медыка-біялагічная справа”. У час навучання ва ўніверсітэце яшчэ больш яскрава праяўляюцца здольнасці і талент будучага вучонага. Ужо на першым курсе — удзел у Міжнароднай канферэнцыі маладых вучоных, аспірантаў, магістрантаў, студэнтаў “Экалогія чалавека і праблемы навакольнага асяроддзя ў постчарнобыльскі перыяд” з дакладам “Арганічная сельская гаспадарка” (2010). На другім курсе ён выступае на Міжнароднай канферэнцыі (г. Краснадар) з тэмай “Выкарыстанне ксілатрофных базідыёаміцэтаў для разбурэння стойкіх забруджвальнікаў у навакольным асяроддзі”. Гэта работа аб грыбах, што жывуць на дрэвах, здольных разбураць лігнін і іншыя складанаарганічныя крыніцы забруджвання. Затым зноў выступленне ў Маскве. Тэма навуковай работы вельмі важная: “Плесневыя грыбы як біядыструктары будаўнічых матэрыялаў жылых памяшканняў, і іх адмоўны ўплыў на здароўе чалавека”. У 2012 го-дзе прымае ўдзел у VI Міжнароднай студэнцкай алімпіядзе “Экалагічная бяспека” (г. Харкаў). Узнагароджаны шматлікімі дыпломамі.
Акрамя навуковай дзейнасці Юрый з’яўляецца актыўным удзельнікам інтэлектуальнай гульні “Што? Дзе? Калі?” у складзе каманды “Eko Sapiens”, здымаўся на тэлебачанні. Зусім нядаўна ўдзельнічаў у XV Міжнародным тур-ніры “Белавежская зіма-2013” (г. Брэст).
На пытанне, чаму прыехаў на практыку ў вёску, ён адказаў:
— Пакідалі ў Мінску. Але вырашыў прайсці практыку ў роднай школе, паспытаць крыху настаўніцкага хлеба. Цягне мяне ў родныя мясціны. Маральна лягчэй дома, у любімай школе, чым у горадзе. Вельмі ўдзячны педагагічнаму калектыву за дапамогу, падтрымку і парады.
У кожнага чалавека, які жыве на Зямлі, ёсць сваё прызначэнне. Часта мы задумваемся: для чаго мы жывём на свеце? Якая наша роля? Магчыма, гэта любімая прафесія — справа ўсяго жыцця для Юрыя Зялёнага.
Барыс ДЗЕНІСЮК,
намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце ДУА “Слабадакучынская СШ”, кіраўнік рэгіянальнага цэнтра вуснагістарычных даследаванняў
Комментарии