Навучэнцы ДУА “Слабадакучынская СШ” прынялі актыўны ўдзел у рэспубліканскім конкурсе праектаў па азеляненні тэрыторый «Цветочный стиль». У намінацыі «Магия ароматов» атрыманы Дыплом ІІ ступені (абласны этап).
Кіраўнік праекта — настаўнік геаграфіі Наталля Бохан. Разам са сваімі навучэнцамі Наталля Леанідаўна многае зрабіла, каб родная школа стала адной з самых прыгожых у раёне. Таму настаўнік не менш, чым геаграфію, любіць усё тое, што звязана з экалогіяй.
Добраўпарадкаваннем прышкольнай тэрыторыі ва ўстанове адукацыі займаюцца шмат гадоў. Ужо створаны: аддзел агародніны, альпійская горка, міксбордзеры, цэнтральныя клумбы, камяністы і аптэкарскі сады.
Работа па рэалізацыі творчага праекта пачалася яшчэ ў сакавіку 2013 года. Навучэнцы школы пад кіраўніцтвам і непасрэдным удзелам Наталлі Бохан заклалі кветнік (81 кв. м) з духмяных раслін у пейзажным стылі. Аснову кампазіцыі склалі аднагадовыя і шматгадовыя духмяныя расліны (алісум, гваздзікі, бархатцы, лілеі, ружы, меліса, лаванда, хрызантэмы, мята, чабор і іншыя). Створана жывая агароджа з кізільніку. Усе расліны падбіраліся да мясцовага мікраклімату. У маі-чэрвені праводзілася стрыжка кустоў, паліў, фарбаванне цэментнага ромба ўнутры кветніка. У жніўні падведзены вынікі. Творчая справаздача ўключала тэарытычнае апісанне, мэты і задачы, вынікі праекта і фотаматэрыялы з прэзентацыяй.
«Сад ароматов» і дагледжаная прышкольная тэрыторыя выхоўваюць у навучэнцаў пачуццё прыгажосці, любові да роднага краю. Гэта месца, дзе школьнікі праводзяць многа часу на перапынках, пасля ўрокаў, падчас адпачынку ў аздараўленчым лагеры. Забеспячэнне максімальна камфортных умоў для навучання, выхавання і развіцця — адна з найважнейшых задач сучаснай адукацыі.
Барыс ДЗЕНІСЮК,
намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце ДУА “Слабадакучынская СШ”
Комментарии