Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

39

«Па старых вуліцах Капыля”

25.03.2014
[caption id="attachment_34730" align="alignleft" width="310"] Тут будзе возера. Здымак 1970-х гадоў[/caption] Даведка Зараз у горадзе знаходзяцца тры безыменныя штучныя возеры, і адносяцца яны, як мяркуецца, да басейна р. Морач. Рака гэта пачынаецца каля в. Вошкаты на Капыльскай градзе на вышыні 210 м над узроўнем мора, цячэ ў Слуцкім, Клецкім і Салігорскім раёнах. Упадае яна ў Случ недалёка ад в. Морач Салігорскага раёна. Асноўныя прытокі: Удава, Мажа, Волка,  Вызенка.  Рэчышча  амаль  на  ўсім  працягу каналізаванае. Пачынаючы размову пра блакітную прыгажосць азёр, у першую чаргу, мы ўзгадаем, што і адна з легендаў нашага горада звязана з вадой – а дакладней з ракой Каменкай. Менавіта яна бруілася каля высокіх сценаў замка. На яе хвалях гойдаліся княжацкія лодкі. Але здарылася непрадбачанае: загінуў сын чараўніцы, што жыла нападалёк. У роспачы пракляла яна і замак, і рэчку. Сабрала ўсю ваду з Каменкі і схавала яе ў нетры Замкавай гары. Толькі невялікая рачулка засталася ад Каменкі ды тая крынічка, вада з якой сёння славіцца сваёй празрыстасцю і смакам. Старажылы гавораць, калі раскапаць Замкавую гару, вырвецца адтуль вада і пакрые сабою наваколле. 1. Вось такая гісторыя з геаграфіяй Гэта, як кажуць, была прыказка. Аднак, калі мы гаворым пра рэкі і азёры нашага горада, павінны абавязкова ўлічваць і геаграфічныя асаблівасці яго размяшчэння. Месца, дзе пабудаваны Капыль, было амаль цалкам абаронена прыроднымі перашкодамі. Узгорак, на якім зараз знаходзіцца цэнтр горада, з трох бакоў быў абмежаваны рэчкамі Каменкай і Мажай, а ў раёне сучаснай вуліцы Пралетарскай і далей, на паўднёвы захад, калісьці спускаліся некалькі глыбокіх яроў. У першую чаргу яны таксама малі абарончае значэнне. Мікалай Мароз у кнізе “Капыль і Магдэбургскае права: нарысы з гісторыі горада XIV – XIX стагоддзяў” прыводзіць наступныя факты: “Інвентар 1693 года змяшчае звесткі, якія можна разглядаць як інфармацыю аб існаваўшай раней сістэме абароны Замка. Яна таксама ўключала водныя перашкоды. Пералік сажалак маёнтка ўключаў наступныя ў Капылі: “сажалка пад самым Замкам; сажалка ў канцы вала; сажалка пад Замкам; сажалка за Гарадской Студняй; сажалка за Млынам перад Горадам; сажалка за дарогай да Слуцка; сажалка пад Гарой Капыльскай”. Гэтыя вадаёмы, звязаныя з Замкам і бліжэйшымі да яго тэрыторыямі, успрымаюцца як выкарыстаныя для гаспадарчай дзейнасці [caption id="attachment_34732" align="alignright" width="310"]Лодачная станцыя на старым возеры, 1969 г. Лодачная станцыя на старым возеры, 1969 г.[/caption] рвы былых умацаванняў. Але сажалка “за дарогай да Слуцка” ў той час была ўжо “пустая”, сажалка “пад Замкам” мела патрэбу ў ачыстцы. І хаця некаторыя сажалкі былі зарыблены карпам (“пад Гарой Капыльскай”), але адчувалася, што гэтая гаспадарка ў заняпадзе. У інвентары гэтага ж года ўспамінаецца “Гарадская Студня”, якую звычайна рабілі на Рынку. Але ў Капылі на Рыначнай плошчы студні не было. Аднак захаваліся ўспаміны аб “Гарадской Студні”, што знаходзілася недзе ў нізіне, паблізу Замка. Менавіта яны дазваляюць выказаць меркаванне аб месцазнаходжанні рыначнай плошчы старадаўняга Капыля, у тым ліку і на тэрыторыі ад паўночнага схілу Замкавай Гары да рэчкі Мажа. Зараз на гэтым месцы ёсць крыніца, якую можна звязаць з назвай “Гарадская Студня”. Што тычыцца тэрыторыі па-за межамі замка, дык тут, на правабярэжжы р. Каменкі, у ХVІІ-ХVІІІ стагоддзях віравала актыўнае жыццё нашага мястэчка”. 2. Як гэта было У народзе азёры нашага горада называюць Старое і Новае. Старое возера было ўтворана штучна ў 1968 годзе і займае 11,5 га, а яго водазмяшчэнне складае 210 тыс. м3. Новае ж з’явілася ў 1976 годзе і заняло тэрыторыю ў 22 га, водазмяшчэнне – 440 тыс.м3. Як павядамляе “СП” ад 7 красавіка 1977 года, на будаўніцтве Новага возера ў выхадныя дні працавалі сотні капылян: “з ахвотай адзярноўвалі дамбу, залівалі бетон, укладвалі бардзюрныя пліткі на тратуарах, прыводзілі ў парадак зялёную зону адпачынку. Затрат было зроблена вельмі мала, а вось работа выканана вялікая і патрэбная”. Ёсць яшчэ побач з гэтымі сажалкамі і самая новая, але назву яна так і не атрымала. Некаторыя з жыхароў Капыля памятаюць, што на гэтым, некалі балоцістым месцы, жылі бабры і знаходзілася іх плаціна. Недзе ў 90-х гадах ХХ стагоддзя тут таксама запрудзілі і зрабілі возера. Займае яно 4,6 га і аб’ём складае 69,2 тыс. м3.  Але асаблівай папулярнасцю вадаём не карыстаецца, хіба што ў рыбакоў. 3. Успаміны пра мінулае [caption id="attachment_34733" align="alignleft" width="233"]Ідзе будаўніцтва дамбы каля Новага возера, 70-я гады Ідзе будаўніцтва дамбы каля Новага возера, 70-я гады[/caption] Як успамінае дырэктар музея Валянціна Шуракова, у сярэдзіне 60-х гадоў мінулага стагоддзя кожныя выхадныя яна разам з татам хадзіла на лодачную станцыю, якая знаходзілася на старым возеры. На гэтым жа беразе быў шырокі пясчаны пляж. Там жа збіралася і моладзь, каб пагушкацца на вялікіх арэлях, якія стаялі побач. Пры гэтым хлопцы і дзяўчаты набіралі такую вышыню, што дух займала! Пра месца, дзе зараз знаходзіцца Новае возера, капылянка Таццяна Бурак, 1931 г. н., гаворыць, што раней яно называлася Грэбелька. Спякотнымі днямі 30-х гадоў ХХ стагоддзя туды вадзілі выхаванцаў дзіцячага садка, у тым ліку і яе, маленькую дзяўчынку. Паважаныя ЧЫТАЧЫ! Набліжаецца юбілейная дата – 740-годдзе з дня заснавання Капыля. Звяртаемся да вас: калі маеце цікавыя звесткі пра мінулае горада або фотаздымкі, то дасылайце ў рэдакцыю. Мы разам напішам новыя цікавыя старонкі пра наш Капыль! Старонку падрыхтавала  Дзіяна ТКАЧЭНКА. Фота з архіва Капыльскага раённага краязнаўчага музея

Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей