Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

25

Дыпламантамi не нараджаюцца...

24.03.2014
У рэспубліканскім конкурсе даследчых работ, які штогод праводзіць Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, капыльскія школьнікі пад кіраўніцтвам настаўнікаў з зайздросным пастаянствам паказваюць высокія вынікі. Сёлета прыемныя навіны прыйшлі ў сярэднюю школу №2 г. Капыля: адразу дзве работы адзначаны ў гэтым прэстыжным мерапрыемстве. Дыплом III ступені атрымала даследчая работа “Дыялектызмы як сродак стварэння мясцовага каларыту ў рамане Цішкі Гартнага “Сокі цаліны” вучаніц 11 “А” класа Васілісы Ермаловіч і Лізаветы Асіповіч пад кіраўніцтвам настаўніцы беларускай мовы і літаратуры Таццяны Колас. Тэма, як высветлілася, была абрана невыпадкова. “Наша школа носіць імя слыннага пісьменніка і грамадскага дзеяча, таму вывучэнне яго жыццёвага і творчага шляху мы лічым сваім абавязкам, — патлумачыла Таццяна Анатольеўна. — Чытаючы раман “Сокі цаліны”, у першай квадры якога Цішка Гартны адлюстраваў жыццё роднага мястэчка Капыль пачатку ХХ стагоддзя, мы зацікавіліся вялікай колькасцю мала зразумелых сучаснаму чытачу слоў – дыялектызмаў. Вырашылі высветліць іх значэнне, асаблівасці. А потым падумалі, што калі аўтар ужыў іх у творы пра родныя мясціны, ды яшчэ ў такой колькасці, то яны характэрныя для мясцовай гаворкі, адзнака мясцовага каларыту. Так нарадзілася ідэя даследчай работы”. Для больш поў- нага і дакладнага адлюстравання менавіта гэтай старонкі творчасці вядомага земляка, якая мала даследавана, вучаніцы разам з настаўніцай наведалі Цэнтральную навуковую бібліятэку імя Я. Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і працавалі з выданнямі 1926, 1930 гадоў. Цяжка назваць іншы школьны прадмет, які валодаў бы такім шырокім, як геаграфія, дыяпазонам міжпрадметных сувязей, меў бы такую разнастайнасць формаў і сродкаў навучання. Менавіта так можна сказаць пра наступную работу, якую правялі вучань 8 класа Мацвей Матусевіч і настаўнік геаграфіі Анатоль Сікорскі. Анатоль Мікалаевіч фарміруе ў вучняў усвядомленае стаўленне да прадмета, якое ператвараецца ў якаснае авалодванне пэўнымі ведамі. “Школьная перепись — зеркало социально-демографической ситуации района” — такая незвычайная тэма прынесла творчаму тандэму вучня і настаўніка Дыплом III ступені. Як адзначыў Анатоль Мікалаевіч, уся даследчая работа са школьнікамі накіравана на краязнаўчую дзейнасць. Яе вынікам сталі энцыклапедыя «Копыльщина от А до Я», геаграфічны краязнаўчы атлас і многае іншае. У аснову апошняй работы ўвашлі дэмаграфічныя паказчыкі па школе: гэта і колькасны састаў вучняў, настаўнікаў, бацькоў, і нацыянальны састаў, і занятасць школьнікаў, і сацыяльная прыналежнасць вучняў і бацькоў. Дзякуючы даследаванню ўдалося правесці параўнальны аналіз з перапісам насельніцтва 1999, 2009 гадоў. Праз такі від дзейнасці, як даследчая работа, бясспрэчна, фарміруюцца свядомасць, творчыя якасці вучняў, павышаецца ўзровень ведаў. Зыходзячы з вынікаў рэспубліканскіх конкурсаў апошніх гадоў, у школьнікаў і настаўнікаў другой адзінаццацігодкі гэты напрамак развіваецца даволі ўдала. Сяргей ЛАЗОЎСКІ Фота аўтара

Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей