Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

56

А боль застаецца…

24.03.2014
[caption id="attachment_34705" align="alignleft" width="300"] палкоўнік у адстаўцы Аляксандр Каспяровіч у час святкавання Дня Перамогі ў Цытадэлі над Бугам[/caption] Асабліва гэтыя словы набываюць сваю актуальнасць у юбілейны год святкавання вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх акупантаў. Бо страты, нанесеныя вайной, як матэрыяльныя, так і духоўныя, надзвычай вялікія. Але самае цяжкае з усяго, што страціла наша Беларусь, – гэта людзі. У гэтым яшчэ і яшчэ раз пераконваешся, калі чытаеш рэспубліканскую кнігу “Памяць. Беларусь”, больш глыбока асэнсоўваеш трагедыю вайны на ўзроўні малой адміністрацыйнай адзінкі – вёскі, сельсавета, раёна. Да ліку такіх адносіцца і Капыльскі раён. Тут за час вайны акупанты загубілі каля сямі тысяч мірных жыхароў, не адну сотню партызан. Звыш пяці тысяч чалавек не вярнуліся з франтавых дарог. Пры гэтым было зруйнавана 28 вёсак, некаторыя з якіх пасля вайны не адрадзіліся. У адным толькі былым Камсамольскім сельскім Савеце налічваецца некалькі брацкіх магіл савецкіх воінаў і партызан, іншых ахвяр фашызму. Велічны помнік па іх ушанаванні ў 1969 годзе быў устаноўлены непадалёк ад вёскі Камсамольская. Гэта стэла з барэльефнымі выявамі партызана, воіна, жанчыны і імёнамі тых, хто загінуў. А гэта аж 323 землякі – савецкія воіны, мясцовыя партызаны і мірныя жыхары. Хіба такое можна забыць ці дараваць нелюдзям, якія пакінулі на нашай зямлі крывавы след разбурэння, а разам з ім і пякучы боль у нашых сэрцах? Менавіта пра гэта гаворыць пасляваенны выпускнік Камсамольскай сярэдняй школы Аляксандр Каспяровіч, а цяпер жыхар г. Брэста: – Мне было ўсяго сем гадоў, калі наш раён 1 ліпеня 1944 года быў вызвалены ад нямецка-фашысцкіх акупантаў воінамі 1-га Беларускага фронту і мясцовымі партызанамі, – успамінае Аляксандр Паўлавіч і дадае: – Гэта было сапраўднае свята! У той летні надвячорак хлопчык разам з дзедам Сямёнам бавіў час ля мясцовага сельмага. Гаворка ў асноўным вялася пра набліжэнне Чырвонай Арміі да суседніх вёсак, аб жаданых пераменах, якіх доўга чакалі. Калі ж сонца ўжо было нізка над зямлёй, раздаўся прыглушаны гул матораў, а потым і крыкі людзей: – Немцы… Немцы… Немцы… – Уцякайма ў лес… – Хутчэй у лес, у Балакова! Урочышча Балакова сваімі высокімі дрэвамі ды густым кустарнікам заўсёды ратавала вяскоўцаў ад небяспекі з боку ворагаў. Неўзабаве ў бліжэйшы лес з тым жа крыкам “немцы” ўжо імчала ўся вёска. Падхапіўся з месца і Саша… А потым нехта выкрыкнуў: – Людзі, вяртайцеся назад, гэта ж ідзе Чырвоная Армія! Затым вёску запоўнілі танкі з чырвонымі зоркамі, іншая баявая тэхніка, салдаты і афіцэры са стомленымі тварамі. Нехта з іх падняў высока над галавой чырвоны сцяг – пачаўся мітынг з кароткімі прамовамі, радаснымі крыкамі “Ура!” ды дружнымі воплескамі. Свяціўся сонцам і твар хлопчыка. Цяпер Саша Каспяровіч быў упэўнены, што ён будзе хадзіць у школу, займацца на беларускай мове, абавязкова стане танкістам. Усю ноч хлопчыку ўяўлялася светлая будучыня, ад празмернай радасці часцей білася ў грудзях сэрца. А яшчэ добра памятае ён дні вучобы ў першым класе. На некалькі дзясяткаў вучняў знайшлося толькі чатыры буквары, а школьныя сшыткі сшывалі з рэзаных абояў, на чарніла, як правіла, някепска выкарыстоўваліся чырвоны бурак ды сажа з дымахода. Саша Каспяровіч добра зарэкамендаваў сябе з першых дзён вучобы. Дапамагаў па гаспадарцы бацькам. Каб вадзілася нейкая капейчына ў хаце, маці пасылала свайго любімага сыночка ў райцэнтр прадаваць курыныя яйкі. Так ён паступова зарабляў грошы на падручнікі, сшыткі, каляровыя алоўкі. З не меншым імпэтам удзельнічаў і ў выпуску насценных газет – такіх як “За вучобу”, “Юны літаратар” ды “Калючка”. Здольнасці свайго вучня заўважылі настаўнікі, некаторыя з іх прадказвалі яму шчаслівы лёс літаратара, ці, скажам, настаўніка. Але першая спроба паступіць на філфак Мінскага педагагічнага інстытута імя Максіма Горкага аказалася няўдалай. А ў сям’і разам з ім – аж шасцёра дзяцей! Што рабіць? Цвёрдае рашэнне Саша Каспяровіч прыняў на сенавале: ён абавязкова будзе танкістам, і толькі! І вось сабраны чамадан, куплены білет на пасажырскі цягнік. Неўзабаве за плячыма засталіся Мінск, Масква, наперадзе – Саратаў, танкава-тэхнічнае вучылішча. Конкурс – 10 чалавек на месца, але ён паспяхова праходзіць медыцынскую камісію, здае ўступныя экзамены. Пасля  трох гадоў вучобы ў горадзе над Волгай Аляксандр Каспяровіч паспяхова закончыў вучылішча па спецыяльнасці “Ваджэнне танкаў над вадой” і, знайшоўшы сваю “палавінку”, аказаўся на… Кольскім паўвостраве. “Цяпер я служу намеснікам камандзіра батальёна плаваючых танкаў на паўвостраве, які абмываецца Баранцавым і Белым морамі, мае сваю тундру і лесатундру, каштоўныя карысныя выкапні. Што да зім, то яны халодныя і снежныя, але за мяне не хвалюйцеся: клімат тут на ўзбярэжжы знаходзіцца пад уплывам цёплага Паўночна-Атлантычнага цячэння”, – пісаў малады афіцэр дадому бацькам у Капыльскі раён. Побач з ім свой жаночы характар гартавала і яго “палавінка”. Някепска спраўляўся ён і з абавязкамі сакратара парткама танкавага палка, удзельнічаў у рабоце Усесаюзнай нарады сакратароў партыйных арганізацый Узброеных Сіл СССР у Маскве… Падпалкоўнік, а потым і палкоўнік Аляксандр Каспяровіч вельмі ганарыўся, што служыць у Савецкай Арміі, той самай, якая ў пасляваенны час з’яўлялася гарантам міру, спакою на савецкай зямлі. Яму нават страшна было падумаць, што Германія можа яшчэ калі-небудзь напасці на Савецкі Саюз, паўтарыць свой крывавы след. Не-не ды і ўсплывалі ў яго памяці ў час службы на далёкай Поўначы брацкія магілы ў яго родным краі, спаленыя фашыстамі вёскі, іх ахвяры. Нават значная адлегласць ад Кольскага паўвострава да Капыля, як і хуткаплынны час, не маглі прыглушыць душэўны боль ад вялізных страт, якія прынесла яго землякам вайна. – Якім бы ні было ўрачыстым і вялікім свята, а боль застаецца, – прызнаецца ветэран Узброеных Сіл СССР, а цяпер палкоўнік у адстаўцы Аляксандр Каспяровіч, брэстаўчанін са шматгадовым стажам, дарэчы, ужо даўно ўдзячны лёсу шчаслівы дзядуля. Яго ўнучка Наташа паспяхова закончыла Брэсцкі педагагічны інстытут імя А. С. Пушкіна, працуе псіхолагам. А таму і радасць ад сустрэч з ёю часта прыглушае душэўны боль, кліча ў асяродак такіх жа, як ён, людзей. Аляксандр Паўлавіч – кіраўнік адной з камісій Савета ветэранаў Маскоўскага раёна г. Брэста, чалавек непаседлівы, прыхільнік здаровага ладу жыцця. Да таго ж кнігалюб, цікавы суразмоўца. Дык няхай жа яшчэ доўга не пакідае Вас, шаноўны Аляксандр Паўлавіч, светлае зямное шчасце. Мікола ПАНАСЮК, член Саюза пісьменнікаў Беларусі, г. Брэст

Источник:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей