Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

40

"Лоцвінскія ўдалухі"

14.10.2010
Аматарскаму  аб’яднанню “Лоцвінскія ўдалухі”споўнілася адзінаццаць гадоў. Мастацкі кіраўнік Лоцвінскага сельскага Дома культуры Галіна Дрожжа ўжо і не памятае, у каго першага ўзнікла ідэя стварэння падобнага клуба. Пэўна, яна выцякала з той накіраванасці выступленняў удзельнікаў мастацкай самадзейнасці ўстановы, дзе гаспадарыць не толькі песня, але і гумар. Лоцвінскія артысты – жаданыя госці не толькі ў клубах, але і ўстановах, прадпрыемствах раёна. Бібліятэкар Валянціна Шыманская не ўступае нікому па майстэрству выканання баек, сатырычных мініяцюр, а ў пары з Галінай Дрожжай яны ўвасабляюць маленькі народны тэатр. Вось з гэтага ўсё і пачалося. Спачатку лекавыя травы былі галоўнай атрыбутыкай іх выступленняў. А пасля да  Дрожжы і Шыманскай далучыліся яшчэ некаторыя ўдзельнікі мастацкай самадзейнасці, якія вырашылі гучна заявіць аб сабе, узяўшы за аснову каларыт мясцовай кухні. А назву прыдумалі такую - “Лоцвінскія ўдалухі”. Гэта ў знак прызнання роднай зямлі, што ўскарміла і выхавала, дала сілы для працы, для творчасці. Сёння не толькі ў раёне, але і ў рэспубліцы ведаюць, што ёсць на Міншчыне Капыльскі раён, а ў ім – прыгожая вёска Лоцвіны. Там вясной буйна цвітуць сады, у кожнай хаце жывуць дбайныя гаспадары. А ўжо пра лоцвінскіх удалух гаворка асобная: такія стравы прыгатуюць, што пальчыкі абліжаш. Праўда, членаў аматарскага аб’яднання больш цікавіць не сучасная кухня, а тая, што была асновай жыцця нашых продкаў і перадаецца з пакалення ў пакаленне. — Выступалі ў Мядзелі на фестывалі “Пеўчае поле”, — расказвае Галіна Віктараўна. – Прымаўкамі, песнямі звярнулі на сябе ўвагу расіян. Кажам: “Вось паспрабуйце нашу каўбаску, шляхецкую ласку!” І прапануем мачанку з гэтай самай ласкай ды яшчэ разам з пульхнымі блінамі. Адзін наш госць успомніў, што і ў яго родным краі некалі нешта было падобнае. І пакуль ішло адведванне стравы, лоцвінскія ўдалухі наперабой расказвалі, што мачанка ў іх асаблівая, што так адмыслова яе з грыбамі і каўбаскай альбо з языком гатуюць толькі ў Лоцвінах. Галіна так смачна расказвала, што я, таксама ўраджэнка Лоцвін, успомніла страву, якая лепш за ўсё атрымліваецца ў маёй мамы – запечаны ў чыгунку пеўнік са смятанай і цыбуляў. А колькі асалоды да- стаўляе капусны расол з бочкі, прыпраўлены смятанай і цыбуляй. Ды ўсё гэта з гарачай бульбачкай! Тут жа мастацкі кіраўнік запісала рэцэпты ў спецыяльны сшытак, каб потым выкарыстаць у сваім чарговым кулінарным шоу. “Лоцвінскія ўдалухі” выступалі і на свяце горада ў Мінску, гучна клікалі да свайго стала жыхароў і гасцей сталіцы. Частавалі іх не толькі байкамі, але і дранікамі, калдунамі, блінчыкамі з самай рознай начынкай, разнасоламі, салодкімі прысмакамі. Пад усю гэту смакату добра пайшла і медавуха. А гаспадыні ў нацыянальных беларускіх строях нагадалі гасцям: стол багаты таму, што гаспадарку весці – не рукавом трэсці і, толькі дзякуючы старанням і працавітасці, будзе дастатак у хаце, будуць здаровымі расці дзеці, унукі, праўнукі… Аматарскі клуб праслаўляе свой край на шматлікіх святах у розных кутках Беларусі, пастаянна ўдзельнічае ў “Зажынках”, “Дажынках”, кірмашах. Да кожнага мерапрыемства рыхтуюцца зага-дзя. Для таго каб прадставіць дастойна Лоцвіны, на кухні шчыруюць не толькі Галіна Дрожжа і Валянціна Шыманская, а таксама заатэхнік Жанна Шахоўская, бухгалтар Жанна Пісарык, сацыяльны работнік Ірына Хмялеўская, дырэктар школы-сада Ала Жылка, кухонная рабочая Жанна Юха і санітарка Наталля Клочка, настаўніца Людміла Жук, свінарка Алена Кудзін, пенсіянеркі Соф’я Шыманская і Вера Фурсевіч. Адначасова пішацца і сцэнарый чарговага мерапрыемства, які спалучаецца з мясцовым фальклорам, гісторыяй вёсак Бабаўнянскага сельсавета. Так што выступленне “Лоцвінскіх удалух” – гэта яшчэ і сапраўдная вандроўка ў гісторыю, якая напоўнена ўсмешкамі, трапнымі выразамі, водарам страў, што былі і застаюцца для беларуса неад’емнай часткай яго жыцця. Марыя ШЭІНА

admin_222 Автор:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей