У журналісцкай рабоце галоўнае – быць па-трэбным. А патрэба гэта заключаецца ў цікавасці грамадства да навін. Таму мы, журналісты, актыўна працуем для людзей, каб яны былі ў цэнтры галоўных падзей раёна і краіны. Нездарма кажуць, хто валодае інфармацыяй, той валодае светам.
Казіміра Мікалаеўна Ганчар, старшыня Капыльскага раённага Савета ветэранаў, менавіта з тых людзей: заўсёды цікавіцца навінамі на старонках раёнкі. Таму мы вырашылі пагутарыць з ёй і больш падрабязна даведацца, чаму важнае месца ў яе жыцці займае “Слава працы”?
– З першага дня, калі я, маладая, пачала працаваць у Капылі, падпісалася на раённую газету. Дарэчы, я сама з раёна, таму мне заўсёды было цікава ведаць, чым дыхае Капыльшчына і што тут адбываецца, – падзялілася з намі Казіміра Мікалаеўна.
Казіміра Ганчар нарадзілася ў вёсцы Выня Бабаўнянскага сельсавета. Пасля заканчэння Пружанскага сельскагаспадарчага тэхнікума чатыры гады працавала ў Баранавіцкім раёне, потым вярнулася на радзіму, дзе была аграномам. Трэба адзначыць, што 30 гадоў плённай працы прайшлі ва ўпраўленні сельскай гаспадаркі і харчавання Капыльскага райвыканкама. З 2003 года яна ўзначальвае Капыльскі раённы Савет ветэранаў. І падчас усёй працоўнай дзейнасці “Слава працы” была разам з ёй. Казіміра Мікалаеўна смела кажа, што раёнка для яе заўсёды была на першым месцы.
– Я, як прадстаўнік сельскай гаспадаркі, асаблівую ўвагу надаю матэрыялам аграпрамысловай сферы. Але і іншыя падзеі не менш цікавыя. Падабаецца, што ў кожным нумары можна бачыць разнастайныя інфармацыі, – расказвае Казіміра Мікалаеўна. – У гэтым годзе адзначаецца 70-годдзе вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, а ў наступным – 70-годдзе Вялікай Перамогі, таму вельмі хочацца, каб гэта тэма актыўна асвятлялася ў раёнцы. Мы ведаем, што ўдзельнікаў і ветэранаў вайны засталося мала, але спадзяёмся, што яны разам з намі сустрэнуць радасную падзею Перамогі, і пра іх зноў напішуць у “Слава працы”. Што датычыцца аўтараў, то вылучаю для сябе прастату і зразумеласць матэрыялаў. Такія адметныя рысы маюць матэрыялы больш вопытных журналістаў – Маргарыты Саковіч і Марыі Шэінай, падабаецца лаканічнасць тэкстаў Уладзіміра Скрыпінскага. Сярод малодшых супрацоўнікаў люблю праглядваць фотаздымкі Сяргея Лазоўскага з лёгкімі для чытання матэрыяламі, а таксама зазірнуць у гісторыю Капыля разам з Дзіянай Ткачэнка.
Як лічыць Казіміра Мікалаеўна, галоўным для журналіста ў яго працы павінна быць камунікабельнасць і добрыя адносіны да чалавека, тады і матэрыял атрымаецца зразумелым і цікавым.
Павел ШЭІН
Фота аўтара
Комментарии