Ідэалагічны работнік — гэта той спецыяліст, які павінен быць сярод людзей, вывучаць іх настрой, праблемы, інфармаваць пра гэта кіраўніцтва для аператыўнага вырашэння хвалюючых пытанняў. Акрамя таго, яго задача — стварыць такую атмасферу, каб у кожным калектыве ведалі, хто і як працуе.
Менавіта ўсіх гэтых патрабаванняў прытрымліваецца ў сваёй дзейнасці намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце ААТ “Старыца-Агра” Ірына Каваленка. На гэтай адказнай пасадзе Ірына Рафаілаўна ўжо амаль тры гады. За гэты час яна дасканала вывучыла ўсе аспекты ідэалагічнай работы, патрэбы і праблемы працоўнага калектыву, стала надзейным сувязным звяном паміж ім і адміністрацыяй сельгаспрадпрыемства. Пагутарыўшы з Ірынай Рафаілаўнай, можна пераканацца, што яна — упэўнены чалавек, які валодае ведамі не толькі ў сферы палітыкі, эканомікі, але і ў сацыяльнай псіхалогіі. Знайсці падыход да кожнага — не вельмі проста, але ў яе гэта атрымліваецца.
Разам са сваім актывам ідэолаг праводзіць дні інфармавання, сустрэчы з працоўнымі калектывамі, вывучае грамадскую думку, пэўную ўвагу ўдзяляе мерапрыемствам па выкананні Дырэктыў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, арганізоўвае падпіску на перыядычныя выданні, рыхтуе матэрыялы на лепшых працаўнікоў, чые імёны заносяцца на Дошку гонару. Немалаважнае месца адводзіцца рабоце з грамадскімі арганізацыямі.
Вельмі цеснае супрацоўніцтва наладжана з прафсаюзным камітэтам ААТ “Старыца-Агра”. Разам распрацоўваюцца ўмовы спаборніцтва, падводзяцца іх вынікі, адпаведна, і ўшанаванне перадавікоў у розных галінах.
— Прэміі ў нашай гаспадарцы для лепшых працаўнікоў даволі адчувальныя, таму гэта з’яўляецца добрым стымулам для высокапрадукцыйнай работы, — адзначае Ірына Рафаілаўна. — А што датычыцца супрацоўніцтва з прафкамам, то сумесна арганізоўваем экскурсійныя паездкі, наведванне фізкультурна-аздараўленчага комплексу ў Капылі, уручаем падарункі да юбілеяў, Новага года, наведваем хворых у бальніцы, стараемся дапамагчы ў самыя цяжкія хвіліны і г. д. Думаю, многім нашым працаўнікам запомніўся навагодні агеньчык, на які сабралася каля ста жадаючых.
Для дабрабыту мясцовых жыхароў заканчваецца газіфікацыя аграгарадка Старыца (для падводу газу гаспадарка аказвае беспрацэнтную дапамогу ў памеры 10 млн рублёў), таксама да іх паслуг — два фірменныя магазіны, у якіх працаўнікі маюць магчымасць зрабіць пакупкі ў кошт заработнай платы.
Словам, у “Старыцы-Агра” робіцца ўсё для таго, каб людзі тут затрымліваліся, адчувалі высокі ўзровень жыцця. Дарэчы, і Ірына Каваленка прыжылася ў гэтых мясцінах. Родам з Казахстана, але па волі абставін свой лёс звязала з Беларуссю. У “Старыцы-Агра” яна з 2003 года. Спачатку працавала галоўным энергетыкам, а цяпер з’яўляецца намеснікам дырэктара па ідэалагічнай рабоце. Выгадавала дачку і сына, а зусім нядаўна стала бабуляй і радуецца двум унукам.
Сяргей КОЗЕЛ
Фота Паўла ШЭІНА
Комментарии