Самым галоўным у сваім жыцці загадчык ДУА “Яслі-сад №1 г. Капыля” Анжэла Валер’еўна Кішко лічыць любоў да дзяцей.
Менавіта таму і стараецца, каб у дашкольнай установе педагогі дапамагалі дзецям атрымліваць не толькі патрэбныя веды і ўменні, але і аддавалі часцінку сваёй душы, бо кожнае дзіця мае права разлічваць на ўвагу, клопат і любоў.
Да выканання абавязкаў загадчыка Анжэла Валер’еўна адносіцца надзвычай творча. Яна лічыць, што ў самым патаемным кутку ўнутранага свету кожнага чалавека ёсць свая струна, якая гучыць непаўторна. Таму, каб сэрца адгукнулася на патрэбныя словы, неабходна правільна настроіцца на лад гэтай струны. У калектыве Анжэла Валер’еўна імкнецца знайсці падыход да кожнага чалавека.
Пэўны час калектыў працуе над рэалізацыяй педагагічнага праекта “Укараненне сістэмы ўзаемадзеяння “педагог-дзіця-бацькі” ў працэсе далучэння дашкольнай установы да культурных традыцый роднага краю”. Выбар тэмы невыпадковы: выхоўваць патрыёта трэба пачынаць з самага ранняга ўзросту. Таму ўсе мера- прыемствы, якія адбываюцца ў дзіцячай установе, вучаць шанаваць Радзіму не толькі хлопчыкаў і дзяўчынак, але і іх бацькоў.
Да таго ж, Анжэла Валер’еўна з’яўляецца дэпутатам раённага Савета дэпутатаў 26-га склікання. Выконваючы абавязкі народнага выбранніка, яна імкнецца рэагаваць на просьбы жыхароў акругі, дапамагае вырашаць пытанні паляпшэння жыцця, быту грама- дзян і добраўпарадкавання прысядзібных тэрыторый.
Але жыццё для Анжэлы Валер’еўны — гэта не толькі праца. Як і для большасці жанчын, галоўнае месца займаюць гаспадарка і сям’я. Дома яна любімая жонка і пяшчотная маці. Сыны Арцём і Аляксей у дадзены момант з’яўляюцца студэнтамі вышэйшых навучальных устаноў. Для таго, каб заўсёды знаходзіцца ў добрым настроі і дарыць людзям цяпло, неабходны зарад станоўчых эмоцый. Анжэла Валер’еўна атрымлівае іх на прысядзібным участку, дзе ад ранняй вясны і да позняй восені радуюць вока сваёй шматколернасцю кветкі.
Дзіяна ТКАЧЭНКА
Комментарии