У адкрытым акцыянерным таварыстве “Душава” на пачатку лютага была праведзена праверка санітарнага парадку на фермах і прыфермскіх тэрыторыях, выканання рэгламенту ўтрымання, кармлення буйной рагатай жывёлы і атрымання прадукцыі жывёлагадоўлі.
пазней (26 лютага) быў арганізаваны сумесны рэйд супрацоўнікаў Капыльскай райветстанцыі і рэдакцыі газеты “Слава працы” з мэтай праверыць, наколькі выкананы выяўленыя праверкай недахопы.
На малочнатаварную ферму “Кацельнікі” прыехалі падчас дзённага даення кароў. Перш за ўсё цікавімся, што змянілася за апошнія два тыдні. Аказалася: практычна ніякіх станоўчых змен не адбылося. Тэрыторыя фермы захламлена, пад’язныя шляхі да сянажнай траншэі забруджаны, не добраўпарадкаваны. Нованароджаныя цяляты знаходзяцца ў антысанітарных умовах за даільнай залай, у прыстасаваным памяшанні, дзе, дарэчы, раней складваліся будматэрыялы. Малодзіўны перыяд не вытрымліваецца.

На МТФ “Кацельнікі”, дзе летась была праведзена рэканструкцыя з будаўніцтвам новага даільна-малочнага блока, не прадугледжана радзільнае аддзяленне. Каровы целяцца там, дзе і ўтрымліваюцца. І ўвогуле агульнае ўражанне ад санітарнага стану фермы, добраўпарадкавання яе тэрыторыі вельмі прыкрае. Ніяк яна не адпавядае статусу рэканструяванай.
Цікавімся, як утрымліваюцца суха-стойныя каровы. Яны размешчаны ў асобным памяшканні, падасланыя, маюць вольны выхад у выгульны двор, на кармавых сталах сена, але… у карытах мы не ўбачылі вады! Не было ў кармушках і ніякіх мінеральных дабавак.

— У прадпісанні, якое будзе выда-дзена на імя дырэктара сельгаспрад-прыемства, мы запішам шэраг патрабаванняў, абавязковых для выканання, — адзначае галоўны ветэрынарны ўрач раёна Леанід Паляшчук. — У першую чаргу трэба выключыць з рацыёну сухастойных і дойных кароў нядобраякасныя кармы, ачысціць пад’язныя шляхі да сянажных і сіласных траншэй. Неабходна таксама забяспечыць аптымальныя санітарна-гігіенічныя патрабаванні ўтрымання нованароджаных цялят, навесці парадак на прыфермскай тэрыторыі.

Лагічна было задацца пытаннем: а як утрымліваюцца цяляты на іншых малочнатаварных фермах гаспадаркі? З гэтай мэтай мы наведаліся на
МТФ “Душава”. Паводле слоў загадчыцы фермы Алы Жогла, за люты на ферме ўжо нарадзілася 24 цяляты, абсталявана радзільнае аддзяленне. Адразу пасля з’яўлення на свет (праз паўгадзіны — гадзіну) цяляткі атрымліваюць малодзіва, якім іх кормяць на працягу ўсяго малодзіўнага перыяду. “На другі дзень свайго жыцця малыя пераводзяцца ў прафілакторый, — працягвае расказ Ала Аляксандраўна, — дзе за імі да-глядаюць даяркі. Маладняк атрымлівае малако і замяняльнік натуральнага малака — за дзень па 6-8 л. У кожнай кармушцы пастаянна ёсць кукуруза з аўсом, камбікорм КР-1, мінеральныя дабаўкі, фелуцэн, у яслях — сена. Праз 20 дзён цялят перадаём на дарошчванне ў іншыя цялятнікі: бычкоў — у Навасёлкі, а цялушак пакідаем на сваёй ферме”.

Заглянуўшы ў прафілакторый, дзе, дарэчы, ішла ўборка, убачылі на свае вочы, што цяляткі здаровыя, накормленыя, маюць усё неабходнае і ўдосталь. Вельмі прывабна выглядае і прыфермская тэрыторыя. Практычна такую ж карціну ўбачылі і на
МТФ “Печураны”, дзе не было ніякіх пытанняў па ўтрыманні цялят. Значыць, усё ж такі праблема, узнікшая на МТФ “Кацельнікі”, мае чалавечы твар. Няма парадку — няма і выніку.
Маргарыта САКОВІЧ
На здымках: 1,2 — Прыфермская тэрыторыя: МТФ “Кацельнікі” і МТФ “Душава”; 3,4 — Парадак у памяшканнях: МТФ “Душава” і МТФ “Кацельнікі”; 5,6 — Утрыманне жывёлы: МТФ “Кацельнікі” і МТФ “Печураны”.
Фота аўтара
Комментарии