Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

45

У Год гасціннасці едзем у Віцебск

02.03.2014
[caption id="attachment_33984" align="alignleft" width="174" caption="Свята-Уваскрэсенская царква"][/caption] Свае выхадныя дні можна зрабіць традыцыйнымі маленькімі водпускамі. Прычым на працягу ўсяго працоўнага года.  У адзін з выхадных раю пабываць у горадзе Віцебску. Чаму? Віцебск – адзін з самых старажытных гарадоў Беларусі. Ён размешчаны на рацэ Заходняя Дзвіна, у сутоках рэк Віцьба і Лучоса. Назву горад атрымаў ад ракі Віцьба. Пералічу летапісныя назвы – Видбеск, Видебск, Витьбеск, Витепеск. Паводле археалагічных даследа-ванняў, чалавек пасяліўся тут яшчэ ў каменным веку. Віцебскі летапіс С. Аверкі 1768 года, які складзены на падставе матэрыялаў М. Панцырнага, называе заснавальніцай горада кіеўскую княгіню Вольгу. Як сведчаць археалагічныя раскопкі, на месцы сучаснага Віцебска існавала паселішча ўжо ў ІХ ст. Розныя пісьмовыя крыніцы называюць дзве адметныя даты, якія можна лічыць датамі першага ўспаміну аб горадзе. Першую  (974) сустракаем у рукапісе  Міхала Панцырнага, другую (1021) – у старажытных летапісах. Бясспрэчна, што і ў XXI стагоддзі самым  велічным і прыгожым у абласным цэнтры з’яўляецца старажытны цэнтр горада – гарадзішча (Замкавая гара), якое размяшчалася на левым беразе Віцьбы на высокім узгорку. Яшчэ ў ІХ – пачатку Х ст. вакол Замкавай гары ўзніклі тры паселішчы крывічоў. А ў выніку аб’яднання паселішчаў на мяжы Х-ХI ст. склаўся горад. Віцебск мае зручнае геаграфічнае размяшчэнне: праз яго праходзілі не толькі  гандлёвыя шляхі з “вараг у грэкі”, але і  з Волгі ў Варажскае мора. У 1441 г. горад быў названы ў ліку 15 найбуйнейшых гарадоў ВКЛ. Пазней у драўляным грамадскім і культавым дойлідстве склалася самабытная Віцебская школа дойлідства. У 1898 г. Бельгійскае акцыянернае таварыства пабудавала ў Віцебску першую на Беларусі трамвайную лінію з электрычнай цягай: сёння ў горадзе ёсць Народны музей гісторыі віцебскага трамвая. У 1898 г. заснавана мастацкая школа-майстэрня Ю. Пэна. У маёнтку Здраўнёва пад Віцебскам у 1892–1900 гг. жыў і працаваў рускі мастак Ілья Рэпін: сёння тут дзейнічае музей-сядзіба. У 1919–23 гг. працавала створаная Маркам Шагалам народная мастацкая школа, у якой выкладалі К. Малевіч, Р. Фальк, С. Юдовін. Прычым пры гэтай школе існаваў музей сучаснага мастацтва. Яшчэ ў 20-я гг. ХХ стагоддзя ў Віцебску сфарміравалася  мастацкая школа, якая ў сусветнай мастацтвазнаўчай літаратуры атрымала назву “віцебскай школы абстракцыянізму” (Пэн, Шагал, Малевіч) і ў наш час вядома ва ўсім свеце. У 1926 г. адкрыўся Другі Беларускі тэатр: сёння госці горада могуць наведаць Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа.  Сучаснае музычнае жыццё Віцебска сканцэнтравана вакол абласной філармоніі. У горадзе працуюць абласны краязнаўчы музей, мастацкі музей, музей Марка Шагала, Арт-цэнтр імя М. Шагала. У Віцебску традыцыйна  праводзяцца больш за 30 фестываляў. Сярод міжнародных найбольш вядомыя – “Славянскі базар у Віцебску” і фестываль сучаснай харэаграфіі. Турысты з цікавасцю пазнаёмяцца з помнікамі айчыннай архітэктуры. А гэта Дабравешчанская царква ХІІ ст., ратуша XVI-XVIII ст., базыльянскі і трынітарскі манастыры, Касцёл св. Варвары ХVIII ст., Казанская царква 1760 г., Успенская адзінаверская царква канца XVIII - пачатку IX ст. І, дарэчы, як помнік горадабудаўніцтва XVI-XVIII ст. у абласным цэнтры створана гісторыка-архітэктурная зона з фрагментамі забудовы вуліц, жылымі дамамі, будынкамі грамадскіх устаноў XVIII - пачатку XX ст. Дарагія сябры! Старажытны і заўсёды малады Віцебск чакае вас у любы час. У любую пару года ён прыгожы і адметны. Тут вы зможаце адпачыць душой, сустрэць новых сяброў, пазнаёміцца з гасціннымі віцяблянамі. Канстанцін КАРНЯЛЮК, г. Віцебск      

Источник:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей