Пра тое, што ён будзе настаўнікам, Барыс Дзенісюк ведаў ужо недзе з пятага класа. Што гэта прафесія не толькі вельмі цікавая, але і надзвычай адказная, тлумачыць хлопцу лішні раз не трэба было, паколькі яго матуля Тамара Міхайлаўна аддала педагогіцы 33 гады свайго жыцця. А бацька Мікалай Канстанцінавіч — колішні дырэктар саўгаса “Крыніца” — навучыў сына быць адказным за свае ўчынкі, за лёс іншых людзей, мець заўсёды актыўную жыццёвую пазіцыю.
[caption id="attachment_33678" align="alignleft" width="300" caption="Барыс Дзенісюк"]
[/caption]
Дарэчы, такую навуку Барыс Дзенісюк атрымліваў і ад сваіх настаўнікаў. З захапленнем у гутарцы ён успамінаў сваю першую настаўніцу Веру Максімаўну Кашубу, Рыгора Канстанцінавіча Несцерчыка, настаўніка гісторыі Слабада-Кучынскай сярэдняй школы, якую Барыс Мікалаевіч скончыў у 1984 годзе. Менавіта гэтыя педагогі навучылі яго любіць і ведаць гісторыю роднага краю, бачыць у простых вясковых працаўніках яе стваральнікаў і прадаўжальнікаў справы сваіх бацькоў і дзедаў. Дарэчы, адметная рыса характару сённяшняга намесніка дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Слабадакучынскай СШ — менавіта ўдзячнасць тым людзям, сустрэчы з якімі ўзбагацілі яго духоўны свет, дапамаглі фарміраванню яго характару, паўплывалі на светапогляд.
А затым была вучоба ў Мінскім педінстытуце імя М. Горкага на прыродазнаўчым факультэце (дарэчы, Барыс Мікалаевіч, як і маці, атрымаў спецыяльнасць “настаўнік геаграфіі і біялогіі”), вельмі цікавыя практыкі, падчас якіх ён змог пабываць у самых розных кутках Савецкага Саюза. Назаўсёды засталіся ў памяці Барыса Дзенісюка работа ў студэнцкіх будаўнічых атрадах, выступленні за гонар інстытута на спаборніцтвах па футболе, лёгкай атлетыцы. Асобным радком у яго біяграфіі праходзіць служба ў Групе савецкіх войскаў у Германіі, скачкі з парашута (усяго 13), уражанні ад знаходжання ў хаця і дружалюбнай, але чужой краіне.
Лета 1991 года стала памятным для Барыса Мікалаевіча па некалькіх прычынах. Па-першае, ён атрымаў такі жаданы дыплом аб заканчэнні вышэйшай навучальнай установы, па-другое, праз месяц пасля выпускнога адбылося вяселле, і галоўнымі віноўнікамі ўрачыстасці на ім сталі былыя аднакурснікі (і нават аднагрупнікі) Барыс і Ірына – з таго дня ўжо Дзенісюкі. Іх працоўная біяграфія пачалася ў Грозаўскай школе-інтэрнаце, а праз год маці Барыса Мікалаевіча пайшла на заслужаны адпачынак, тым самым саступіўшы сыну месца ў школе ў Сл.-Кучынцы.
З таго часу жыццё Барыса Мікалаевіча цалкам запаланілі настаўніцкія клопаты, напружаная праца па пашырэнні экспазіцыі школьнага музея, затым з’явіўся клуб “Патрыёты Радзімы”, а ў мінулым годзе — рэгіянальны цэнтр вуснагістарычных даследаванняў. А паралельна — шырокая пошукавая работа па аднаўленні і захаванні імён загінуўшых землякоў, сустрэчы, перапіскі са шматлікімі аднадумцамі, сябрамі, проста людзьмі, неабыякавымі да свайго мінулага, цеснае супрацоўніцтва з рэдакцыяй газеты “Слава працы”, куды ён дасылае свае допісы. І галоўнае, што разам з ім заўсёды яго вучні. Прынамсі, гэта і ёсць асноўная задача педагога: навучыць школьнікаў быць неабыякавымі, удзячнымі за свой шчаслівы лёс пад мірным небам, уважлівымі да патрэб людзей, якія жывуць побач, збіраць па крупінках і захоўваць гісторыю сваёй краіны.
Напэўна, імкненне дапамагаць тым, хто мае ў гэтым патрэбу, і прывяло Барыса Мікалаевіча ў 2010 годзе ў дэпутацкі корпус. Аднавяскоўцы без ваганняў абралі яго ў раённы Савет дэпутатаў. “Я імкнуся зрабіць так, каб жыхары нашых маленькіх вёсачак адчувалі сябе больш камфортна, — дзеліцца Барыс Дзенісюк. – Таму заўсёды адгукаюся на ўсе звароты, што паступаюць у мой адрас, стараюся дапамагчы, параіць, нарэшце, проста абмеркаваць з чалавекам яго праблему”.
Маргарыта САКОВІЧ
Фота аўтара
Комментарии