Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

75

«Лоцвiнскiя ўдалухi»:з любоўю да вяскоўцаў

12.02.2014
У марозны зімовы дзень у Лоцвінскім СДК на сваім працоўным месцы рыхтуюць новую забаўляльную праграму дзве заўзятыя ўдалухі – мастацкі кіраўнік Галіна Дрожжа і бібліятэкар Лоцвінскай сельскай бібліятэкі Валянціна Шыманская. Абедзве – вясёлыя жанчыны і добрыя гаспадыні. І калі ні завітаеш да іх у клуб – заўсёды пачастуюць чымсьці незвычайна смачным. У гэты візіт на стале разам з духмяным чаем –  самаробны сыр і мёд ад сваіх   пчолаў.  Павольна ідзе гутарка, як кажуць, аб жыцці-быцці. [caption id="attachment_33580" align="aligncenter" width="443" caption="Віншаванні ад “удалух” прымае перадавы вадзіцель РСУП “Бабоўня” Анатоль Янушка"][/caption] Успамінаюць, што пасля таго, як у Лоцвінскі сельскі Дом культуры прыйшла працаваць Галіна Віктараўна, вакол яе пачалі збірацца маладыя жанчыны і дзяўчаты. Захацелася ім арганізаваць свой клуб, каб можна было проста, па-жаночы, пасядзець, пагаварыць, абмеркаваць хатнія справы, калі трэба, то і параду якую даць-атрымаць. А потым неяк самі па сабе з’явіліся рэцэпты і прыгатаваныя па іх стравы. Аднак спачатку гэта была не толькі ежа беларускай кухні. Так, у 1999  годзе  нарадзілася аматарскае аб’яднанне нацыянальнай кухні “Лоцвінскія ўдалухі”. Самі жанчыны, Галіна Віктараўна і Валянціна Антонаўна, энергічныя, любяць людзей актыўных ды культурных. Таму і сабралі разам у так званым жаночым клубе 12 такіх жа ўдалух. — Ведаеце, — праз усмешку расказвае  Галіна Дрожжа, — у адной з удзельніц клуба, Ірыны Хмялеўскай, тры дачкі. Дзве старэйшыя ўжо замужам, а самую малодшую мы гадавалі разам. Яе, зусім яшчэ немаўлятка, калыхалі ў калысачцы па чарзе. Выглядала гэта так: мама на сцэне спявае, а іншыя ўдалухі за кулісамі калышуць дачушку. Зараз на ўсіх мерапрыемствах сям’я выступае разам. Так прынята ў клубе: на пасяджэнні жанчыны прыходзяць разам з мужчынамі. Дарэчы, фактычна прадстаўнікоў моцнай паловы ў аматарскім аб’яднанні няма… Але хіба ж можна абысціся ў творчай справе без мужчынскіх спеваў ці жартаў? Таму на ролях прадстаўнікоў моцнай паловы “працуюць” сам кіраўнік Лоцвінскага сельскага Дома культуры Уладзімір Дрожжа (ён жа і муж Галіны Віктараўны), Станіслаў Цвірка, Віктар Ганчар і, калі з’яўляецца вольны час, далучаецца муж Валянціны Антонаўны — Сяргей Шыманскі, які працуе слесарам на ферме. Новы працоўны год для ўдзельнікаў клуба, як і заўсёды, пачаўся з удзелу ў калядным абрадзе “Цары”, дзе яны прадстаўлялі выставу “Калядныя прысмакі ад “Лоцвінскіх удалух”. Амаль у гэты ж час для аднавяскоўцаў правялі гульнёвую праграму “В кругу друзей”. А на навагоднія агеньчыкі запрашалі шмат землякоў з розных гарадоў і вёсак Беларусі: і моладзь, і старэйшае пакаленне — усе знайшлі час пры-ехаць. І таму сёння ўспамінаюць, што госці са сталіцы высока ацанілі святы: “Нават у Мінску так не адпачнеш!” Успамінаючы мінулы год, Галіна Віктараўна з усмешкай узгадвае ўсе яскравыя (а іншых і не бывае!) мерапрыемствы. Прымалі ўдзел у раённым аглядзе калектываў тэатральна-драматычнага жанру з праграмай “На клубным ганку” і ў свяце “Масленічныя забавы” ў аграгарадку Лясное, у справаздачы народных калектываў у РЦК, выступалі на абласным фестывалі беларускай песні і паэзіі ў Маладзечне, у свяце горада ў Мінску “Табе, мой горад, прысвячаю”, абласным свяце “Слуцкія паясы”, у раённым і рэспубліканскім этапах рэспубліканскага свята “Уладар вёскі”. Вельмі цікавым атрымалася свята вёскі ў Бабоўні. “Ох, і вясёлае свята зладзілі!” — усміхаецца Валянціна Антонаўна. Гатавалі прысмакі для майстар-класа на СТБ, які праходзіў дома ў тых самых “уладароў вёскі” Лазарэвічаў, бо вельмі ж яны дбайныя і добрыя гаспадары. Святлану прынялі ў свой клуб “Лоцвінскія ўдалухі”. Спадзяюцца жанчыны, што і Валерый стане актыўным удзельнікам аб’яднання. [caption id="attachment_33582" align="aligncenter" width="300" caption="Галіна Дрожжа"][/caption] Размаўляючы з Галінай Дрожжа і Валянцінай Шыманскай, разумею, што для жанчын няма мяжы паміж работай і жыццём. Ці ж гэта не шчасце?! — А як жа хатнія справы? Як гаспадарка? Сям’я? — пытаюся. — Ці не атрымліваецца так, што і муж, і дзеці крыху пазбаўлены ўвагі? — Пра нашы хатнія справы і гаспадарку, — тут жа падхоплівае Валянціна Антонаўна, — хочацца сказаць словамі з песні ”Нам песня строить и жить помогает”, але крышачку перайначыць: ”Нам праца ў культуры дапамагае і гаспадарку весці, і лапці плесці”. Мы ўсюды працуем з душой: і дома, і на рабоце, таму ўсё і спорыцца. Да таго ж, вельмі любім простых вясковых людзей. А калі мы на гастролі едзем, на дапамогу прыходзяць надзейныя суседзі, якія, калі трэба, паглядзяць за гаспадаркай. — Гаспадарку мы трымаем такую, як усе вяскоўцы, — дадае Галіна Віктараўна, — куры, свінкі, кароўка, а мой гаспадар вельмі любіць пчолак, мае 20 вуллёў, і, мабыць, з Божай дапамогай, мы ўсё паспяваем. Гадуем дзвюх дачушак, яны ўжо дарослыя, жывуць і працуюць у Мінску. Старэйшая замужам. Бацькоў не забываюць, прыязджаюць, дапамагаюць, але ж не ў святы, бо калі людзі святкуюць, мы — працуем. Дзеці паважаюць нас і нашу працу. Але за сямейным святочным сталом, на жаль, не так часта сустракаемся. Нават Новы год адзначаем у Доме культуры. Таксама і мая калега, Валянціна.  Яна, дарэчы, бясконца добрая жанчына, аддасць апошняе, абы толькі ўсім радасна было! На дні нараджэння, на вяселле ці провады ў армію заўсёды любімым пляменнікам пячэ вялізныя тарты. Яны такія смачныя атрымліваюцца, бо душу ў іх укладае. Усе ўдзельнікі клуба — адна вялікая сям’я. У кожнага — сваё жыццё, але погляды на гэта жыццё аднолькавыя. Таму і атрымліваецца так, што работа — і ёсць само жыццё! Рэцэпт Бліны з прыпёкам ад Галіны Дрожжа Нагрэць паўлітра кефіру, каб ён быў гарачы, усыпаць 0,5 чайнай лыжкі соды і перамяшаць. Дадаць адну сталовую лыжку цукру і соль па смаку, а затым муку, каб цеста было, як густая смятана. Для начынкі: нашаткаваць 200 грамаў свежай капусты і апусціць яе ў друшляку на 2 хвіліны ў кіпячую ваду, дастаць, даць сцячы вадзе. Пакрышыць адну цыбуліну і сто грамаў каўбасы дамашняй, пасля начынку абсмажыць на патэльні, паперчыць і пасаліць па смаку. Потым на іншую патэльню ўліць крыху алею і накладваць лыжкай цеста, на яго – начынку, і зверху закрыць цестам. Як толькі ніз падрумя-ніцца, хуценька перавярнуць і запячы з другога боку. Смаката! Дзіяна ТКАЧЭНКА Фота аўтара і Сяргея ЛАЗОЎСКАГА Галіна Дрожжа Віншаванні ад “удалух” прымае перадавы вадзіцель РСУП “Бабоўня” Анатоль Янушка  

Источник:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей