Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

35

Вяршыні скараюццца настойлівым

12.02.2014
Пасля многіх месяцаў знаходжання ў, мякка кажучы, няпростай сітуацыі перад філіялам “В. Раёўка” ААТ “Крыніца” засвяцілася надзея на лепшае жыццё. [caption id="attachment_33577" align="aligncenter" width="443" caption="Аператары машыннага даення Наталля Вараб’ёва, Галіна Аруджава і Антаніна Ліпніцкая з дырэктарам філіяла Анатолем Ладыгам"][/caption] Хаця на канец 2013 года спрацавалі з вынікам мінус 32% па агульнагаспадарчай дзейнасці, ужо лістапад паказаў, што адбыліся станоўчыя змены — рэнтабельнасць дасягнула 12%. Як удалося скрануць з месца, здавалася б, непад’ёмны груз? Адказ на гэта пытанне шукалі ў гутарцы з дырэктарам філіяла Анатолем Ладыгам. Даведка Анатоль Міхайлавіч Ладыга ўзначаліў філіял “В. Раёўка” 19 верасня 2013 года, прыйшоў сюды з пасады галоўнага ветэрынарнага ўрача раёна. Усяго ў сельскай гаспадарцы 19 гадоў, і ўсе — на Капыльшчыне. Скончыў Ляхавіцкі сельгастэхнікум, затым Віцебскую акадэмію ветэрынарнай медыцыны. Жанаты, мае дваіх дзяцей. Галоўным у любой працы лічыць выканальніцкую дысцыпліну і кантроль за прынятымі рашэннямі. Перш за ўсё — малако Паколькі па меркаванні кіраўніка эканоміку любога сельгаспрадпрыемства стварае вытворчасць малака, усур’ёз узяліся за навядзенне парадку мена-віта ў гэтай галіне вытворчасці. Паставілі перад сабой задачу дасягнуць больш высокага выніку перш за ўсё за кошт павышэння якасці малака. І выйшлі не толькі на вытворчасць малака вышэйшым гатункам, але і дабіліся таго, што 70% прадукцыі здаецца на перапрацоўчае прадпрыемства гатункам “экстра”. А гэта зусім іншыя грошы… “Розніца паміж рэалізацыяй малака першым сортам і гатункам “экстра” на наш удой складае 92 млн рублёў, — падлічвае Анатоль Ладыга, — а гэта прыкладна тры бензавозы паліва. Вось чаму ў нашай гаспадарцы сёння ёсць каля 12 тон саляркі і 5 тон бензіна. Склалася такая сітуацыя, што апошнія месяцы мы можам разлічваць толькі на ўласныя сілы, паколькі ў нашага галоўнага прадпрыемства ААТ “Крыніца” зараз вельмі складаная фінансавая сітуацыя. Калі раней “Крыніца” нам дапамагала ў выплаце зарплаты (закрывала яе на 30%), то цяпер мы пастаўлены перад фактам, што ўсе фінансавыя затраты кладуцца на нашы плечы. Тым не менш, нам удалося выйсці на ўласныя грошы, і ў студзені зарплату ўжо плацілі са сваіх крыніц. А яна ў нас у сярэднім па гаспадарцы склала 5,7 млн рублёў (праўда, у разліку на членаў нашага калектыву, без вольнанаёмных рабочых)”. Сёння сельгаспрадпрыемства што-дня рэалізуе па 3 тоны 700 кг малака супраць нядаўніх 1 тоны 800 кг, і гэта ўжо 115% да ўзроўню мінулага года. Таварнасць малака вагаецца паміж 95-98 працэнтамі. Паводле слоў Анатоля Міхайлавіча, пастаўлена задача да чэрвеня дабіцца таго, каб з гаспадаркі на перапрацоўку кожны дзень ужо паступала не менш за 5,5 тоны прадукцыі. А гэта каля 1 мільярда рублёў у месяц. Ёсць у гаспадарцы і адкорм бычкоў, на якім ужо ўдаецца дабівацца сярэднясутачнай прывагі не менш за 800 г. “І гэтага дасягнулі за кошт збалансаванага рацыёну, расшырэння кармавога стала, прымянення кормараздатчыка, —  тлумачыць Анатоль Ладыга. — Мы мабільную раздачу прымянілі на 85%, ручную працу фактычна не выкарыстоўваем”. У гаспадарцы, у адрозненне ад некаторых іншых, яшчэ ёсць фуражнае зерне, якога павінна хапіць да новага ўраджаю. Удалося сплюшчыць 50 тон зерня кукурузы і пакласці на захоўванне ў поліэтыленавыя рукавы. Стараюцца, каб корм для жывёлы быў збалансаваным: дабаўляюць канцэнтраты, макуху, мінеральныя дабаўкі. Магчыма, не вельмі задаволены якасцю травяністых кармоў, тым не менш, рэзультат ёсць, і неблагі. Вынік  дасць  дысцыпліна Каб атрымліваць пастаянную прыбаўку, мяркуе кіраўнік, неабходна было перш за ўсё наладзіць выканальніцкую дысцыпліну. Не ўсе прынялі патрабаванні новага кіраўніка, з некаторымі работнікамі давялося развітацца. Затое цяпер Анатоль Міхайлавіч упэўнены ў тым, што збояў у рабоце адладжанага механізму гаспадаркі не адбудзецца, нават калі яго не будзе побач. І нядаўні прыклад таму пацвярджэнне: калі ў суровыя студзеньскія дні кіраўнік на працягу двух тыдняў знаходзіўся на вучобе, не адбылося ніякіх збояў ні на вытворчасці, ні ў дысцыпліне. Пазбавіліся тут і такой непрыемнай для многіх гаспадарак з’явы, калі пасля выплаты заработнай платы ў кіраўніка баліць галава аб тым, ці выйдуць на працу некаторыя яго работнікі, ці не застанецца някормленай ці непадоенай жывёла. “Нашы людзі зразумелі, што ім ёсць што губляць, — мяркуе Анатоль Ладыга, — а таму вельмі даражаць сваім працоўным месцам”. Хутка  вясна Поўным ходам рыхтуюцца ў сельгаспрадпрыемстве і да пачатку веснавой пасяўной кампаніі. Прапрацоўваецца атрыманне крэдытаў: 580 млн рублёў на паліва і 600 млн — на мінеральныя ўгнаенні. Ужо з восені ўдалося ўнесці 50% да неабходнага арганікі, работа па яе нарыхтоўцы і вывазцы працягваецца і зараз. Гэта дазволіць скараціць колькасць мінеральных угнаенняў. З восені ўжо было пасеяна 800 га азімай пшаніцы, на весну застаўся піваварны ячмень (500 га) — гэта дзве асноўныя культуры, якія ўдзельнічаюць у фарміраванні эканомікі ў расліводстве. Да таго ж, плануецца пасеяць 150 га фуражнага ячменю — крыніцы бялку для кармлення жывёлы. Робяць стаўку ў гаспадарцы на зернебабовую сумясь (зойме 280 га), якая стане асновай для сенажу, і кукурузу (200 га). “Мы паставілі перад сабой задачу атрымаць валавы збор збожжа не менш за 5500 тон, — працягвае расказ кіраўнік філіяла, — і думаю, што яна нам па сілах”. На 85%, па словах кіраўніка, ужо гатова да работы на веснавых палявых работах тэхніка. Машынна-трактарны парк у гаспадаркі невялікі, некаторую тэхніку давялося ў прамым сэнсе выцягваць з-пад плоту і рэанімаваць. Тым не менш, парадак на мехдвары адмысловы, кожны механізм, кожны агрэгат мае сваё месца. Анатоль Міхайлавіч марыць пра новы энерганасычаны трактар, які б дазволіў зняць многія праблемы, і ў першую чаргу напружанасць падчас пасяўной. Менавіта недахоп тэхнікі ў нечым стаў прычынай і такога парадаксальнага факта (зноў вяртаемся да жывёлагадоўлі): у гаспадарцы сабекошт 1 тоны сенажу — 460 рублёў, а сіласу — усяго 170 рублёў, і гэта пры тым, што кукуруза, якая ідзе на сілас, культура намнога даражэйшая, чым травы на сянаж. Чаму так адбылося? А таму, што сілас рыхтавалі сваімі сіламі, а сянаж — пры дапамозе аблмехатрада. Адсюль і высокі сабекошт малака… Чым не аргумент для набыцця ўласнай тэхнікі (дарэчы, увосень гаспадаркай у лізінг былі закуплены прыстаўка для ўборкі кукурузы і кормараздатчык). Есць  добры  касцяк калектыву “У нас ёсць добры касцяк з работнікаў, якія працуюць у гаспадарцы не адзін год, — расказвае Анатоль Ладыга ў адказ на пытанне пра забяспечанасць кадрамі. — Сярод іх механізатары Мікалай Лук’янчык, Анатоль Давыдчык, Сяргей Новік, вадзіцелі Сяргей Гаргун, Аляксандр Стаскевіч і іншыя. Гэта людзі, якія добра разумеюць, што за імі стаіць не толькі іх сям’я, але і родная гаспадарка. І таму яны бездакорна і безадказна выконваюць усё, што ім даручаеш. Ёсць работнікі, якія прыйшлі ў сельгаспрадпрыемства нядаўна. Дарэчы, мы сваім транспартам дастаўляем на працу з Капыля, Быстрыцы, Лешні, некаторых іншых населеных пунктаў. Дабіраюцца ў В. Раёўку і спецыялісты. Увогуле ў нас прыкладна 30% — прыезжыя. І кожны з іх уносіць сваю лепту ў агульную справу. А мы стараемся стварыць ім добрыя ўмовы для працы”. У  нагу  з  часам Вядома, што ў ф-ле “В. Раёўка”, як і ва ўсіх гаспадарках раёна, праводзілася рэканструкцыя малочнатаварнай фермы (дарэчы, яна ў гаспадарцы адна). Быў пабудаваны новы даільна-малочны блок на МТФ “В. Раёўка”. Сёння тут, паводле слоў кіраўніка гаспадаркі, дояць па 13 кг ад кожнай каровы. Аднак па прычыне ранейшых памылак, якія гадамі нагрувашчваліся адна на адну, у сельгаспрадпрыемстве без малога 200 галоў знаходзяцца ў так званым заўчасным запуску і ўтрымліваюцца на ферме ў Малой Раёўцы. Таму агульны надой ад фуражнай каровы складае 7,7 кг. “Нам вельмі неабходна зрабіць яшчэ адно памяшканне пад беспрывязнае ўтрыманне кароў, — гаворыць Анатоль Міхайлавіч, — аднак фінансавае становішча не дазваляе распачынаць новае будаўніцтва. Мы маем крэдыторскую запазычанасць каля 12 млрд рублёў: гэта і доўгатэрміновыя, і кароткатэрміновыя крэдыты, і лізінгі. Кожны месяц даводзіцца выплачваць па іх больш за 120 млн рублёў. Аднак у чэрвені-ліпені, як толькі стане зразумелай сітуацыя з ураджаем, мы пастараемся распачаць узвядзенне новага арачніка для кароў. Гэта дазволіць поўнасцю загрузіць даільна-малочны блок і мець намнога большую аддачу”. Пра асабістае Падчас гутаркі з Анатолем Міхайлавічам хацелася даведацца не толькі пра перамены, якія адбыліся ў гаспадарцы, планы на будучае маладога кіраўніка, але і пра адчуванні, з якімі ён прымаў такое важнае ў яго жыцці рашэнне — узначаліць не самую лепшую ў раёне гаспадарку. “Страх перад новым, невядомым існуе заўсёды, — упэўнены Анатоль Ладыга. — Бадай, толькі зусім безразважны чалавек не баіцца цяжкасцей. Іншая справа, як з імі змагацца. Неяк ужо атрымлівалася па жыцці, што мне пастаянна даставаліся няпростыя ўчасткі работы. Аднак я заўсёды ўспамінаю словы, якія мне некалі прывёў Анатоль Вячаслававіч Кіула. Прыкладна так сказаў наш беларускі паэт Максім Танк: “Існуе дзве формы жыцця: гарэнне і тленне. Гарэнне выбіраюць стойкія і мужныя людзі, а тленне — ілжывыя і баязлівыя”. Я па жыцці заўсёды імкнуся выбіраць гарэнне. Такім мяне выхавалі бацькі, за што ім вялікі паклон, такія ж рысы характару хацелася б бачыць у сваіх дзяцей. Так, мне часта кажуць: “Згарыш на працы”. Але я заўсёды імкнуся пакінуць нейкі след на гэтай зямлі, каб пра мяне ўспаміналі добрым словам. Думаю, са мной пагодзяцца ўсе кіраўнікі сельгаспрадпрыемстваў, што наш хлеб лёгкім не назавеш. І гэта тычыцца не толькі кіраўнікоў, а ўвогуле сельскай гаспадаркі. Напрыклад, я не заўважыў, як выраслі мае дзеці, лаўлю сябе на думцы, што не заўсёды быў клапатлівым мужам, і вельмі ўдзячны сваёй жонцы за тое, што яна мяне разумее і падтрымлівае. Раніцай мяне заўсёды чакае смачны сняданак і прыгатаваны з сабой абед, накормлены і дагледжаны дзеці, поўны парадак у доме. Я, безумоўна, стараюся ўзяць на сябе клопаты па нашай невялікай гаспадарцы, але асноўная нагрузка ў хатніх справах кладзецца, вядома ж, на маю дарагую жонку. Шчаслівы ад таго, што яшчэ жывуць нашы бацькі, і мы маем магчымасць часта бачыцца, радуюць нашы ўжо даволі дарослыя дзеці. Словам, жыццё імчыць наперад, і кожны дзень прыносіць новыя падзеі”. Маргарыта САКОВІЧ Фота аўтара  

Источник:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей