[caption id="attachment_33503" align="alignleft" width="300" caption="Атакуюць капыльскія валейбалісты"]

[/caption]
На спартыўны форум завіталі аматары здаровага ладу жыцця з 18 каледжаў і ліцэяў. Двухдзённыя спаборніцтвы выявілі высокую падрыхтоўку многіх юнакоў і дзяўчат у такіх відах спорту, як валейбол, міні-футбол, лыжныя гонкі, настольны тэніс і плаванне.
Буйное спартыўнае мерапрыемства з удзелам вялікай колькасці каманд не абыходзіцца без дакладна спланаванай праграмы. Каб забяспечыць дасканалы расклад спартакіяды, у Капыльскім дзяржаўным прафесійна-тэхнічным каледжы адбылося пасяджэнне галоўнай судзейскай калегіі сумесна з кіраўнікамі дэлегацый на чале са старшынёй абласнога прафсаюза работнікаў АПК Андрэем Някрэвічам, намеснікам старшыні прафсаюза Пятром Окуневым і галоўным суддзёй турніру Фёдарам Фамянком. Пасля праведзенай жараб’ёўкі ўдзельнікі накіраваліся да месцаў правядзення відаў праграмы.
Усе спаборніцтвы пачаліся адначасова: валейбол і тэніс праводзіліся ў залах каледжа, футбол — на фізкультурна-аздараўленчым комплексе горада Капыля. У першы дзень барацьба праходзіла за выхад у фінал па кожным з відаў спорту. Чым вышэй каманда паднімалася ў падгрупе, тым большую колькасць ачкоў яна магла дабавіць у агульную скарбонку зборнай.
Па-за турнірам адбыліся спаборніцтвы па дартсе сярод кіраўнікоў каманд. Упэўненую перамогу тут святкаваў наш зямляк, выкладчык фізвыхавання
[caption id="attachment_33505" align="alignright" width="196" caption="Максім Салагуб"]

[/caption]
Аляксандр Молчан. А на ФАКу райцэнтра тым часам спаборнічалі плыўцы. У юнакоў на 50-метровай дыстанцыі мацнейшым быў Уладзіслаў Топач са Слуцка, у дзяўчат на 25-метровай — Кацярына Ермакова з мінскага каледжа. На вышыні была і капылянка Вераніка Кудзіновіч, якая паказала другі час дня.
Самым адказным стаў другі дзень спаборніцтваў, дзе выяўляліся пераможцы ў астатніх відах спорту ў асабістым і агульнакамандным заліках. Раніцай у зоне адпачынку г. Капыля адбылася лыжная гонка. Не ўсім капыльская траса далася лёгка. Не абышлося тут без крыўдных падзенняў. Самымі падрыхтаванымі лыжнікамі аказаліся выхаванцы капыльскага каледжа Вераніка Лагодзіч і Максім Салагуб, якія паказалі самыя хуткія секунды.
Тым часам на фізкультурна-аздараўленчым комплексе барацьбу вялі мацнейшыя зборныя па міні-футболе. Асабліва відовішчнымі сталі матчы з удзелам каманды са Слуцка. Юнакі, не саступіўшы ні ў адной сустрэчы, па выніках двухдзённай барацьбы занялі першае месца. Другое і трэцяе дасталося, адпаведна, футбалістам з Чэрвеня і Клецка.
У настольным тэнісе дасканалая гульня каманды з Чэрвеня прынесла ім доўгачаканую перамогу. Капыляне ў гэтым відзе былі толькі восьмымі.
А вось на валейбольнай пляцоўцы выхаванцам капыльскага каледжа ніхто і нішто не перашкодзіла, каб упэўнена выйсці ў фінал спаборніцтваў. У рашаючай сустрэчы са слуцкай камандай нашы землякі былі на вышыні, атрымаўшы перамогу ў двух партыях.
[caption id="attachment_33508" align="alignleft" width="300" caption="Спартсменаў вітае Андрэй Някрэвіч"]

[/caption]
Пасля падвядзення вынікаў ІІІ спартакіяды ў агульнакамандным заліку першае месца дасталося камандзе Слуцкага прафесійна-тэхнічнага каледжа перапрацоўчай прамысловасці. Саступіўшы толькі два ачкі, на другой прыступцы п’едэстала гонару аказаліся выхаванцы Капыльскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа (у мінулым годзе было толькі шостае месца). А трэцяе месца заняла зборная Маладзечанскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа.
Пераможцам і прызёрам асабістага заліку ва ўрачыстай абстаноўцы былі ўручаны граматы абласнога прафсаюза работнікаў АПК, а ў агульнакамандным заліку па кожным з відаў праграмы яшчэ і кубкі.
Падводзячы вынікі спартакіяды, Андрэй Някрэвіч адзначыў, што арганізацыя спаборніцтваў была на высокім узроўні, а традыцыя, якая зарадзілася тры гады таму, будзе абавязкова працягвацца.
Сяргей ЛАЗОЎСКІ
Фота аўтара
Комментарии