У раёне ўпершыню адбыліся алімпійскія дні моладзі Мінскай вобласці па лыжных гонках. Гэта стала магчымым дзякуючы снегападам, якія прайшлі ў сярэдзіне студзеня. На крутыя капыльскія трасы выйшлі 96 спартсменаў з васьмі раёнаў Міншчыны.
[caption id="attachment_33499" align="alignleft" width="300" caption="Каманда Капыльскага раёна"]

[/caption]
Планавалася, што спаборніцтвы пройдуць у два этапы: у першы дзень — гонка каньковым і ў другі — класічным ходам. Але капрызы нябеснай канцылярыі ўнеслі карэктывы ў ход турніру…
З-за нізкай тэмпературы, моцнага і калючага ветру судзейская калегія вырашыла скараціць у два разы дыстанцыю і ў юнакоў, і ў дзяўчат. Пяцікіламетровая траса, якую пераадольвалі лыжнікі 1996-97 гадоў нараджэння, далася нялёгка юным спартсменам. Многія адзначалі, што на хаду замярзалі рукі, твар, зусім па-іншаму працавалі ногі. Тым не менш, фінішавалі ўсе стартаваўшыя спартсмены. Самым хуткім аказаўся Глеб Трусаў з Барысаўскага раёна. А вось другі і трэці час паказалі капыляне Антон Смольскі і Павел Паплаўскі. У дзяўчат гэтай узроставай групы на дыстанцыі 3 км мацнейшай стала наша зямлячка Наталля Ібель. Другое месца — у Кацярыны Талочка з Лагойскага раёна і трэцяе — у Аліны Заянчкоўскай, прадстаўніцы Плешчаніцкай школы алімпійскага рэзерву.
Юнакі 1998-99 г. н. змагаліся за першынство таксама на 3-кіламетровай трасе. Самым хуткім у гэтай
[caption id="attachment_33500" align="alignright" width="300" caption="Каманда Капыльскага раёна"]

[/caption]
дысцыпліне стаў Ігар Ранцаў з Барысава. Другое месца дасталося мядзельскаму лыжніку Вадзіму Садоўскаму, а трэцяе — капыляніну Руслану Гарнастаю. Сярод дзяўчат не было роўных Аліне Пятровай і Аліне Дземянковай з Барысава, якія занялі, адпаведна, першае і другое месцы. Трэцяя прыступка п’едэстала гонару засталася за Настассяй Хацяноўскай з Мядзеля.
У другі дзень спаборніцтваў надвор’е зусім сапсавалася: узмацніўся мароз і вецер. Таму гонку класічным ходам суддзі вырашылі не праводзіць, а вынікі турніру падводзілі па першым дні спаборніцтваў.
У агульнакамандным заліку першае месца заваявала каманда Барысаўскага раёна. На другім месцы апынулася зборная Капыльскага, а на трэцім — Лагойскага раёнаў. На фізкультурна-аздараўленчым комплексе прызёры алімпійскіх дзён моладзі атрымалі граматы, а пераможцы — яшчэ і грашовыя прэміі ад упраўлення адукацыі Мінаблвыканкама.
Сяргей ЛАЗОЎСКІ
Фота аўтара
Перад стартам сагрэцца лыжнікам дапамала вогнішча
Комментарии