Колькасць уласных падсобных гаспадарак грамадзян, якія пастаянна пражываюць у сельскай мясцовасці, няўхільна змяншаецца: напрыклад, у параўнанні з 2000 годам іх у рэспубліцы стала менш на 175 тысяч. За гэты час знізілася, адпаведна, і вытворчасць прадукцыі на сялянскіх падворках, рэзка скарацілася колькасць жывёлы. Такі спад можна патлумачыць аб’ектыўнымі прычынамі: старэннем вяскоўцаў, нежаданнем моладзі абзаво-дзіцца падсобнай гаспадаркай, павышэннем узроўню жыцця. І сапраўды, навошта прыкладаць намаганні, каб нарыхтаваць кармы для кароўкі альбо шукаць час і магчымасць, каб яе пасвіць, калі дастаткова зайсці ў любы магазін і набыць малочныя тавары на любы густ. Тое ж самае тычыцца і мясных прадуктаў.
Тым не менш, пытанне развіцця асабістых падсобных гаспадарак не здымаецца з парадку дня, яму надаецца самая пільная ўвага на самых розных узроўнях — ад Прэзідэнта да органаў мясцовай улады. Разглядалася яно і на пасяджэннях Капыльскага райвыканкама, на сесіях раённага і сельскіх Саветаў дэпутатаў.
Сёння вельмі многія вяскоўцы зацікаўлены ў тым, каб прадаваць лішкі вырашчанай прадукцыі дзяржаве. І ў першую чаргу размова пра малако. Як паведаміла старшыня райсавета Марыя Сандрозд, ідзе пастаянны кантроль за арганізацыяй яго збору з асабістых па-двор’яў вяскоўцаў. Не менш важным з’яўляецца і забеспячэнне свойскай жывёлы кармамі.
— Ставілася задача, — расказвае Марыя Леанідаўна, — каб на кожную карову вяскоўцы атрымалі да 3 тон сена. І скаргаў з ніводнага сельскага Савета не паступала. Сёння вяскоўцы могуць выпісаць у сельгаспрадпрыемстве па прымальнай цане збожжа, салому. Мы зацікаўлены, каб людзі на вёсцы трымалі на сваіх падвор’ях не толькі кароў, але і свіней, хатнюю птушку. Напрыклад, сёння ў прыватных хлявах утрымліваецца каля 15 тысяч галоў свіней. Ёсць уласнікі, якія маюць і па 50, і па 100 галоў — да прыкладу, у Пацейкаўскім, Блеўчыцкім, Браткаўскім сельсаветах.
Аднак, уласная падсобная гаспадарка — гэта не толькі жывёла і птушка. Важна, каб вяскоўцы не забывалі і пра зямлю.
— Прыйшла восень, а таму, сабраўшы вырашчаны ўраджай, кожны гаспадар павінен паклапаціцца пра тое, каб зямелька зімой адпачывала прыбраная і дагледжаная, — упэўнена старшыня райсавета. — Лічу, што пакідаць зямлю без догляду вялікі грэх. І наогул, чалавек з маленства павінен прывучацца ствараць прыгажосць вакол сябе. Чамусьці ў нас склалася такая тэндэнцыя, што людзі пажылыя больш за моладзь зацікаўлены ў гэтым. Узяць, напрыклад, нашы конкурсы на лепшае маладзёжнае і ветэранскае падвор’і. Калі ў першым сёлета ўзялі ўдзел толькі пяць сем’яў, то ад жадаючых паўдзельнічаць у другім адбою не было. А калі гаварыць пра асабістыя падсобныя гаспадаркі ўвогуле, то гэта, безумоўна, дадатковая крыніца даходу для кожнай сям’і, толькі трэба да гэтай справы падыходзіць з усёй душой.
Маргарыта САКОВІЧ
Комментарии