Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

46

Ці можна спадзявацца на прыбаўку малака?

01.02.2014
Сітуацыя ў малочнай галіне сёння пад асаблівай увагай. Не праходзіць і дня, каб яна не абмяркоўвалася на нарадах розных узроўняў. І ўсё ж вялікіх зрухаў да лепшага пакуль не назіраецца. Ва ўсякім разе нават на леташні паказчык выйсці не ўдаецца, не тое што рушыць наперад сажанёвымі крокамі. З 21 гаспадаркі, якія існуюць у Капыльскім раёне, на 29 студзеня 2014 года ўсяго восем мелі валавы надой 100 і больш працэнтаў да папярэдняга года, і толькі чатыры перавысілі свой мінулагадовы рэзультат па паказчыку “надой ад адной каровы”. Сама горш справы ідуць у ААТ “Суворава-Агра”, дзе на названую дату валавы надой складаў толькі 81% да мінулага года, а ад адной каровы атрымана па 7 кг малака. Прытым гаспадарка мае адзін з самых нізкіх у раёне паказчыкаў па рэалізацыі (82%) і таварнасці (82%) прадукцыі. У чым прычына такога спаду? Такое пытанне было зададзена галоўнаму заатэхніку Жанне Давідоўскай падчас наведвання гаспадаркі разам з галоўным заатэхнікам упраўлення райсельгасхарчу Таццянай Гарбуз. — У нас амаль няма сіласу, — тлумачыць Жанна Віктараўна. — Яго, і то ў абмежаванай колькасці, атрымліваюць толькі каровы на МТФ “Карачоўшчына” і “Падлужжа” (засталося толькі на два тыдні). Адсутнічае і камбікорм, а таму ў асноўным даводзіцца карміць дойны статак сенажом. Сянаж  прыгатаваны  з разнатраўя, што скасілі на балоце, таму ён не мае вялікіх спажыўных якасцей. Ужо закончыўся зернефураж, а значыць нам няма чаго завезці на завод, каб атрымаць адтуль камбікорм. Да таго ж, наша гаспадарка яшчэ не разлічылася з тым жа Слуцкім КХП. Улічваючы пачутае, можна зрабіць вывад: рацыён дойнага статка нельга назваць збалансаваным. Паводле слоў галоўнага заатэхніка, каровы атрымліваюць па 15 кг сенажу раніцай і вечарам, па 2 кг сена, па 0,5 кг шроту (навацельныя — па 800 г), патаку — па 0,5 кг і салому (сколькі з’ядуць). Праўда, у аўторак у гаспадарку павінна была прыйсці машына камбікорму з Клецка, і яго неабходна будзе падзяліць паміж усімі статкамі. У гаспадарцы 1089 кароў, з якіх 269 галоў (25%) знаходзяцца ў запуску, на 9-м месяцы лактацыі і больш — 299 галоў (27%) і толькі 190 (17%) — навацельныя. Як расказала Жанна Давідоўская, у лютым чакаецца 113 расцёлаў, у сакавіку — 69. Калі б у гаспадарцы былі кармы дастатковай якасці і спажыўнасці, можна было б спадзявацца на прыбаўку малака. І тут узнікае пытанне: а чаму так хутка закончыўся сілас? Калі верыць інфармацыі, якая паступала з ААТ “Суворава-Агра” ў дыспетчарскую ўпраўлення райсельгасхарчу, па стане на 8 кастрычніка 2013 года ў гаспадарцы ўжо была нарыхтавана 5551 тона сіласу (51% да плана), і гэта быў не самы горшы паказчык у раёне. Кукуруза на сілас і зялёны корм мела ўраджайнасць 279 ц/га. У чым тут каверза? Пытанне, як кажуць, павісае ў паветры. Наведаўшы некаторыя фермы гаспадаркі, у прыватнасці, МТФ “Камень” і Падлужжа”, адзначылі, што памяшканні да зімы падрыхтаваны, у жывёлы ёсць вада, на кармавых сталах — сянаж. У выгульных дварах ляжыць салома. З задавальненнем перабіраюць сена  маленькія цяляткі. І каровы пакуль не выглядаюць худымі. А малака… няма. Маргарыта САКОВІЧ Фота аўтара  

info Автор:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей