Фартух, прас і парафін — усё, што неабходна для сапраўднага… лыжніка. Падрыхтоўка інвентару да чарговай гонкі — неад’емная частка простага і крыху незвычайнага (для несвядомага чалавека) працэсу. Азы тэхналогіі нанясення парафіну добра ведае Дзмітрый Лазоўскі, выхаванец дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы Капыльскай раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў АПК. У майстэрні хуткасці ён — галоўны сэрвісмен. Перад стартамі любога ўзроўню Дзмітрыю давяраюць падрыхтоўку лыж, і не толькі асабістых, але і малодшых сяброў па камандзе. Юны спартсмен неаднаразова станавіўся пераможцам і прызёрам раённых, абласных і рэспубліканскіх спаборніцтваў па розных відах спорту.
[caption id="attachment_33085" align="aligncenter" width="462" caption="Дзмітрый ЛАЗОЎСКІ"]
[/caption]
Як парафініць лыжы ў хатніх умовах
Добры снегапад, які прайшоў на Капыльшчыне, стварыў выдатныя ўмовы для тых, хто любіць пакатацца на лыжах. Толькі за два апошнія тыдні пракатам гэтага інвентару на фізкультурна-аздараўленчым комплексе горада скарысталіся каля сотні аматараў здаровага ладу жыцця. Але лыжы цяпер — не дыфіцыт, і ў многіх яны ёсць дома. Што неабходна ведаць, каб спартыўны атрыбут выдатна каціў па лыжні? Для гэтага маюцца шматлікія змазкі. Але самым распаўсюджаным сродкам з’яўляецца парафін.
У якасці змазкі можна выкарыстоўваць звычайную свечку ці купіць у аптэцы медыцынскі парафін (эфектыўны пры тэмпературах звыш -15°). Для таго, каб парафініць лыжы ў хатніх умовах, вам спатрэбіцца стары прас. На роўную аснову (можна выкарыстаць кухонны стол) кладзецца лыжа слізкай паверхняй уверх, якую націраем свечкай ці медыцынскім парафінам. Температура праса павінна быць мінімальнай (рэжым — капрон). Парафін падчас прасавання павольна плавіцца. Вельмі важна, каб ні ў якім разе ён не патрэскваў і не дымеў. Пасля таго, як парафін расплавіўся і поўнасцю пакрыў паверхню лыж, яго лішкі неабходна асцярожна саскрэбці нажом ці лінейкай, а на завяршальнай стадыі — зачысціць коркай з коркавага дрэва (па-руску — «пробковое дерево»). Коўзкая паверхня ў лыж стане глянцавай, падобнай на люстэрка. Цяпер смела можна ісці на лыжню!
Сяргей ЛАЗОЎСКІ
Фота аўтара
Комментарии