Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

46

Мехдвор — сэрца гаспадаркi

24.01.2014
Як тэатр пачынаецца з вешалкі, так і сельгасвытворчасць — з мехдвара. Бясспрэчна, што ў сённяшніх маштабах калектыўнага гаспадарання без спраўнай сучаснай тэхнікі і кваліфікаваных механізатараў і спецыялістаў не будзе дасягненняў ні ў раслінаводстве, ні ў жывёлагадоўлі. І ад таго, у якім стане знаходзіцца рамонтна-абслуговая база, якія ўмовы створаны для работы на мехдвары, наколькі там падтрымліваецца парадак, у многім залежыць гатоўнасць тэхнікі да сезонных і іншых работ. Разам з начальнікам раённай інспекцыі Дзяржтэхнагляду Валерыем Прахарэнем днямі былі наведаны КСУП “Грозава-агра”, ААТ “Суворава-Агра”, ф-л “Лакнея”. Ставілася мэта паглядзець, як ідуць справы з рамонтам тэхнікі, ці падтрымліваецца належны парадак на мехдвары. …На гадзінніку 10 гадзін раніцы. Здавалася б, рабочы дзень у самым разгары. Аднак на мех- двары КСУП “Грозава-агра” гэтага не адчуваецца. Некалькі чалавек стаяць ля ўваходу ў майстэрню і пра нешта гамоняць, разам з імі загадчык майстэрні Мікалай Шчэрба. Уваходзім у памяшканне, якое цалкам застаўлена тэхнікай. Значыць — ёсць што рамантаваць! Аднак побач з тэхнікай ні душы. “Чаму нічога не робіцца?” — у адказ на гэта пытанне Валерыя Прахарэні загадчык майстэрні толькі плячыма паціскае, маўляў, няма грошай на запчасткі. Вакол ляжаць разабраныя вузлы і механізмы, пасярод майстэрні — гара пакрышак ад трактароў, якія знаходзяцца тут, відаць, не першы тыдзень. Ля самага ўваходу — да верху запоўненая смеццем скрыня (на здымку). А пра тое, што на кожным мехдвары павінна быць абсталявана пляцоўка з кантэйнерамі для раздзельнага збору адходаў, тут, відаць, не ведаюць альбо не жадаюць ведаць. Як упарта забываюцца пра тое, што недапушчальна пакідаць без апоры спушчанае кола ў трактара. А на мехдвары ў “Грозава-агра” ў такім выглядзе амаль побач стаяць сучасны “Беларус-3022” і пагрузчык “Амкадор”. І нікому да гэтага няма справы! Хіба ж сёння пры адсутнасці запчастак нельга было заняць механізатараў навядзеннем парадку на мехдвары? Атрымліваецца, у табелі ім паставілі адзнаку, што яны адпрацавалі гэты дзень, а што на самай справе зрабілі? Пад’ехаў галоўны інжынер сельгаспрадпрыемства Сяргей Булат. Менавіта яму, а таксама загадчыку майстэрняў начальнік інспекцыі Дзяржтэхнагляду паставіў задачу: да наступнага дня навесці элементарны парадак на мехдвары, паставіць тэхніку згодна з патрабаваннямі, вывезці смецце. На гэта матэрыяльных укладанняў не патрабуецца. А калі заўвагі своечасова выкананы не будуць — наступная размова з галоўным спецыялістам будзе ўжо на Савеце ўпраўлення райсельгасхарчу. Літаральна праз паўгадзіны мы ўжо былі на мехдвары ААТ “Суворава-Агра”, дзе ўбачылі дыяметральна супрацьлеглую карціну. Наўрад ці па сваім фінансавым становішчы гэта гаспадарка апераджае КСУП “Грозава-агра”, тым не менш, і работа ў майстэрнях кіпіць, і пералік адрамантаваных агрэгатаў унушальны, і парадак, якому суседзям можна павучыцца. У майстэрні паліцца печка, і хаця яна ўсё памяшканне абагрэць, вядома ж, не можа, тым не менш рукі механізатарам пагрэць ёсць дзе. “Зараз ідзе рамонт пагрузчыка, — расказвае галоўны інжынер Анатоль Астаповіч, — вось-вось возьмемся і за другую аналагічную машыну. У нас сабралася шмат арганікі, таму яе трэба тэрмінова вывозіць на палеткі. Днямі рамантавалі культыватары, мянялі на дыскатары дыскі, даводзім да ладу і іншыя агрэгаты”. Прыкладна такую ж карціну давялося назіраць і ў ф-ле “Лакнея”, дзе таксама поўным ходам ішла работа. Паводле слоў загадчыка майстэрні Яўгена Меляшчэні, ужо адрамантаваны культыватар, дыскатар, вядзецца рамонт камбінаванага пасяўнога агрэгата “Лемкен”, пагрузчыка. Словам, людзі заняты справай, добра ведаючы, што час ляціць хутка, а значыць і вясна не за гарамі. Маргарыта САКОВІЧ Фота аўтара  

info Автор:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей