У рамках тура па гарадах і дарогах баявой славы 18 сакавіка ў Песачанскім сельскім Доме культуры і вольнага часу адбудзецца выступленне Акадэмічнага ансамбля песні і танца Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь пад кіраўніцтвам магістра мастацтваў палкоўніка Уладзіміра Варапаева.
Створаны 17 лютага 1938 года, калектыў выносіць на суд сваіх слухачоў лепшыя ўзоры песеннага і танцавальнага мастацтва. За доўгія гады актыўнай творчай работы ансамбль падрыхтаваў сотні канцэртных праграм, дзесяткі артыстаў самага высокага класа. Усё гэта атрымала высокую ацэнку: калектыву прысвоена званне “акадэмічны”, ён быў удастоены спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у намінацыі “Музычнае мастацтва”.
Акадэмічны ансамбль песні і танца Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь па праве лічыцца адным з самых папулярных і арыгінальных музычных калектываў нашай краіны. Яго, так бы мовіць, візітная картка — прафесіяналізм выканаўцаў, які дазваляе ствараць яркія, разнастайныя па стылі і змесце канцэртныя праграмы. Паспех прыносіць і цеснае супрацоўніцтва з такімі знакамітымі кампазітарамі як
Ігар Лучанок, Давід Тухманаў, Аляксандра Пахмутава, Леанід За-хлеўны, Эдуард Зарыцкі, выканаўцамі
Іосіфам Кабзонам, Алегам Газманавым, Львом Лешчанкам, Анатолем Ярмоленкам і ансамблем
“Сябры”,
Ядвігай Паплаўскай і Аляксандрам Ціхановічам, ансамблем
“Песняры”,
Якавам Навуменкам і многімі іншымі вядомымі беларускімі і замежнымі выканаўцамі.
З вялікім поспехам калектыў выступае на прэстыжных міжнародных фестывалях у Расіі, Украіне, Германіі, Францыі, Англіі, Італіі, Іспаніі, Партугаліі, Польшчы. І праз усю яго творчасць чырвонай ніткай праходзіць тэма любові да сваёй Айчыны.
Словам, усе, хто вырашыць цікава правесці свой вольны час, атрымаць вялікую асалоду ад выступлення хору, аркестра і балета Акадэмічнага ансамбля песні і танца Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, збірайцеся ў Песачанскім сельскім Доме культуры і вольнага часу 18 сакавіка а 18 гадзіне.
Маргарыта САКОВІЧ
Комментарии