Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

62

Свая хатка, што родная матка

30.09.2010

На пасёлку ў в. Какорычы запытала, дзе жыве Аляксандра Канановіч.  «Паедзеце прама, праз дзве хаты ўбачыце бабулю, яна заўсёды на лаўцы сядзіць», — адказала жанчына. 86-гадовая Аляксандра Януараўна (на здымку) была ў хаце.

— На двары пахаладала, зайшла пагрэцца, а я і праўда заўсёды на лаўцы, — пачала размову ветлівая бабуля. – Жыву ўжо чацвёрты год у дачкі ў Капылі. Там кватэра, цёпла, утульна, глядзіць мяне Галя добра, але каб вы ведалі, як хочацца ў сваю хату. Папрасілася я на тры дні. Паверылі, прывезлі, а я ўжо два месяцы тут і так мне добра (смяецца). Сёння нешта так захацелася мне грыбоў, такі грыбны водар навокал стаяў. Пайшла ў агарод да суседкі, назбірала кабылак у траве, прыгатавала, адвяла душу (смяецца). Паветрам гэтым не надыхаюся. Здаецца мне, што больш сюды не пападу. Гады. Хіба я ведала, што столькі буду жыць.

Аляксандра ў 18 гадоў выйшла замуж за свайго Адама, на 9 гадоў старэйшага за яе. Пражылі разам 28 гадоў, дзвюх дачок і двух сыноў выгадавалі. Працавалі шмат.

— Гаспадар мой быў прыгожы, кемлівы, адукаваны. Працаваў бухгалтарам на маслазаводзе, — успамінае бабуля. — Аднак у 52 гады пайшоў з жыцця, аўдавела я і з гэтага часу жыла за дваіх – арала, касіла, кароў даіла, цялят даглядала. Нават пасля пенсіі яшчэ шмат гадоў працавала. І ўсё дзеля дзяцей. Цяпер і яны пенсіянеры, дзякуй Богу, не забываюць мяне.

Пераступіўшы парог хаты, я была зачаравана ўзорнай чысцінёй пакояў. Усё з густам растаўлена, занавешана, заслана. Няўжо ўсё сама гаспадыня?

— Я заўсёды любіла парадак і дзяцей прывучыла, — працягвае расповед Аляксандра Януараўна. — І цяпер пакрысе нешта раблю. Хочацца мне рухацца, хоць на каленках падпаўзу, а прыбяру, папраўлю. Ногі моцна баляць, да лаўкі толькі і дайду, каб пасядзець. Прадукты прывозіць Эльдар (індывідуальны прадпрымальнік), усё прывязе, што папрашу. Вельмі добры чалавек, як унучак мне. Усё добра, але восень настае, паеду да дачкі, там што будзе. Гады ляцяць, шкада, канечне. Я вельмі люблю і ганаруся сваімі ўнукамі – дзве дзяўчынкі-блізняткі ёсць, хлопчыкі таксама. Усе дарослыя. Вывучыліся, пажаніліся. Так што я ўжо і прабабка. Няхай у іх лепшая доля будзе, не гэтакая, як нам дасталася – адна вайна праклятая што нарабіла.

Каб не надвячорак, з бабуляй я б гаварыла бясконца, бо стварае яна вакол сябе атмасферу добразычлівасці, паразумення. Мы дамовіліся, што на другое лета сустрэнемся зноў на лаве каля хаты. Будзе аб чым успомніць.

Любоў ПЯТРОВА.

Фота аўтара


admin_222 Автор:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей