Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

151

Талака - адкрытасць нашых сэрцаў

08.01.2014
Успамінаецца маленства, калі бабуля Таццяна з вёскі Садавічы Капыльскага раёна распавядала мне пра талаку, якой раней нашы продкі будаваліся. Талакой жалі і касілі.  Выбіралі бульбу і збіралі яблыкі…  Ды што там:  цэлы горад Талачын  талакой будаваўся – так залатое слоўца бессмяротна засталося ў назве населенага пункта.  Беларусы раней нават святы спраўлялі ў гонар Талакі. Цяпер я ўжо разумею, што самае галоўнае ў талацэ – гэта сумесная, добраахвотная праца. А самае галоўнае – высакародная праца збліжала людзей, яднала іх душы і сэрцы. І як шкада, што сёння нават на суботнік – своеасаблівую талаку – некаторыя людзі выходзяць з неахвотай, раздражнёныя і раззлаваныя… Але мяне радуе тое, што і ў наш час назіраецца талачынная спадчына.  Мае суайчыннікі ўсё часцей пачалі аб’ядноўвацца дзеля дапамогі іншым. Значыць, усвядомілі, што менавіта дабрыня і спагада здольны выратаваць свет. Ёсць заўсёды ў сучаснай талацэ арганізатары-актывісты, здольныя растурхаць “балота”. Не перавяліся, на шчасце, на зямлі беларускай людзі, здольныя аб’яднацца дзеля дапамогі іншым. Кожны з нас неаднойчы бачыў аб’явы пра збор сродкаў у дапамогу хворым дзецям. Аднак многія яшчэ не звяртаюць на іх увагі, хіба толькі з боку цікаўнасці. А так звычайна робяць выгляд, што гэта іх не датычыцца, гэта не іх дзіця, не сяброў і не сваякоў. І вось ужо інфармацыя: дзіця памерла.  А калі б кожны пералічыў няхай нават самую ня-значную суму – дзіця можна было б і выратаваць! Трэба ўспамінаць пра самых безабаронных членаў нашага грамадства не   толькі ў дзень абароны дзяцей. Так што – не праходзьце міма такіх аб’яў! Гэта проста высакародна, калі ты неабыякавы, калі бярэш удзел у лёсе абсалютна чужога для цябе чалавека. Не можа не радаваць, што  такая дапамога ўсё больш актыўна пачынае развівацца. Людзі сталі ўсё больш звяртацца да  грамадства. А з другога боку, у нашым цывілізаваным свеце ўжо своечасова нараджаюцца водгукі. Суайчыннікі адчуваюць патрэбу рабіць добрыя справы. Як добра, што і ў ХХІ стагоддзі з намі побач засталася ўзаемадапамога. Менавіта талакой мы і сёння можам дапамагчы многім людзям рэалізаваць многія важныя праекты і задумкі. Зразумела, што дзяржаўнай дапамогі на ўсіх хапіць не можа, асабліва ў складаных эканамічных умовах. Праяўляйце міласэрнасць адзін да аднаго, гэта не толькі дабрачынныя фонды, шчодрыя мецэнаты, гэта адкрытасць нашых сэрцаў, здольнасць прыйсці ў цяжкую хвіліну на дапамогу чалавеку. Канстанцін КАРНЯЛЮК, г. Віцебск    

Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей