Для Ніны Мікалаеўны Шатэрнік з в. Свідзічы адыходзячы год стане, бадай, адным з самых памятных. У канцы кастрычніка ёй, у ліку іншых заслужаных людзей краіны, ва ўрачыстай абстаноўцы Прэм’ер-міністр Рэспублікі Беларусь Міхаіл Мясніковіч уручыў медаль “За працоўныя заслугі”.
[caption id="attachment_32555" align="aligncenter" width="300" caption="Ніна Мікалаеўна Шатэрнік"]
[/caption]
Шчыра кажучы, гэтую ганаровую ўзнагароду Ніна Мікалаеўна заслужыла спаўна. Ужо пятнаццаць гадоў яна ўзначальвае калектыў малочнатаварнай фермы “Свідзічы” ААТ “Старыца-Агра”, а да таго працавала тут даяркай. Стараннасць і адданасць сваёй справе, уменне нацэліць калектыў на дасягненне высокіх рэзультатаў і з году ў год дабівацца намечанага – усё гэта рысы характару Ніны Шатэрнік. А калі дадаць да гэтага яшчэ шчырае сэрца і добразычлівасць, няўрымслівасць і працавітасць, паважлівыя адносіны да калег, якія ўласцівы Ніне Мікалаеўне, стане зразумелым, чаму да яе так цягнуцца людзі.
Малочнатаварная ферма “Свідзічы” на працягу амаль дзясятка гадоў прызнаецца лепшай у гаспадарцы, не раз яна станавілася і пераможцай раённага спаборніцтва. Не дарма гавораць, што поспех ствараюць людзі. І насамрэч, аператары машыннага даення, што не адзін год працуюць тут, — Святлана Бяганская і Вера Махнёва, Наталля Грыцкевіч і Святлана Ганчарык — лідары па сваёй натуры, надзвычай старанныя і працавітыя жанчыны, якія здольны дабівацца высокіх рэзультатаў.
З самага дзяцінства жыццё Ніны Мікалаеўны звязана з хатняй жывёлай, з фермай, дзе шчыравала яе маці, куды і яна сама прыйшла пасля заканчэння школы. І цяпер, нягледзячы на тое, што ўжо засталася адна (некалькі гадоў таму пайшоў з жыцця любы муж), яна па-ранейшаму трымае кароўку, рупіцца па гаспадарцы. Трое з яе пяцярых дзяцей жывуць і працуюць у ААТ “Старыца-Агра”, таму часта наведваюцца да матулі. І даглядаць рагулю таксама дапамагаюць – кожныя выхадныя прыязджаюць, каб навесці ў хляве парадак. А вось летам да любай бабулі спяшаюцца ўнукі, асабліва тыя, што жывуць у сталіцы. Дарэчы, усяго іх у Ніны Мікалаеўны восем і вось-вось на свет павінен з’явіцца дзявяты. І Новы год яна сустракае заўсёды сярод самых блізкіх і дарагіх ёй людзей. Здароўя вам моцнага, паважаная Ніна Мікалаеўна, і няхай кожны новы год вам прыносіць толькі добрыя весткі!
Маргарыта САКОВІЧ
Фота аўтара
Комментарии