Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

35

«Агні юнацтва»

25.12.2013
Вось ужо 15 гадоў запар, пачынаючы з 1998-га, у першыя выхадныя дні снежня ў Капыльскай дапаможнай школе-інтэрнаце збіраюцца аматары музыкі, каб прыняць удзел у традыцыйным дзіцячым фестывалі “Агні юнацтва”. Гэты год не стаў выключэннем. На сцэну азначанай установы адукацыі выйшлі звыш 30 канкурсантаў з Песачанскай, Слабада-Кучынскай, Старыцкай сярэдніх школ, СШ №3 г. Капыля і гаспадары фестывалю. У актавай зале панаваў аншлаг. Гледачы цёпла сустракалі кожнага ўдзельніка, гарачымі апладысментамі падтрымлівалі спевакоў, танцораў і музыкантаў. Атмасфера добразычлівасці – нязменны атрыбут “Агнёў юнацтва”. Бадай, цяжэй, чым іншым, прыйшлося членам журы. Высокі ўзровень выканальніцкага майстэрства, выдатная сцэнічная падрыхтоўка конкурсных нумароў ажно 13 разоў у ходзе мерапрыемства “вымусілі” суддзяў выставіць максімальную адзнаку ў 70 балаў. Спатрэбілася нават дадатковая нарада журы для вызначэння лаўрэатаў фестывалю. У выніку першае месца прысуджана Яне Канько (4 кл. СШ №3 г. Капыля), другое – Вікторыі Кашубе (11 кл. СШ №3 г. Капыля), трэцяе месца ў Рэнаты Калпак (8 кл. Песачанская СШ). Адметнай рысай “Агнёў юнацтва” з’яўляецца тое, што сувеніры і падарункі атрымліваюць усе ўдзельнікі фестывалю (на здымку). У гэтым годзе падарункі прадаставілі аддзел маркетынгу Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь (А. У. Шыцік), кампазітар і прадзюсар Сяргей Ждановіч, ДУА “Капыльская дапаможная школа-інтэрнат” (дырэктар М. І. Крэпская). Дарэчы, менавіта з-за ўдзелу Сяргея Ждановіча фестываль набыў адценне даросласці. Кожнаму ўдзельніку, уключаючы вядучага праграмы і журы, Сяргей падарыў дыск “Гукі школ” са сваімі песнямі, а тройка пераможцаў атрымала, адпаведна, музычны цэнтр, DVD з функцыяй караоке, лічбавую фотарамку. Любоў да сваёй Радзімы, гонар за яе, зачараванасць капыльскім краем, удзячнасць школе, настаўнікам, родным і блізкім людзям, працавітасць і імкненне да самаўдасканалення, гатоўнасць на справе аказаць падтрымку таленавітым дзецям – вось тыя каштоўнасці, якія ў якасці жыццёвага арыенціра выбраў для сябе Сяргей Ждановіч. Конкурс завяршыўся. Амаль дзве з паловай гадзіны праляцелі як адно імгненне. Да пабачэння, “Агні юнацтва”!  Да сустрэчы праз год! Дзіяна ТКАЧЭНКА  

info Автор:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей