Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

144

Мы любім цябе, Беларусь!

23.12.2013
Да ўступлення ў піянеры ўсе вучні рыхтаваліся з адказнасцю і вельмі хваляваліся, бо гэта ўрачыстая падзея павінна была адбыцца ў сталіцы нашай Радзімы горадзе-героі Мінску на плошчы Дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусь. І вось мы накіраваліся ў сталіцу Беларусі. Суправаджалі нас і таксама хваляваліся педагог-арганізатар Наталля Уладзіміраўна Наркевіч, класны кіраўнік Святлана Леанідаўна Прылепка і вадзіцель школьнага аўтобуса Леанід Віктаравіч Булат. Наш родны Мінск! Якія прыгожыя вуліцы, праспекты ў сталіцы! Колькі цікавых архітэктурных збудаванняў! Нарэшце мы пад’ехалі да плошчы Дзяржаўнага сцяга. Якія цудоўныя вобразы адкрыліся перад намі! Высока-высока ў блакітным небе пад яркімі промнямі сонца развяваўся Дзяржаўны сцяг Беларусі. Ён напамінаў нам дзівосную птушку, якая распрасцёрла свае крылы над Беларуссю. Тры колеры мае наш сцяг. Чырвоны колер – гэта колер сонца, сімвал мужнасці, барацьбы за справядлівасць, сімвал перамогі, вольнага і шчаслівага лёсу. Зялёны колер – гэта колер дабрыні, міру, колер прыроды Беларусі. Белы колер – адлюстраваны ў выглядзе беларускага арнаменту – колер волі, чысціні і мудрасці. На Дзяржаўным гербе Рэспублікі Беларусь знаёмыя нам выявы. Гэта каласкі жыта, кветкі канюшыны і ільну, пяціканцовая зорка, узыходзячае сонца, абрысы Беларусі і чырвона-зялёная стужка з надпісам. Пазнаёміўшыся з гэтай цудоўнай плошчай, мы рыхтуемся да прыёму ў піянеры.  З хваляваннем строімся на лінейку, успамінаем Правілы піянераў, паўтараем словы, у руках трымаем піянерскія гальштукі, якія так напамінаюць Дзяржаўны сцяг. Пачалася лінейка. Урачыстае абяцанне – і вось ён, першы адказ на піянерскі прызыў “Заўжды гатовы!” Гальштукі нам павязалі класны кіраўнік Святлана Леанідаўна Прылепка і педагог-арганізатар Наталля Уладзіміраўна Наркевіч. І яны нас першымі павіншавалі з уступленнем у піянерскую арганізацыю. Затым – фотаздымкі на памяць. Час ішоў, а пакідаць урачыстае месца не хацелася. Нашы настаўнікі сказалі, што побач з плошчай ёсць вельмі прыгожы будынак, і мы накіраваліся да яго. Гэта быў Палац Незалежнасці. І тут мы ўспомнілі, што на плошчы Дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусь сабраліся лепшыя студэнцкія атрады на маладзёжным форуме. І ў гэтым форуме прымаў удзел наш Прэзідэнт Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка. Наша падарожжа працягвалася далей. У народзе кажуць: “Лепей адзін раз убачыць, чым шмат разоў пачуць”. І сапраўды – лепей было адзін раз наведаць заапарк і дэльфінарый, чым шмат разоў пра іх пачуць. Ну дзе яшчэ можна ўбачыць столькі розных звяроў, птушак? Усё намі ўбачанае было вельмі цікавым і захапляльным. Але здзівілі нас больш за ўсіх менавіта дэльфіны. Якія яны кемлівыя, спрытныя, паслухмяныя! Нават нам ёсць у іх чаму павучыцца! Пакідаць нашу сталіцу не хацелася. Але надышоў час вяртацца. Усю дарогу ў аўтобусе не сціхала гамана. Мы дзяліліся ўражаннямі. Настрой быў цудоўны. Хацелася хутчэй сустрэцца са сваімі бацькамі, сястрычкамі, брацікамі, сваякамі, расказаць ім аб цудоўным падарожжы, паказаць фотаздымкі, піянерскія гальштукі. Наша Беларусь вельмі прыгожая, у  ёй шмат мясцін, якія мы марым наведаць. Сваімі ўражаннямі мы захацелі падзяліцца з вучнямі іншых школ. Можа хтосьці зацікавіцца маршрутам нашага падарожжа? Дар’я ПАРЫБАК, Яўгенія ЦВІРКА, Дар’я РАЙ ад імя вучняў 5 класа ДУА “Цімкавіцкая СШ імя Кузьмы Чорнага” Фота Дар’і Парыбак  

info Автор:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей