Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

59

На кантролі - квадратныя метры

18.12.2013
У грамадстве пастаянна існуе павышаная ўвага да будаўніцтва жылля. Невыпадкова гэта тэма стала асноўнай на рэспубліканскай нарадзе з удзелам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі, дзе былі ўзняты актуальныя праблемы галіны. Як сёлета спрацавалі будаўнікі Капыльшчыны, і што неабходна яшчэ зрабіць у дадзеным напрамку? Пра гэта наша гутарка з начальнікам інвестыцыйна-будаўнічага камунальнага ўнітарнага прадпрыемства «УКБ-Капыль» Сяргеем ЦІМАШЭНКАМ: — Сяргей Пятровіч, заканчваецца год, і ўжо можна гаварыць аб выніках, якія склаліся ў жыллёвым будаўніцтве. Колькі планавалася здаць аб’ектаў па плане і колькі будзе здадзена рэальна? — План на гэты год быў 7 тысяч кв. м. За 11 месяцаў у нас уведзена 10 тыс. 33 кв. м жылля. У снежні плануецца ўвесці яшчэ два 16-кватэрныя дамы па 812 кв. м кожны, з іх першы — па праграме «Сацыяльнае жыллё» і другі — жыллёва-будаўнічы спажывецкі кааператыў «Вясна-2011» па вуліцы Партызан- скай, а таксама будзе здадзена каля 296 кв. м індывідуальнага жылля. На канец года агульная плошча павінна скласці 11 953 кв. м. — Калі гаварыць пра два шматкватэрныя дамы, ці ёсць там праблемы з уводам? — Па сацыяльным жыллі праблемы былі ў першым паўгоддзі з-за фінансавання, якое фактычна адсутнічала. Яно пачалося толькі з трэцяга квартала бягучага года. Тут маюцца яшчэ пытанні па якасці, працуе камісія. ЖБСК «Вясна-2011» пачалі будаваць у сакавіку. Нарматыўны тэрмін – 7,5 месяца. Фактычна яго павінны былі ўвесці ў строй у канцы лістапада, але са жніўня пачаліся перабоі з выдзяленнем сродкаў па крэдытнай лініі ААТ «ААБ Беларусбанк» і з аплатай выкананых работ са сродкаў членаў ЖБСК. На сёння за выкананыя работы кааператыў вінаваты будаўнічай арганізацыі (ПМК-194) 260 млн рублёў. Гэта і стала прычынай перабояў з выкананнем работ, закупкай будаўнічых матэрыялаў. Яшчэ адна прычына затрымання ходу будаўніцтва — змяненне праекта. На сходзе жыльцы замест дашчатай падлогі вырашылі зрабіць уцяпленне і падрыхтоўку з цэментна-пясчанага раствору без укладкі лінолеуму і плінтуса. — Як ажыццяўляўся кантроль за ходам будаўніцтва і якасцю ўзводзімых аб’ектаў? — Кантроль і тэхнічны нагляд за ходам будаўніцтва і якасцю работ ажыццяўляў інспектар тэхнічнага нагляду «УКБ-Капыль», замацаваны за гэтымі дамамі, супрацоўнікі дзяржбуднагляду, самі члены кааператыва. — На рэспубліканскай нарадзе Прэзідэнтам была закранута тэма якасці будаўніцтва. Што Вы можаце сказаць па гэтым пытанні, у прыватнасці, па апошніх двух аб’ектах? — Цяпер на аб’ектах працуе дастатковая колькасць будаўнікоў. Стараюцца выконваць работы якасна. Але адразу ўсё не заўважыш. Бывае, жылец ужо засяліўся, а пасля прыкмячаюцца недахопы. Таму калі ёсць якія-небудзь нюансы, у тым ліку па дамах, якія былі ўведзены раней, па першым гарантыйным тэрміне (раней — два гады, цяпер — пяць) выяўленыя недахопы ўхіляюцца. — Яшчэ адно пытанне — доўгабудоўлі. Ці ёсць такія ў нашым раёне? — Доўгабудоўля ў нас — гэта сацыяльны дом. Па праграме яго будаўніцтва пачалося ў 2011 годзе, але сродкі былі выдзелены толькі часткова. На 2012 першапачаткова было запланавана і атрымана 1,5 млрд рублёў з уводам дома ў 2013 годзе. Сёлета, калі прымалася праграма фінансавання, быў устаноўлены тэрмін здачы — снежань. Цяпер праграмы крыху карэкціруюцца з улікам нарматыўных тэрмінаў будаўніцтва. — Жыллёвая праблема для нашых грамадзян заўсёды была актуальнай. Ці плануецца стварэнне жыллёва-будаўнічых кааператываў у 2014 годзе? — У наступным годзе ЖБК стварацца не будуць. Запланавана будаўніцтва 16-кватэрнага дома па дзяржзаказе. Ужо распрацоўваецца праект, неабходна толькі вырашыць пытанні па аплаце. Гутарыў Сяргей ЛАЗОЎСКІ  

info Автор:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей