Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

54

Цi не час задумацца?

18.12.2013
[caption id="attachment_32259" align="alignleft" width="300" caption="Раскіданая салома ля ўваходу на МТФ “Праснакі”"][/caption] У раёне працягваецца “барацьба” за кожны кілаграм малака. Камітэтам сельскай гаспадаркі і харчавання Мінаблвыканкама было даведзена заданне, згодна з якім на 16 снежня рэалізацыя малака сельгаспрадпрыемствамі Капыльшчыны павінна была скласці па 10 кг 100 г ад кожнай каровы. Як сведчыць інфармацыя, сабраная дыспетчарскай упраўлення райсельгасхарчу, гэту задачу гаспадаркі раёна правалілі: замест неабходных 10,1 кг у сярэднім рэалізавана толькі па 9,6 кг. Сярод “выдатнікаў” усяго некалькі прадпрыемстваў: ААТ “Піянер-Агра”, “Капыльскае”, ф-л “В. Раёўка”, наблізіліся да такога поспеху ААТ “Прагрэс 2010” і КСУП “С “Лясное”. Астатнія топчуцца на месцы з нулём у графе “+ альбо – да задання” ці паказваюць такія “мінусы”, гледзячы на якія становіцца ясна: дабіцца таварнасці 90% ім будзе няпроста. Што было зроблена ва ўпраўленні райсельгасхарчу, каб выканаць пастаўленую задачу? Адказ на гэта пытанне даў першы намеснік начальніка ўпраўлення Віталь РАКЕВІЧ: — У нашым раёне 3-4 снежня былі праведзены куставыя нарады з кіраўнікамі, галоўнымі заатэхнікамі і ветурачамі сельгаспрадпрыемстваў, падчас якіх было патрабавана дабіцца таварнасці малака не менш за 90%. Больш за тое, усе гэтыя спецыялісты сваім асабістым подпісам пацвердзілі, што яны разумеюць пастаўленую задачу і справяцца з ёй. Зрабіць гэта можна, перш за ўсё, за кошт зніжэння выпойвання малаком цялят, замяняючы яго на ЗНМ (заменнік натуральнага (на рускай мове – цельного. — Аўт.) малака). Згодна з заяўкай нашага ўпраўлення ЗНМ быў пастаўлены ў неабходнай колькасці са Слуцкага сыраробнага камбіната з тым, каб яго давалі цялятам з 14-дзённага ўзросту. На 3 снежня мы мелі па раёне рэалізацыю 9 кг малака ад кожнай каровы. Былі зроблены адпаведныя разлікі, згодна з якімі, каб дабіцца неабходнага рэзультату, неабходна было павялічыць надой ад каровы на 540 г. За дзень (разлікі браліся з 3 па 16 снежня) прадукцыйнасць кароў павінна была ўзрастаць на 50-60 г. Адпаведна, вырас бы і вал малака. Аднак, гэтага не адбылося… Трэба сказаць, што некаторыя гаспадаркі пераўзыходзяць свае леташнія паказчыкі па валавой вытворчасці малака. І ў першую чаргу гэта ААТ “Старыца-Агра”, “Піянер-Агра”, ЗАТ “Жыліхава”, ф-л “Лакнея”, СГФ “Руднае”. За апошнія 10 дзён назіраецца прырост малака ў ААТ “Душава”, “Прагрэс 2010”, “Капыльскае”, РСУП “Бабоўня” і найбольш — у ААТ “Піянер-Агра”. У адрас многіх астатніх хочацца выказаць толькі негатыўную ацэнку. Сярод тых, каму не ўдалося наблізіцца да запаветных 90%, ААТ “Праснакі” і КСУП “Доктаравічы”, куды мы разам з Віталем Ракевічам і наведаліся ў мінулы панядзелак. Дарэчы, у гэты дзень групы з ліку работнікаў упраўлення райсельгасхарчу і райветстанцыі пабывалі ў тых сельгаспрадпрыемствах, якія дапускаюць “мінус”, каб пачуць ад кіраўнікоў і галоўных спецыялістаў адказы на пытанні: чаму так адбываецца і што робіцца для змянення сітуацыі ў лепшы бок. У ААТ “Праснакі” пагутарыць давялося толькі з намеснікам дырэктара Міхаілам Карпіенем і галоўным заатэхнікам Нінай Збіроўскай. Кіраўнік жа гаспадаркі Руслан Сухаверх, відаць, палічыў, што ў яго ёсць больш важныя справы і пакінуў межы гаспадаркі (хаця яго асабіста папярэджвалі пра праверку). У сельгаспрадпрыемстве за 15 снежня было прададзена толькі 7,4 кг малака ад кожнай каровы, што на 1,6 кг менш, чым летась. Даведзенае заданне па рэалізацыі не выконваецца на 853 кг (прададзена толькі 4400 тон), таму і пра дасягненне паказчыка ў 90% гаварыць пакуль рана — ён складае 85%. Як сведчаць зводкі, росту прадукцыйнасці за апошнія 13 дзён не было, як і не змяніўся ў лепшы бок паказчык па валавой вытворчасці малака. У сельгаспрадпрыемстве нядаўна ўступіў у строй новы даільна-малочны блок на МТФ “Праснакі”. Частка жывёлы (паводле слоў галоўнага заатэхніка — першацёлкі) утрымліваецца беспрывязна ў адрэстаўрыраваным кароўніку і доіцца ў новай даільнай зале. У другім памяшканні, абсталяваным малакаправодам, каровы стаяць на прывязі. Ніна Іванаўна тлумачыць зніжэнне прадукцыйнасці статка ў тым ліку і тым, што маладым каровам няпроста прывыкнуць да новага памяшкання, да новай даільнай устаноўкі. Аднак, з часам усё наладзіцца, упэўнена жанчына. Як і вырасце таварнасць малака, паколькі яны вось-вось пачнуць прымяняць рэкамендацыі ўпраўлення райсельгасхарчу па выпойванні цялят не малаком, а яго заменнікам. Толькі вось чаму яны гэтага не рабілі раней? Хіба гэты спосаб павышэння таварнасці малака для такога вопытнага спецыяліста, якім з’яўляецца Ніна Збіроўская, у навіну? Не верыцца ў гэта. Відаць, у гаспадарцы стала дрэннай звычкай усё рабіць са спазненнем. Напрыклад, своечасова не падсцілаць кароў, не вывозіць гной з-пад іх. Не прыбіраць раскіданую салому перад самым уваходам на ферму. Думаю, гэты спіс можна прадоўжыць і далей. Яшчэ больш нізкая таварнасць малака зафіксавана ў КСУП “Доктаравічы” — 83%. І гэта самы горшы рэзультат у раёне. Аднак, паводле слоў галоўнага заатэхніка Іны Храмцэвіч, у гаспадарцы намецілася трывалая тэндэнцыя да яе росту. Іна Іванаўна паведаміла, што ў кастрычніку гэты паказчык складаў толькі 67%, у лістападзе — 73%, за першыя два тыдні снежня ён падняўся да 83%. “Мы разумеем, што гэтага недастаткова, — працягвае гутарку дырэктар гаспадаркі Уладзімір Дземянкоў, — а таму пастараемся як мага хутчэй выйсці на патрэбныя рэзультаты”. Праўда, як мяркуе галоўны заатэхнік, для гэтага ім спатрэбіцца яшчэ не менш за два тыдні, з чым Віталь Ракевіч катэгарычна не згодны. У гаспадарцы прымяняецца заменнік натуральнага малака для цялят, якія дасягнулі 14-дзённага ўзросту, але, відаць па ўсім, не ўсе рэзервы яшчэ выкарыстаны. Безумоўна, цяжка “ставіць рэкорды” там, дзе гадамі тапталіся на месцы, дзе прывыклі адмахвацца ад усіх слушных прапаноў і спасылацца на недахоп грашовых сродкаў, дрэнныя кадры. А можа галоўная прычына ўсё ж такі не ў гэтым, а ў няўменні альбо нежаданні спецыялістаў належным чынам арганізаваць працэс. Ці не час задумацца пра гэта? Маргарыта САКОВІЧ Фота аўтара  

info Автор:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей