Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

26

“Вясёлка” адзначыла юбілей

15.12.2013
Святочнай сустрэчай сяброў адзначыла сваё 50-годдзе літаратурнае аб’яднанне “Вясёлка” У раённай цэнтральнай бібліятэцы імя Анатоля Астрэйкі сабраліся самыя адданыя прыхільнікі паэзіі і прозы, людзі, якіх з “Вясёлкай” звязвае не адзін дзясятак гадоў. На працягу ўсяго мерапрыемства яркія ўспаміны-замалёўкі “вясёлкаўцаў”, якія стаялі ля самых вытокаў аб’яднання, гарманічна чаргаваліся з творчасцю паэтаў. “Вясёлка” змагла згуртаваць пад сваім крылом людзей розных узростаў, прафесій, месца жыхарства, інтарэсаў і поглядаў. Але ўсіх іх аб’яднала любоў да мастацкага слова, захапленне прыгажосцю роднага краю, яго працавітымі людзьмі, гістарычным мінулым Капыльшчыны. Вядучая свята — дырэктар Капыльскай раённай цэнтральнай бібліятэкі імя Анатоля Астрэйкі, сакратар літаб’яднання Таццяна Серая — з захапленнем расказвала пра тыя дасягненні, якімі можа ганарыцца “Вясёлка”. Гэта шматлікія выступленні самадзейных паэтаў перад самай разнастайнай слухацкай аўдыторыяй, удзел у пасяджэннях абласнога клуба аматараў слова “Жывіца”, на адным з якіх адбылося прадстаўленне нашага аб’яднання. Капыльскія паэты з ліку “вясёлкаўцаў” прымалі ўдзел у злётах маладых паэтаў Міншчыны. У шэрагу зборнікаў, якія ўбачылі свет на працягу апошніх дзесяцігоддзяў — “Куток дзівосны гнёздаў салаўіных…”, “Бурштынавы россып”, “Вясёлыя кропелькі”, “Дыханне нябёсаў” — творы капыльскіх аматараў слова. Таццяна Пятроўна падкрэсліла вялікую ролю літаб’яднання ў патрыятычным, маральным выхаванні жыхароў Капыльшчыны, асабліва моладзі. Нездарма самадзейных паэтаў часта запрашаюць у навучальныя ўстановы. Менавіта пра такую цесную сувязь “Вясёлкі” і Слабадакучынскай сярэдняй школы расказаў намеснік дырэктара, кіраўнік рэгіянальнага цэнтра вуснагістарычных даследаванняў Барыс Дзенісюк. З вялікай цікавасцю слухалі прысутныя расказ галоўнага рэдактара газеты “Слава працы” Марыі Шэінай і былога супрацоўніка раёнкі, старшыні літаб’яднання Казіміра Кухарчыка пра людзей, якія стаялі ля вытокаў літаратурнага аб’яднання. “У сярэдзіне 90-х гадоў, калі ў літаратурнае аб’яднанне прыйшлі новыя аўтары, наша рэдакцыя нагадвала творчую лабараторыю, — успамінае Марыя Уладзіміраўна. — Тады галоўным дарадчыкам быў Іван Пракарына. Менавіта да яго ішлі са сваімі творамі пачынаючыя аўтары і заўсёды знаходзілі падтрымку і разуменне. Паколькі сярод іх было шмат юных паэтаў, узнікла думка аб узнаўленні дзіцячага аб’яднання “Проба пяра”. І тут на дапамогу прыйшла бібліятэка, у якой ёсць вялікі вопыт работы з падрастаючым пакаленнем. А ўвогуле хачу сказаць вялікі дзякуй бібліятэчным работнікам, і ў першую чаргу Таццяне Пятроўне Серай, за тое, што яны не далі згаснуць “Вясёлцы” і своечасова прынялі эстафету па рабоце з аб’яднаннем”. Марыя Уладзіміраўна расказала пра дзень сённяшні рэдакцыі, узнагародзіла самых актыўных удзельнікаў “Вясёлкі” — Таццяну Серую, Казіміра Кухарчыка, Любоў Мотуз і Тамару Мінчэню — Граматамі Рэдакцыі газеты “Слава працы” і сувенірамі. Падзячнае пісьмо ад імя старшыні райвыканкама было ўручана ў гэты дзень і яшчэ адной надзвычай актыўнай удзельніцы літаб’яднання — Ядвізе Малевіч. Галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Ларыса Юха шчыра павіншавала яе і ўсіх удзельнікаў свята з такой значнай падзеяй і пажадала: “Жывіце доўга. Усё толькі пачынаецца”. Шчыра вітала ўдзельнікаў свята з юбілеем і старшыня ветэранскай арганізацыі ААТ “П-з Дусаеўшчына” Часлава Грыгаровіч. Міні-прэзентацыі кожнага ўдзельніка літаб’яднання, якія прысутнічалі на свяце, папярэднічалі іх выступленням. Аўтары чыталі свае вершы, дзяліліся планамі, творчымі задумамі, расказвалі пра змены, што адбыліся ў іх жыцці. Маргарыта САКОВІЧ Фота аўтара    

Источник:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей