Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

56

Бязмежжа талентаў Капыльшчыны

15.12.2013
[caption id="attachment_32173" align="alignleft" width="224" caption="Майстар-клас па квілінгу пррводзіць Аксана Грыцкевіч"][/caption] Клуб майстроў “Скарбонка” адзначыў 15-годдзе з дня ўтварэння і 10-годдзе з дня прысваення клубу ганаровага звання “народны” Фае РЦК ператварылася ў сапраўдны музей народнай творчасці: на спецыяльных стэндах прадстаўлены вышытыя карціны, саматканыя рушнікі ды дываны, зіхацяць упрыгажэнні з  бісеру,  расстаўлены выразаныя з дрэва фігуркі, цікавяць сваёй незвычайнасцю вырабы ў тэхніцы квілінгу і арыгамі. І ўсё гэта зроблена рукамі нашых землякоў. Дарэчы, створаны гэты клуб быў дзеля таго, каб народныя ўмельцы  маглі  ісці ў нагу з  часам,  і  тым  самым  займацца  адраджэннем і развіццём прыгажосці, каб мацнела непарыўная сувязь пакаленняў. За гады існавання клуба майстры неаднаразова прымалі  ўдзел у разнастайных святах і конкурсах. Перш за ўсё ўражвае вышытая крыжыкам амаль у сапраўдную велічыню легендарная “Джаконда”. А вось і майстрыха – Наталля Чаркас з аграгарадка Быстрыца. Пытаюся: – Ці доўга Вы вышывалі гэтую прыгажосць? – Крыху больш за два гады, – адказвае Наталля. Больш за ўсё мяне (ды і не толькі!) зацікавіла сама тэхніка выканання: вельмі плаўна зроблены пераходы ад аднаго адцення колеру да другога, а на адваротным баку – ніводнага вузельчыка! –  Мабыць, цяжка выконваць такую тонкую работу? – Я вельмі люблю вышыўку, таму для мяне гэта не цяжка, а цікава. Шкада толькі, што часу не хапае. Зацікавілі  і работы Валянціны Рашкевіч: толькі за год, на працягу якога яна займаецца ў клубе, жанчына вышыла шмат маляўнічых карцін. Цікавыя работы майстрых арыгамі Валянціны Мяцельскай і квілінгу – Аксаны Грыцкевіч. Вось вялікі замак, буслы, жар-птушка, зробленыя з маленькіх папяровых модуляў – гэта арыгамі. А кветкі, якія сплецены з рознакаляровых тонкіх папяровых палосачак, – квілінг. – Валянціна Яўгеньеўна, – пытаюся ў жанчыны, – а ці шмат часу Вы затрачваеце, каб зрабіць фігурку? –  Усё залежыць ад аб’ёму вырабу: чым ён большы, тым больш модуляў трэба падрыхтаваць. –  А чым займаецеся зараз? – Асвоіла тэхніку бісерапляцення. У планах – навучыцца ткаць: у мяне мама была ткачыхай. Тым часам каля сцэны адбываецца нешта цікавае: кіраўнік клуба “Скарбонка” Галіна Гурло разам з дырэктарам раённага Цэнтра ткацтва Таццянай Волкавай дэманструюць дыван, выкананы Ларысай Бохан з аграгарадка Скабін. Дыван незвычайны: на чорным плеценым павуцінні – рознакаляровыя кветкі. – Гэты дыван створаны ў далёкім 1961 годзе, – кажа Галіна Аляксандраўна, – паважаная майстрыха падарыла нашаму клубу. У гэты час Ларыса Сямёнаўна сціпла стаіць каля асабістага стэнда. Падыходжу да яе. –  Ларыса Сямёнаўна, раскажыце, калі ласка, як Вы рабілі гэты незвычайны дыван? – Мне тады было 19, маладая яшчэ, – усміхаецца мая суразмоўца. – Каб зрабіць такі дыван, на сцяне хлява набіла сетку з цвічкоў. А потым ільняной ніткай, якую таксама пралі самі, спачатку ўздоўж і ўпоперак абвязвала тыя цвічкі, затым – па дыяганалі. – А зараз Вы таксама робіце такія дываны? – Не, ніткі цяпер не тыя, ды і рознай гаспадарчай работы шмат. Але зусім без творчасці не магу: з 90-га года вышываю. Бачыце, гэта вясельныя рушнікі. Я такія ўнучцы сваёй вышыла і на само вяселле, і для вянчання. У кожнай майстрыхі – свой сакрэт. І на гэтым святочным мерапрыемстве яны сабраліся, каб успомніць, як усё пачыналася, абмеркаваць творчыя планы і, вядома ж, каб атрымаць узнагароды. Ад імя начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Наталлі Царковай вядучы спецыяліст Таццяна Віяленцій уручае граматы і сувеніры майстрам па ткацтве Валянціне Гладкай з в. Праснакі і Валянціне Касач з в. Чырвоная Дубрава, а таксама дырэктару раённага Цэнтра ткацтва Таццяне Волкавай. Атрымалі граматы і вышывальшчыцы Ларыса Бохан з аграгарадка Скабін, Ніна Касцюк з аграгарадка Старыца, Аліцыя Завора з в. Камсамольская, Вера Пашкевіч з аграгарадка Пацейкі, Валянціна Біруля з Капыля. Іван Васілевіч з Капыля, які ўжо працяглы час займаецца разьбой па дрэве, таксама атрымаў грамату. Узнагародзілі і майстра па фларыстыцы Ядвігу Холад з аграгарадка Ванелевічы, майстроў па бісерапляценні Валянціну Макаед з в. Бучаціна, Ірыну Пяткевіч з аграгарадка Мажа і Ірыну Шваюк з Капыля, майстроў модульнага арыгамі Наталлю Валога і Валянціну Мяцельскую з Капыля, майстра дэкупажа Наталлю Карпучок з в. Камсамольская і майстра вырабаў са скуры Мілану Мароз з Капыля. І для ўсіх – музычныя падарункі ад Вячаслава Курчыка, Яўгеніі Леус, Яўгена Сінюка, Валянціны Берасневіч, Любові Галубовіч, Валянціны Зарамбоўскай, Юрыя Апановіча і Мікалая Корбута. Дзіяна ТКАЧЭНКА Фота аўтара    

info Автор:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей