Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

22

Парадак залежыць ад кожнага з нас

15.12.2013
[caption id="attachment_32166" align="alignleft" width="300" caption="Унутрыгаспадарчы кар’ер у ЗАТ “Жыліхава”"][/caption] Раённай інспекцыяй прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, раённым цэнтрам гігіены і эпідэміялогіі сумесна з іншымі зацікаўленымі службамі праводзіцца маніторынг стану парадку на розных тэрыторыях. І самая пільная ўвага надаецца сельгаспрадпрыемствам, сельскім населеным пунктам. Прымаюць удзел у праверках такога кшталту і супрацоўнікі рэдакцыі газеты “Слава працы”. Апошняя з іх адбылася на мінулым тыдні, калі разам з начальнікам Капыльскай раённай інспекцыі ПРіАНА Ігарам Чаркасом быў наведаны шэраг сельскагаспадарчых аб’ектаў, размешчаных на тэрыторыях Доктаравіцкага, Цімкавіцкага, Блеўчыцкага, Бучацінскага і Капыльскага сельсаветаў. З пераліку праблем, якія неабходна трымаць на кантролі, былі выдзелены дзве: выгляд унутрыгаспадарчых кар’ераў і выяўленне пустуючых сельгасаб’ектаў, якія падлягаюць зносу. Безумоўна, нельга было закрыць вочы і на санітарны стан вёсак, праз якія давялося праязджаць. Недры зямлі беларускай Практычна ў кожным сельгаспрадпрыемстве маюцца выдзеленыя згодна з рашэннем райвыканкама ўнутрыгаспадарчыя кар’еры. Гаспадаркі могуць распрацоўваць грунт для здабывання пяску (без права продажу) адкрытым спосабам, адным уступам, без прымянення выбуховых работ на глыбіню да двух метраў. Пясок актыўна выкарыстоўваецца для падсыпкі і паляпшэння дарожных пакрыццяў, дзякуючы такім міні-кар’ерам удалося знізіць і кошт будаўнічых работ пры правядзенні рэканструкцыі малочнатаварных фермаў. Аднак гаспадарнікі не павінны забываць, што яны маюць  пэўныя абавязкі па ўтрыманні кар’ераў. У прыватнасці, неабходна ў абавязковым парадку ўстанавіць інфармацыйныя шчыты з надпісам “Унутрыгаспадарчы кар’ер”, які суправаджаецца звесткамі аб землекарыстальніку (назва, месца знаходжання, кантактны тэлефон), інфармацыяй аб даце і нумары рашэння райвыканкама аб выбары месца размяшчэння кар’ера, пачатку і заканчэнні здабычы карысных выкапняў. На пад’язной дарозе павінен быць устаноўлены шлагбаум. І яшчэ адно — даволі важнае патрабаванне, якое нядаўна агучыў губернатар Мінскай вобласці Сямён Шапіра, — унутрыгаспадарчыя кар’еры павінны быць агароджаны. На жаль, у рэспубліканскіх зводках здарэнняў ёсць і такія, што інфармуюць пра трагедыі, якія адбыліся менавіта на кар’ерах, калі пад абвалам пяску гінуць дзеці. Паводле слоў Ігара Чаркаса, перад кіраўнікамі сельгаспрадпрыемстваў Капыльшчыны пастаўлена задача да 18 снежня бягучага года абгарадзіць усе ўнутрыгаспадарчыя кар’еры. Як паказаў маніторынг, большасць гаспадарак аднесліся з разуменнем да такой важнай справы. У прыватнасці, шмат зроблена ў ААТ “Піянер-Агра”, ЗАТ “Жыліхава”, ААТ “Капыльскае” і інш. Яшчэ нямала трэба прыкласці намаганняў, каб надаць унутрыгаспадарчым кар’ерам належны стан, адкрытаму акцыянернаму таварыству “Ціміразеўскі”. І больш за ўсё (з убачаных намі падчас рэйду. — Аўт.) гэта тычыцца кар’ера ў в. Жабчава. Дамы пустыя, нібы здані… З зямельнай тэмай цесна звязана і тэма зносу пустуючых, невыкарыстоўваемых збудаванняў, у тым ліку і прыватных дамоў. І тут ёсць два бакі аднаго медаля: мала таго, што абшарпаны, часта з выбітымі вокнамі і дзвярыма, з перакошаным дахам будынак зусім не ўпрыгожвае тую ж прыфермскую альбо іншую сельскагаспадарчую тэрыторыю, ён становіцца перашкодай пры заворванні ўчасткаў. Такіх пустуючых будынкаў у наведаных гаспадарках знайшлося нямала. Паводле інфармацыі, атрыманай з упраўлення райсельгасхарчу, пераважная большасць іх запланавана пад знос у будучым 2014 годзе. Зразумела, што гэта патрабуе немалых фінансавых затрат, але, напэўна, і зямля, якую ўдасца ўвесці ў севаабарот, дасць добрую аддачу. Асабліва прыкрае ўражанне засталося пасля наведвання ААТ “Малінава”, дзе стаяць, нібы здані, з дзясятак нікому не патрэбных зруйнаваных будынкаў. Такую ж карціну можна назіраць і ў в. Садавічы, і некаторых іншых населеных пунктах. Спадзяюцца на снег… Добры гаспадар імкнецца да прыходу зімы навесці парадак на сваім прысядзібным участку. Лагічна, што сабранае смецце неабходна вывезці. І добра, [caption id="attachment_32169" align="alignright" width="300" caption="Зона адпачынку"][/caption] калі чалавек сумленна выкіне яго ў спецыяльную машыну, якія рэгулярна збіраюць камунальныя адходы па ўсёй тэрыторыі раёна. Аднак часта мы бачым іншую карціну. Смецце выкідваецца там, дзе хочацца, не толькі забру-джвае навакольнае асяроддзе, але і распаўсюджвае антысанітарыю там, дзе гэтага рабіць ні ў якім разе нельга. Так робяць, напрыклад, жыхары пасёлка Чыжэвічы Доктаравіцкага сельсавета, якія стварылі сапраўдны сметнік на ўездзе ў свой населены пункт. Вельмі прыкрае ўражанне засталося і ад убачанага ля грамадзянскіх могілак в. Садавічы, дзе ля дарогі да гэтага месца жалобы і смутку кучы смецця ўжо ў палову чалавечага росту. Ці можа ўсе спадзяюцца, што смецце схавае снег?.. Напэўна, на гэта разлічваюць і работнікі Орлікаўскага лясніцтва, якія не зусім добрасумленна сочаць за станам месцаў адпачынку, што абсталяваны паўз дарогі. Маецца на ўвазе прыпынак на мяжы са Слуцкім раёнам. Безумоўна, тут перш за ўсё віна тых несумленных адпачываючых, якія без усялякага сораму выкінулі смецце побач з тым месцам, дзе яны, відаць, прыемна адпачылі. Але ж і адказным за парадак на сваёй тэрыторыі таксама трэба своечасова ліквідаваць недахопы. Маргарыта САКОВІЧ Фота аўтара      

Источник:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей