[caption id="attachment_32153" align="alignleft" width="300" caption="Як эфектыўна выканаць практыкаванне, падкажа Святлана Салаўёва"]
[/caption]
Фітнес (англ. fitness, ад дзеяслова “to fit” - адпавядаць, быць у добрай форме) - у больш шырокім сэнсе гэта агульная фізічная падрыхтаванасць арганізма чалавека. Самастойна знайсці аптымальны і дзейсны курс бывае вельмі цяжка. Таму лепш за ўсё звярнуцца да вопытнага інструктара. У трэнера фізкультурна-аздараўленчага комплексу Святланы Салаўёвай у аснове работы — усе самыя сучасныя кірункі. Пабываўшы на занятках, зразумеў, што аздараўленчая гімнастыка даступна для кожнага.
— Святлана Мікалаеўна, фітнес — гэта ўвогуле што?
— У вузкім сэнсе фітнес — азда-раўленчая методыка, якая дазваляе змяніць формы цела, яго вагу і надоўга замацаваць дасягнуты вынік. Як правіла, яна складаецца з фізічных трэніровак у спалучэнні з правільна падабранай дыетай. І практыкаванні, і дыета падбіраюцца індывідуальна — у залежнасці ад супрацьпаказанняў, узросту, стану здароўя, будовы і асаблівасцей постаці. А ўвогуле, гэта ўсё: шэйпінг, аэробіка, бодыбілдынг, бег, плаванне і многае іншае.
— Падчас складання заняткаў чым больш кіруецеся: узростам, падрыхтаванасцю наведвальнікаў ці чымсьці іншым?
— Аздараўленчымі заняткамі наведвальнікі займаюцца ў трох групах: першая — людзі сталага ўзросту, другая — тыя, хто толькі пачаў займацца фітнесам, і трэцяя — больш падрыхтаваныя наведвальнікі заняткаў.
— На што звяртаеце ўвагу, калі рыхтуеце праграму?
— У гэтым годзе акцэнт у групах зроблены на гнуткасць і эластычнасць. Асноўная частка заняткаў будуецца менавіта на расцяжцы. Мяркую, што гэта больш важна, чым, нават, накачаць мышцы. Задача нашых груп — навучыцца расслабляцца.
— Што яшчэ ўздзейнічае на фарміраванне комплексу практыкаванняў?
— Вялікую ролю іграе абсталяванне. Яго наяўнасць таксама ўплывае на практыкаванні, якія выконваем з групамі. У нас абсталяванне паступова зношваецца, а на сучасным рынку з’яўляецца шмат навінак. Адна з іх — фітнес-рынг, які дазваляе скласці не адзін комплекс для любой групы падрыхтаванасці. Звярнулася да дырэкцыі комплексу з прапановай набыць яго, што дазволіла б скласці больш дасканалыя праграмы і прыцягнуць больш людзей да здаровага ладу жыцця.
— Людзі якога ўзросту ў большасці наведваюць групы?
— Ведаеце, узрост розны, але адзначу, што апошнім часам стала больш моладзі. Калі раней сярэдні ўзрост у групах быў каля 40, то цяпер прыкладна каля 30 гадоў. Пры гэтым, да нас прыходзяць не толькі гараджане, але і вяскоўцы.
— Святлана Мікалаеўна, наколькі зразумеў, фактычна ў любы момант можна далучыцца да аздараўленчай гімнастыкі?
— Безумоўна, спачатку навічкі на працягу некалькіх тыдняў будуць наведваць другую групу. А пасля змогуць займацца і з больш падрыхтаванай. Усё залежыць ад іх жадання.
— Дзякуй за размову!
Сяргей ЛАЗОЎСКІ
Фота аўтара
Комментарии