[caption id="attachment_32043" align="alignleft" width="300" caption="Павел Васільевіч Сямёнаў (70-я гады)"]
[/caption]
Павел Васільевіч Сямёнаў быў адным з тых нямногіх людзей, чый асабісты прыклад вучыў і дзяцей, і дарослых больш за ўсе падручнікі разам узятыя. Адзін з вядомых краязнаўцаў, былы намеснік старшыні Капыльскага райвыканкама. У лістападзе гэтага года яму споўнілася б 70...
Асабістае
Павел Васільевіч выкладаў гісторыю ў нашым, самым першым педагагічным класе, створаным на базе СШ №2 г. Капыля. Менавіта яму дырэктар Багдановіч Барыс Канстанцінавіч даручыў гэтую пачэсную, але разам з тым вельмі адказную працу. Памятаю, што настаўнік вучыў нас не толькі гісторыі, але і добрым манерам:
– Калі вы пазяхаеце, закрывайце рот рукой. Не хапае далоні – бярыце падручнік. Калі ўжо і падручніка не хопіць, вазьміце партфель. Але ніколі не рабіце гэтага адкрыта.
Хіба ж можна было пасля такой заўвагі пазяхаць, тым больш на ўроку!
Альбо такі выпадак. На ўроку гісторыі вывучалі палітычнае становішча ў розных краінах. Дайшла чарга і да Англіі, дзе ў той час кіравала ўсім вядомая Маргарэт Тэтчэр.
– Калі ласка, скажыце, – пытае настаўнік, – як называлі гэтую знакамітую жанчыну за яе моцны характар?
Падымаецца вучань і спрабуе адказаць:
– Яе называлі Жалезная... – запнуўся.
Сябар па парце падказве: “… баба!”
– Жалезная Баба! – прагучаў адказ.
– Можа яна і баба, – пад гучны смех аднакласнікаў і жартам, і ўсур’ёз каменціруе Павел Васільевіч, – але ў Англіі яна завецца лэдзі – Жалезная Лэдзі.
[caption id="attachment_32044" align="aligncenter" width="443" caption="Дэманстрацыя 3 ліпеня 1978 г."]

[/caption]
А пра тое, што ўвечары абавязкова трэба чытаць энцыклапедыю ці слоўнік, Павел Васільевіч паўтараў кожны ўрок. Бо сам так рабіў – за свае бязмежныя веды ён карыстаўся вялікім аўтарытэтам не толькі ў вучняў, але і ў калег. Да яго звярталіся па параду – і заўсёды яе атрымлівалі. Ведалі мы, вучні, і пра вялікую любоў да мастацтва, таму што нават на ўроках ён ціха напяваў арыі з вядомых опер. Ды і мы першае адкрыццё вялікага свету прафесійнага мастацтва здзейснілі ў 4 класе разам з Паўлам Васільевічам і класным кіраўніком Багдановіч Святланай Сямёнаўнай. Гэта быў балет “Лебядзінае возера”.
Усё пачынаецца з дзяцінства
Каб стаць тым, кім усе яго ведалі, Паўлу Васільевічу прыйшлося прайсці вельмі няпросты шлях. Дзяцінства было невясёлае, галоднае: бацька загінуў у Вялікую Айчынную на Буйніцкім полі. Маці адна выхоўвала чацвёра дзяцей. Таму з дзяцінства не цураўся ніякай працы, рана стаў самастойным і адказным.
Менавіта гэтыя рысы характару дапамаглі Паўлу ў студэнцкія гады: з 1966 па 1970 год ён быў намеснікам камандзіра студатрада і загадчыкам гаспадарчай часткі ў час пакарэння цалінных зямель Казахстана і нават Сібіры.
Дарэчы, на сваё першае месца працы Сямёнаў з’явіўся 25 жніўня 1970 года пасля апошніх працоўных дзён па сплаве лесу на сібірскіх рэках. І адразу – дырэктар Грозаўскай сярэдняй школы.
Выбраць свой напрамак у жыцці
А ўсё магло скласціся зусім інакш. Справа ў тым, што пасля заканчэння БДУ Паўлу Васільевічу прапанавалі аспірантуру і працу… у Міністэрстве культуры. Але лёс не падманеш. Паўлу Васільевічу Сямёнаву выпаў гонар стаць менавіта “краязнаўцам і вядомым гісторыкам Капыльшчыны”, як пазней яго назаве Іван Ігнатчык у сваім артыкуле. Так адзначыў і кандыдат мастацтвазнаўства, намеснік міністра культуры і наш зямляк Сяргей Пятровіч у лісце да Сямёнава.
За пяць гадоў кіраўніцтва Грозаўскай СШ дырэктар Сямёнаў стварыў, як пазней скажа Марыя Сандрозд падчас узначальвання аддзела адукацыі, “школу Сямёнава з асаблівай атмасферай творчасці”. Гумар і справядлівыя адносіны ў ацэнцы працы як педагогаў, так і вучняў, дапамаглі маладому кіраўніку не толькі наладзіць узаемаадносіны з няпростым калектывам, але і ўсталяваць іх такім чынам, што і праз шмат гадоў многія былыя калегі працягвалі падтрымліваць сувязі з яго сям’ёй.
[caption id="attachment_32045" align="aligncenter" width="443" caption="Сустрэча з Іванам Навуменкам, 1978 г."]

[/caption]
Пасля Грозаўскай школы Павел Васільевіч узначаліў раённы аддзел народнай адукацыі. Разам з тым яго выбралі дэпутатам раённага Савета дэпутатаў працоўных. А ўжо з лістапада 1975 года і да жніўня 1984-га з’яўляўся намеснікам старшыні райвыканкама. Дырэктар Нацыянальнага культурнага цэнтра імя Ф. Скарыны, Прэзідэнт Міжнароднай Асацыяцыі беларусістаў, доктар філалагічных навук Адам Мальдзіс, сустрэўшыся ў той час з Сямёнавым, адзначыў, што ён “не толькі намеснік старшыні, але і перакананы краязнавец” (“ЛіМ” ад 16.10.1981 г.).
На гэтай адказнай пасадзе клапаціўся Павел Сямёнавіч і пра педагогаў (узводзіліся новыя школы, адбыўся пераход на кабінетную сістэму і многае іншае), і пра медыкаў (былі пабудаваны Семежаўская ўчастковая бальніца, 12 ФАПаў, стаматалагічная паліклініка, цеп-латраса да раённай бальніцы). “Шкада толькі, што пра гэта хутка забываецца”, – так адзначыў былы галоўны ўрач раённай бальніцы Станіслаў Міхнайць (“СП” ад 30.04.2004 г.).
[caption id="attachment_32047" align="aligncenter" width="400" caption="Уся сям’я разам – Ніна Мікалаеўна, Павел Васільевіч, Аксана і Ігар, 2002 г."]

[/caption]
Настаўнік – гэта стан душы
Новую, не менш цікавую, старонку ў лёсе Сямёнава адкрыла вяртанне ў школу. Яго хвалявалі і цікавілі поспехі вучняў. “Ён жыў нашым жыццём, не шкадуючы свайго”, – так гаворыць колішняя вучаніца, а зараз вядучы спецыяліст аддзела адукацыі Вольга Зарамбоўская (Аўсянік).
Я таксама памятаю, як мне, вучаніцы 7 класа, адразу пасля Вялікадня мама дала два чырвоныя яйкі, каб я іх занесла класнаму кіраўніку і іншаму любімаму настаўніку. Чаму яна так зрабіла – не ведаю: у той час рэлігія і святы былі пад вялікай забаронай. Таму я апынулася ў вельмі далікатным становішчы: Святлана Сямёнаўна і Павел Васільевіч (я абрала яго любімым настаўнікам) тыя яйкі з удзячнасцю ўзялі і доўга смяяліся.
Падчас настаўніцкай дзейнасці Павел Васільевіч распрацаваў новыя турыстычныя маршруты, адным з першых у раёне адкрыў аднадзённы маршрут Капыль-Мір-Навагрудак-возера Свіцязь-Нясвіж-Капыль.
Як сведчанне бясконцай вучнёўскай павагі – кветкі на магіле ў памятныя дні: 1 верасня, да Дня настаўніка, вечара сустрэчы з выпускнікамі, дня нараджэння.
Яго Вялікасць Тэатр
Сапраўдным захапленнем, якое аказала ўплыў на ўсю дзейнасць Сямёнава, стаў менавіта тэатр. Раз і назаўсёды ён быў улюбёны ў незвычайны голас народнай артысткі УССР Аксаны Петрусенка (1900-1940 гг.). Павел Васільевіч сабраў багаты матэрыял аб жыцці і творчасці спявачкі, меў фанатэку яе творчасці. 25 лютага 1980 года на вечары, прысвечаным 80-годдзю артысткі, дзе наш зямляк выступаў па запрашэнні кіраўніцтва Украінскага тэатральнага грамадства, яго прамова на беларускай мове была ўзнагароджана сапраўднай авацыяй.
У сваім захапленні мастацтвам Павел Васільевіч не ведаў ніякіх абмежаванняў: оперу Дж. Вердзі “Аіда” слухаў 24(!) разы ў самых розных тэатрах СССР. Сваім музыкальна-энцыклапедычным далягладам здзіўляў знаёмых: былы дырэктар Беларускага тэатра оперы і балета Васіль Букань і яго жонка ніяк не маглі паверыць, што Павел Васільевіч не мае музычнай адукацыі!
Павел Васільевіч быў знаёмы з паэтамі і пісьменнікамі Нілам Гілевічам, Іванам Навуменкам, Адамам Русаком, Янкам Скрыганам, Алесем Адамовічам. Сустракаўся з Элеанорай Язерскай. Сярод знаёмых знакамітасцей – балетмайстар Валянцін Елізар’еў, кампазітар Сяргей Картэс, дырыжор Аляксандр Анісімаў, народныя артысткі СССР Алена Абразцова, Ірына Архіпава, Марыя Біешу, мастак Уладзімір Пасюкевіч. Удзельнічаў у пахаванні Пятра Машэрава, узначальваў дэлегацыю ў святкаванні 90-годдзя з дня нараджэння Цішкі Гартнага. Спіс адметных спраў Сямёнава можна працягваць і працягваць. Зазначым толькі, што дзякуючы асабістым сувязям Паўла Васільевіча капыляне таксама мелі магчымасць сустрэцца з цікавымі людзьмі. “Эпоха Сямёнава”, – так назваў былы намеснік старшыні райвыканкама Уладзімір Аляшкевіч перыяд сумеснай працы.
На стале Сямёнава застаўся не-дапісаны артыкул “Літаратурныя вуліцы Капыля”. Пачаў пісаць краязнаўчую энцыклапедыю “Капыльшчына”. Але...
Сям’я
Любоў да вандраванняў, мастацтва Павел Васільевіч перадаў сваім дзецям. Ігару і Аксане (нават іх імёны выбраны невыпадкова). Сваю другую палавінку, аднадумцу, надзейную спадарожніцу сустрэў на тым жа курсе БДУ, дзе і сам вучыўся. Ніна Мікалаеўна на працягу трыццаці аднаго года заўсёды была побач. Сын Ігар зараз дацэнт, кандыдат медыцынскіх навук, загадчык кафедры “Гігіена працы” Беларускага дзяржаўнага медуніверсітэта, дзе і выкладае пасля заканчэння аспірантуры. Дачка Аксана на працягу 20 гадоў настаўнічае ў СШ №2 г. Капыля. Дзякуючы бацькоўскай пяшчоце і дабрыні Паўла Васільевіча дзеці атрымалі надзейную духоўную падтрымку.
Замест эпілога
На першай старонцы тоўстага сшытка, дзе сабраны матэрыялы пра любімую спявачку Аксану Петрусенка, рукой самога Паўла Васільевіча зроблены надпіс з вядомага твора Метэрлінка “Сіняя птушка”: “Памерлыя, пра якіх памятаюць, жывуць гэтак жа, як калі б яны і не памерлі”.
Дзіяна ТКАЧЭНКА
Фота з сямейнага архіва Сямёнавых
АД РЭДАКЦЫІ. Выказваем удзячнасць Ніне Мікалаеўне Сямёнавай за прадастаўленыя матэрыялы аб Паўлу Васільевічу.
Комментарии