Актыўная жыццёвая пазіцыя — сакрэт самарэалізацыі і поспеху. Сям’я Святланы і Валерыя Лазарэвічаў з вёскі Бабоўня добра ведае гэту ісціну! Менавіта мэтанакіраванасць і неабыякавасць да грамадскага жыцця дапамагла ім перамагчы ў маладзёжным сельскагаспадарчым праекце “Уладар вёскі” спачатку ў раёне, затым — у вобласці, дастойна выступіць на рэспубліканскім этапе. А вось пра некаторыя сакрэты сямейнага жыцця Лазарэвічаў даведаліся, наведаўшыся ў госці да маладой сям’і.
[caption id="attachment_31903" align="aligncenter" width="443" caption="Карына, Валерый, Валерыя і Святлана Лазарэвічы"]
[/caption]
Сустрэча
Моладзь з Новых Доктаравіч і Ванелевіч, дзе жылі, адпаведна, Святлана і Валерый, часта сустракалася на танцах у клубе ці чыім-небудзь вяселлі. Юнакі і дзяўчаты з гэтых населеных пунктаў сябравалі, разам ездзілі гуляць у суседнія вёскі. Усе ведалі адзін аднаго, але толькі не нашы героі. Знаёмства адбылося выпадкова…
Аднойчы Святлана, на той момант — студэнтка Нясвіжскага педагагічнага каледжа, з сяброўкай вярталася з вучобы ў Новыя Доктаравічы. На вуліцы ўжо сцямнела. На прыпынку ў Капылі, дзе чакалі аўтобус, каб даехаць дадому, дзяўчаты ўбачылі высокага, прыгожага юнака. “Вось добра, не будзе сумна ісці адной дадому, — сказала сяброўка. — Валера Лазарэвіч правядзе”. Размаўлялі маладыя людзі не вельмі доўга, пасля чаго хлопец запрасіў менавіта Святлану на вяселле ў наступныя выхадныя. З гэтага моманту сталі сустракацца, тэлефанавалі адзін аднаму (на той момант Валерый жыў у Мінску і працаваў у сілавых структурах). Так прайшлі два гады, пакуль не адбылася лёсавызначальная падзея…
Вяселле
Ішоў 2002 год. Маладая пара прыехала ў Новыя Доктаравічы да маці Святланы. Адчынілі дзверы і замерлі: за сталом сядзелі іх бацькі. “Мы вырашылі: першага чэрвеня ў вас вяселле, — прагучала фраза, як гром сярод яснага неба. — Ваша справа — купіць кольцы. Гасцей самі запросім”. Сказана — зроблена! Менавіта ў назначаны бацькамі дзень і згулялі вяселле.
Праз год у маладой сям’і з’явіўся першынец — дачушка Валерыя. Святлана працягвала вучобу ў Нясвіжы (заставалася давучыцца некалькі месяцаў), а Валерый тым часам, звольніўшыся з міліцыі, няньчыў немаўля. Пасля ўжо пераехалі ў Новыя Доктаравічы. Там маладая маці атрымала сваё першае працоўнае месца — настаўніцы рускай мовы і літаратуры ў мясцовай адзінаццацігодцы, а галава сям’і працаўладкаваўся да індывідуальнага прадпрымальніка.
На пастаяннае месца жыхарства ў вёску Бабоўня Лазарэвічы пераехалі ў 2004 годзе, калі Валерыю прапанавалі пасаду лесніка ў Бабаўнянскім лясніцтве Капыльскага лясгаса. Атрымаўшы службовае жыллё, пакрысе пачалі ператвараць яго ва ўтульны сямейны куток: у вольны час Святлана (ужо настаўніца Лясноўскай СШ) высаджвала кветкі, Валерый займаўся рамонтам дома. З цягам часу з’явілася і вялікая гас-падарка: куры, свінні, трусы. Ціхімі вечарамі гаспадыня любіла вышываць, вязаць. Шмат прыгожага адзення для дачушкі Леры яна рабіла менавіта сваімі рукамі. На выхадных гаспадар рыбачыў, але больш захапляўся паляваннем і пчалярствам.
“Уладар вёскі”
Ціхае сямейнае жыццё ішло сваёй чаргой. Часта актыўных маладых людзей запрашалі на разнастайныя конкурсы, спартыўныя мерапрыемствы. Але паасобку. Аднойчы, у 2010 годзе, маладой сям’і прапанавалі паўдзельнічаць у раённым этапе праекта “Уладар вёскі”. Так пачалася новая старонка ў жыцці Лазарэвічаў. У тым сезоне на працягу некалькіх дзён сям’я змагалася за перамогу, прыкладваючы максімум намаганняў. Яны пасябравалі з многімі канкурсантамі, добрыя адносіны наладзіліся з першымі пераможцамі рэспубліканскага конкурсу сям’ёй Пыкаў, якія ўваходзілі ў склад журы. Але галоўны тытул ім тады не дастаўся.
У 2011 годзе ў Лазарэвічаў дабавілася клопатаў, але прыемных: на свет нарадзілася яшчэ адна дачушка — Карына, і сям’я атрымала новы прасторны дом. Валерый змяніў работу: быў прызначаны намеснікам дырэктара па будаўніцтве ТАА “Белармбудкомплекс”. Праз год ізноў прапанавалі паспаборнічаць ва “Уладары”. Святлана і Валерый доўга думалі, раіліся. І тым не менш згадзіліся. Тады, на жаль, спроба перамагчы таксама не ўдалася.
[caption id="attachment_31904" align="aligncenter" width="443" caption="Сям’я Лазарэвічаў (справа) на абласным этапе “Уладара вёскі”"]

[/caption]
Калі сёлета да іх завітала старшыня Бабаўнянскага сельвыканкама Ірына Запольская з аналагічнай прапановай, Лазарэвічы катэгарычна былі супраць… Як удалося ёй угаварыць маладую пару, застаецца сакрэтам. Але Лазарэвічы ніяк не шкадуюць, што з’явіліся на плошчы Леніна ў Капылі, дзе праходзіў раённы этап конкурсу. Тады перамога для іх стала нечаканасцю. Бура станоўчых эмоцый была і пасля атрымання галоўнага тытула на абласным этапе. Не лішнім будзе нагадаць, што вялікі ўклад у перамогу ўнесла дачка Валерыя, якая ўразіла членаў журы ігрой на цымбалах.
На рэспубліканскія “Дажынкі” ў Жлобін Гомельскай вобласці, дзе праходзіў фінал праекта, збіраліся з вялікім хваляваннем. Але падтрымка знаёмых, раённай улады, актыву маладзёжнага руху раёна дапамагалі ім сабрацца з сіламі. Разнастайныя конкурсы Лазарэвічы пераадольвалі дастойна: то заваёўваючы першае месца, то трапляючы ў тройку лідараў.
На падвядзенне вынікаў выходзілі з надзеяй на перамогу. Журы, на жаль, тытул прысудзіла мнагадзетнай сям’і з Віцебскай вобласці.
Дадому вярталіся, вядома ж, без настрою. Але тут Валерыю на мабільны тэлефон прыйшло смс-паведамленне:
“Лазаревичи, вы – класс!
И вся область лишь за вас.
Все равно с победой поздравляем
И быть лучшими всегда желаем.
От Минского обкома ОО “БРСМ” самые искренние поздравления и слова благодарности за то, что вы такие есть. До новых встреч. Вы для нас — лучшие!”
Пасля такіх слоў удзячнасці горыч паражэння адступіла на другі план…
Сакрэт шчасця
Пасля праекта яшчэ доўга ім тэлефанавалі з абласных і рэспубліканскіх СМІ з просьбай даць інтэрв’ю, сфатаграфаваць, зрабіць відэасюжэт. А пасля жыццё пайшло нармальным ходам — сямейныя клопаты, добраўпарадкаванне тэрыторыі вакол катэджа. Будаўнічы вопыт дапамагае Валерыю рабіць дом больш утульным, Святлана займаецца выхаваннем двухгадовай Карыны. І, бясспрэчна, разам радуюцца поспехам Валерыі ў сярэдняй і музычнай школах. Наперадзе ў Лазарэвічаў яшчэ шмат планаў, якія неабходна рэалізаваць.
Гледзячы на маладую і пазітыўную пару, нельга было не спытаць, у чым сакрэт іх сямейнага шчасця. Святлана і Валерый адказалі проста: “Усе рашэнні мы прымаем толькі сумесна”.
Сяргей ЛАЗОЎСКІ
Фота аўтара
Комментарии