У сакавіку 1963-га на пасаду рэдактара капыльскай раённай газеты быў прызначаны Віктар Адамавіч Семянкевіч. Менавіта з гэтага часу раёнка набыла новую назву — “Слава працы”. Але гэта было не апошняе новаўвядзенне.
[caption id="attachment_31655" align="alignleft" width="300" caption="Будынак рэдакцыі на плошчы Калгасніка (70-я гады ХХ ст.)"]

[/caption]
Як успамінае Віктар Адамавіч, падчас яго працы намеснікам рэдактара Пухавіцкай міжраённай газеты ў гэтым перыядычным выданні рыхтаваліся тэматычныя старонкі, дзе знаходзілі месца вершы, байкі, гумарэскі і апавяданні самабытных аўтараў. У капыльскай раёнцы такіх палос не было. Таму “ў мэтах згуртавання літаратурных сіл”, як пісала тады раёнка, пры рэдакцыі вырашана было стварыць літаратурнае аб’яднанне. Спачатку ў яго ўвайшлі 15 чалавек. А ўзначаліў суполку паэтаў і празаікаў адказны сакратар рэдакцыі Усевалад Гурыновіч. З гэтага часу і пачалася гісторыя “Вясёлкі”.
У газету пісалі людзі самых розных прафесій у разнастайных жанрах. На пасяджэннях літаб’яднання, якія праходзілі прыкладна два разы на год, творы самабытных аўтараў аналізаваліся, выказваліся ўражанні, часам — заўвагі. Актыўнымі няштатнымі аўтарамі на той час былі Мікалай Макарчук з калгаса “Піянер”, настаўнік Макранскай васьмігодкі Уладзімір Рамашка, супрацоўнік газеты Уладзімір Балога, грэйдэрыст Капыльскага ДЭУ-124 Аляксандр Ясючэня,

рабочы саўгаса “Крыніца” Анатоль Казлоўскі, студэнт Віцебскага ветэрынарнага інстытута (ураджэнец вёскі Малінаўка) Аляксандр Кіеня і многія іншыя. Часам на літаратурных старонках змяшчаліся творы нашых знакамітых землякоў: Адама Русака, Анатоля Астрэйкі, Сцяпана Александровіча.
З прыходам у рэдакцыю Івана Пракарыны на пасаду намесніка рэдактара “Вясёлка” набыла новую сілу. Іван Іванавіч, узначальваючы літаратурнае аб’яднанне, сам з’яўляўся выдатным паэтам, карыстаўся аўтарытэтам, заўсёды мог даць слушную параду як маладым, так і сталым аўтарам, многія з якіх і сёння з’яўляюцца актыўнымі няштатнымі карэспандэнтамі раёнкі…
Віктар Адамавіч Семянкевіч віншуе ўсіх удзельнікаў літаб’яднання з юбілеем і жадае новых творчых ідэй і знаходак.
Сяргей ЛАЗОЎСКІ
Комментарии