Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

33

Змагар за шчасце народа

08.11.2013
Даўно займаюся краязнаўчай справай, стараюся знайсці невядомае, але слаўнае пра Капыльшчыну, пра яе знакамітых людзей. Адным з іх з’яўляецца навучэнец Цімкавіцкага вышэйшага народнага вучылішча Павел Жалезняковіч. Рэвалюцыянер, актыўны член Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі. Ён разам з такім жа змагаром з панскай  дэфензівай Уладзімірам Царуком будзе асуджаны на пажыццёвае зняволенне. Нарадзіўся славуты зямляк 10 кастрычніка 1906 года ў вёсцы Лешня ў сям’і святара Георгіеўскай царквы. Затым усё сямейства пераехала ў мястэчка Цімкавічы. Яму пашанцавала вучыцца ў вышэйшым народным вучылішчы. Гісторыю выкладаў Мікалай Раманоўскі, а французскую мову – Надзея Даменя. Менавіта гэтыя выкладчыкі прывівалі імкненне да тэатральнай творчасці сваім выхаванцам. Вучылішча давала веды больш чым нават сённяшняя базавая школа. Яго студэнты атрымлівалі  дадаткова прафесіі: краўца або бухгалтара. Павел атрымаў пасведчанне бухгалтара, што ў будучым дапамагала ў савецкай і партыйнай рабоце. Павел закончыў вучылішча ў 1920 годзе, якраз тады, калі з Капыльшчыны выгналі белапалякаў, і паехаў у госці да свайго брата Арсена ў мястэчка Ярэмічы. Але ў лістападзе Заходняя Беларусь адышла да Польшчы, і шляхі на радзіму для юнака былі адрэзаны. Павел застаўся жыць у братавай сям’і. Мястэчка пры Нёмане не  скарылася акупантам. Актыўна дзейнічала камуністычнае падполле, яго актывісты на тэлеграфных слупах і на дрэвах вывешвалі чырвоныя сцягі. Будучы Герой Савецкага Саюза Уладзімір Царук трымаў невялічкую краму, якая стала цэнтрам падпольнай работы, а самым актыўным барацьбітом з акупантамі стаў Павел Жалезняковіч. Ён працаваў паштальёнам і па явачных адрасах дастаўляў камуністычную літаратуру і лістоўкі. Крама Царука служыла месцам сувязі паміж вяскоўцамі і падпольным цэнтрам. Польская дэфензіва не драмала і лавіла падпольшчыкаў. У 1926 годзе 20-гадовы Жалезняковіч быў арыштаваны. Яго катавалі ў пастарунку, але ён нікога не выдаў. Калі яго выпусцілі, то сябры сустракалі Паўла як героя. Але знайшоўся здраднік, які выдаў усіх актывістаў. Над правакатарам быў хуткі суд. Следчы пан Лабяк западозрыў Царука і  Жалезняковіча, што яны маюць дачыненне да знікнення панскага паслугача. Спачатку паліцэйскія забралі іх, а потым усіх членаў райкама. Іх катавалі і асудзілі да пажыццёвага зняволення. У турме Павел атрымаў хранічны рэўматызм суставаў рук і ног. Доўгае зняволенне падарвала здароўе нашага земляка. Восенню 1939 года наглядчыкі Равіцкай турмы збеглі ад наступаючых фашыстаў, і мясцовыя жыхары адчынілі дзверы камеры Паўла  Жалезняковіча і Уладзіміра Царука. Затым на рацэ Буг наш зямляк сустрэў воінаў-вызваліцеляў і вярнуўся ў Ярэмічы. З энтузіязмам Жалезняковіч уключыўся ў будаўніцтва новага жыцця. Спачатку загадваў паравым млынам у вёсцы Турэц, затым узначаліў Турэцкі сельскі Савет, а ў 1940 годзе стаў сакратаром Мірскага райвыканкама. Гэтыя бурлівыя гады, калі ствараліся першыя калгасы і будаваліся школы, далі шмат вопыту, які ён прыменіць, калі будзе працаваць на высокіх пасадах. Пачалася вайна. Лёс закідае Паўла ў далёкі Орск, куды ён у 40-градусны мароз будуе эвакуіраваны з Беларусі абарончы завод. Ён разумее, што патрэбен тут, у тыле, але ўсёй душой ірвецца на змаганне з фашыстамі. Піша заяву ў ЦК КПБ, каб дапамаглі стаць салдатам. У маі 1942 года атрымлівае тэлеграму:  “З’явіцца на вучобу ў Маскву”. Там ён закончыць спецшколу і стане інструктарам падрыўной справы. З такіх як ён спецыялістаў арганізуецца група, якая будзе прабірацца праз  заслоны ворага ў Налібоцкую  пушчу. Яны прайшлі патаемнымі сцежкамі і былі прыняты ў партызанскую брыгаду “Камсамолец”. Мінёры адразу заявілі пра сябе. Пад умелым кіраўніцтвам камісара было ўзарвана шмат эшалонаў, праведзена і вялікая колькасць  паспяховых штурмаў гітлераўскіх гарнізонаў. Калі прыйшло доўгачаканае вызваленне, атрад Жалезняковіча дапамагаў воінам-вызваліцелям гнаць немцаў. Пасля вайны Жалезняковіч паказаў сябе ўмелым кіраўніком-гаспадарнікам. Спачатку быў першым сакратаром Любчанскага, а затым Мірскага і Карэліцкага райкамаў партыі. Узначальваў ён і Мірскі райвыканкам. Шмат пры ім  узводзілася розных аб’ектаў. Міршчына хутка аднавілася і папрыгажэла. Апошнія гады ён жыў у Карэлічах на вуліцы Партызанскай, 9. У гэтым гарадку ў гонар яго названа адна з вуліц, а таксама калгас паблізу Міра. Ён узнагароджаны баявымі ордэнамі  і медалямі, а таксама за стваральную працу – ордэнам Леніна. Іван ІГНАТЧЫК, г. Капыль  

info Автор:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей