У ДУА “Слабадакучынская СШ” значная ўвага надаецца выбару будучай прафесіі выпускнікамі. Кожны год школу наведваюць выкладчыкі вышэйшых і сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў краіны.
Так, 24 кастрычніка адбылася сустрэча з Генадзіем Аркадзьевічам Гесцем, загадчыкам кафедры арганізацыі вытворчасці ў АПК Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта. Выкладчык пазнаёміў прысутных з правіламі паступлення і гісторыяй адкрыцця ўніверсітэта і паведаміў, што створана навучальная ўстанова ў 1951 годзе. Рыхтуе спецыялістаў вышэйшай кваліфікацыі для аграпрамысловага комплексу краіны па трох асноўных кірунках: аграбіялагічны, біятэхналагічны і эканамічны. Абітурыенты ў залежнасці ад выбару спецыяльнасці прадстаўляюць сертыфікат цэнтралізаванага тэсціравання па трох прадметах. Сярод іх матэматыка, беларуская (руская) мова, хімія, біялогія і англійская мова.
Падчас размовы выпускніца 11 класа Кацярына Кашуба пацікавілася, чым жа сёння ўніверсітэт можа прывабіць будучых абітурыентаў? На што Генадзій Аркадзьевіч адказаў, што ўсе студэнты, якія там вучацца, маюць магчымасць пражываць у добраўпарадкаваных інтэрнатах, бясплатна прайсці навучанне і атрымаць вадзіцельскае пасведчанне катэгорыі “В”, а пры паспяховым навучанні прайсці вытворчую практыку ў краінах Заходняй Еўропы (Польшча, Германія, Данія і інш). Пры жаданні ў перыяд навучання па асноўнай спецыяльнасці аграбіялагічнага ці тэхналагічнага профіляў на 3-4 курсах студэнты могуць паступіць у Вышэйшую школу кіравання пры ўніверсітэце і атрымаць паралельна другую вышэйшую адукацыю. Лепшыя студэнты атрымліваюць Прэзідэнцкую стыпендыю і стыпендыю імя Дубко.
Далей выступіў Міхаіл Міхайлавіч Валуевіч, галоўны спецыяліст упраўлення райсельгасхарчу па ахове працы, транспартнай і пажарнай бяспецы. Міхаіл Міхайлавіч адразу адзначыў, што Капыльшчына мае патрэбу ў кадрах для сельскай гаспадаркі, таму будзе рада прыняць новых спецыялістаў. Таксама расказаў, што некаторыя выпускнікі Гродзенскага ўніверсітэта працуюць кіраўнікамі сельскагаспадарчых прадпрыемстваў Капыльскага раёна, а таксама галоўнымі спецыялістамі раённага выканаўчага камітэта. Прыклад таму — Наталля Васільеўна Філіновіч, начальнік аддзела вытворчасці, якая прыйшла з пасады галоўнага агранома ААТ “Мажа-Агра”. М. М. Валуевіч паабяцаў будучым магчымым выпускнікам сельскагаспадарчых ВНУ гарантаванае працаўладкаванне, добраўпарадкаванае жыллё, службовы аўтамабіль, калі хто-небудзь з іх прыйдзе на работу ў сельскую гаспадарку нашага раёна.
Барыс ДЗЕНІСЮК,
кіраўнік рэсурснага цэнтра вуснагістарычных даследаванняў
Комментарии