Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

40

Копыльский фестиваль эстафет

22.09.2010

18 верасня Капыль сустракаў удзельнікаў Нацыянальнага фестывалю эстафетнага бегу “Капыльскія пагоркі”. Удзел у традыцыйным мерапрыемстве прынялі 624 спартсмены са 142 каманд, якія прадстаўлялі розныя куткі Беларусі.

Каму патрэбны гэтыя спаборніцтвы?

На жаль, на свяце здароўя і спорту было не так многа гледачоў. Неаднаразова прыходзілася чуць ад людзей рознага ўзросту і сацыяльнага становішча пытанне: “Каму трэба гэтыя спаборніцтвы?” На мой погляд, адказ відавочны. Але агучваць яго покуль не буду. Паспрабую лагічна да яго давесці.

Мы, капыляне, часта скардзімся на недахоп культурна-масавага жыцця. Маўляў, няма куды пайсці, няма дзе правесці вольны час з сябрамі, знаёмымі і ўвогуле – няма на што паглядзець. І вось некалькі дзесяткаў (калі не соцень) людзей робяць культурную, забаўляльную праграму для Вас, ладзяць спаборніцтвы, на якія прыязджаюць знакамітыя і не вельмі знакамітыя бегуны. А Вы, прасядзеўшы гэты дзень на канапе, яшчэ пасля пракаменціруеце, што і рабіць там не было чаго.

Абыякавасць і лянота. Вось тыя “рухавікі”, якія не даюць па-сапраўднаму карысна правесці свой выхадны дзень. Ды што там свой. Дарослыя часта забываюць: гледзячы на такое дзейства, сэрцы іх дзяцей, унукаў пачынаюць біцца часцей. Менавіта самыя маленькія гледачы бачаць і адчуваюць тую атмасферу, якая пануе на спартыўным свяце. Вы іх гэтага свята пазбавілі. Дзеці падрастаюць, капіруючы часта манеры і звычкі татаў, матуль… А пасля здзіўляемся: адкуль у нашых сыноў і дачок такая абыякавасць да ўсяго? Таму скажу, што наша спартыўнае свята трэба калі не нам, дык нашым дзецям бясспрэчна.

“Капыльскія пагоркі” – не толькі бег з горкі

Прыкладна так характарызаваў Нацыянальны фестываль эстафетнага бегу адзін з каляровых аксесуараў, які быў устаноўлены на трасе галоўнага старту – экідэна. Сапраўды  - не толькі. Гэта магчымасць для многіх юных спартсменаў паказаць свае здольнасці, перажыць шчаслівыя хвіліны перамогі і многае іншае. А яшчэ – сустрэча са знакамітымі асобамі, спартсменамі, якіх, дарэчы, было ўдосталь. На цырымоніі адкрыцця прысутнічалі такія ганаровыя госці, як Герой Беларусі Міхаіл Высоцкі, чэмпіёнка Алімпійскіх гульняў 1988 года ў Сеуле Таццяна Ледаў-ская, дырэктар прадстаў-ніцтва Расійскай Федэрацыі “Мегард Груп” Міхаіл Рымжа і шэраг іншых.

Прыемным момантам стала ўручэнне пасведчання Міністэрства спорту і турызму Рэспублікі Беларусь аб прысваенні спаборніцтвам статусу Нацыянальнага фестывалю эстафетнага бегу “Капыльскія пагоркі”, якое з рук начальніка ўпраўлення міністэрства Паўла Няпрахіна атрымаў старшыня райвыканкама Анатоль Жданеня. Адметным у капыльскіх стартах з’яўляецца яшчэ і тое, што кожны год праграма спаборніцтваў пашыраецца. І сёлета яна папоўнілася новай дысцыплінай – “Эстафетамі Міншчыны” (6х1000 метраў).

Дарэчы, арганізатарамі суботніх спаборніцтваў выступілі Нацыянальны алімпійскі камітэт па Мінскай вобласці, Міністэрства спорту і турызму Рэспублікі Беларусь, установа “Рэспубліканскі цэнтр алім-пійскай падрыхтоўкі па лёгкай атлетыцы”, грамадскае аб’яднанне “Беларуская федэрацыя лёгкай атлетыкі”, упраўленне фізічнай культуры спорту і турызму Мінаблвыканкама, Капыльскі райвыканкам.

На старт

Першымі на старт выйшлі зусім юныя спартсмены, вучні пачатковых класаў навучальных устаноў Капыльшчыны, якія прынялі ўдзел у эстафеце 6х50 метраў. Адзначу, што акрамя гарадскіх адзінаццацігодак тут “засвяціліся” Семежаўская і Цімкавіцкая СШ.

Гук выстралу стартавага пісталета – і пабеглі секунды марафонскай і паўмарафонскай дыстанцый, на якія выйшла, адпаведна, 10 і 8 каманд. Тым часам паказаць свае спрынтарскія здольнасці ў эстафетах 4х400 м выйшлі выхаванцы сярэдніх і дзіцяча-юнацкіх спартыўных школ краіны. Да нас у госці прыехалі бегуны са Старых Дарог, Слуцка, Узды, Клецка, Хойнікаў, Бярозы, Жодзіна, Маладзечна, Астраўца, Брэста, Наваполацка, Гродна і іншых гарадоў і вёсак Беларусі. Шматлікім было прадстаўніцтва з Капыля, за першынство змагаліся і больш за паўтара дзесятка сельскіх школ.

Сапраўдным выпрабаваннем для адзінаццаці каманд-удзельніц стала змешаная эстафета 6х1000 метраў. Калі трэцюю частку дыстанцыі спартсмены беглі з гары па вул. Партызанскай, то пасля перад імі вырастаў пад’ём па вуліцы Замкавай. Большасць дзяўчат і нават юнакоў з цяжкасцю (амаль пешшу) пераадольвалі астатнюю адлегласць. Лепш за ўсіх з капыльскімі горкамі справіліся каманды з Маладзечна, Крупак і Слуцка, якія занялі, адпаведна, першую, другую і трэцюю прыступкі ў заліку сярод гарадскіх школ. Сярод сельскіх мацнейшай стала Языльская (Старадарожскі раён), другі час – у Грозаўскай, а трэці – у Слабадакучынскай СШ.

Экідэн і паўмарафон

Тым часам гарачая барацьба ішла на марафонскай і паўмарафонскай дыстанцыях. Першым на фінішы 21-кіламетровай адлегласці  быў  квартэт  з г. Наваполацка, які не па-кінуў шансаў сапернікам. На другім месцы апынулася каманда мікрараёна “Тэксер” з Баранавіч. На трэцяе паднялася чацвёрка з Дзяржынскага раёна.

Пакуль метр за метрам спартсмены пераадольвалі дыстанцыю марафону, капыляне і госці горада выпрабоўвалі фартуну ў розыгрышы прызоў “Экідэн-2010”, дзе аднаму  з  1300 удзельнікаў (менавіта столькі прададзена білетаў) быў прыгатаваны галоўны прыз ад Капыльскага райвыканкама - каляровы тэлевізар.

Для самых маленькіх працавалі атракцыёны, а настрой удзельнікам спартыўнага відовішча ўзнімаў капыльскі танцавальны калектыў, артысты сама-дзейнасці і сімвал спаборніцтваў – Заяц, які з задавальненнем удзельнічаў у шматлікіх фотасесіях.

Вось на фінішнай прамой дыстанцыі экідэна з’явіўся першы спартсмен. Гэта - прадстаўнік каманды мужчын з Магілёўскай вобласці. Ім спатрэбілася 2 гадзіны 11 хвілін і восем секунд, каб пераадолець 42 км 195 м. Гэта - лепшы вынік спаборніцтваў. Гро-дзенскія бегуны сталі другімі, саступіўшы лідэрам больш за хвіліну. Праз сем хвілін на фініш прыйшла каманда Брэсцкай вобласці. У іх – трэцяе месца. Чацвёртая і пятая прыступкі дасталіся, адпаведна, Віцебскай і Мінскай зборным.

У жанчын яўным лідарам з другога этапа стала каманда Гродзенскай вобласці. Пяць з паловай хвілін “прывезлі” яны “сярэбранаму” прызёру – магілёўскай зборнай. Трэцяй фінішавала каманда Брэсцкай вобласці, адстаўшы ад пераможцы больш чым на 14 хвілін. Чацвёртымі сталі мінчане, а замкнулі выніковы пратакол віцебскія бягунні.

Напрыканцы свята адбылося самае прыемнае – узнагароджанне прызёраў і пераможцаў спаборніцтваў, якім дасталіся памятныя прызы і сувеніры з выявай сімвала чэмпіяната. А ўладальнікам галоўнага  прыза розыгрышу “Экідэн-2010”, самага таннага ў свеце тэлевізара (2500 беларускіх рублёў – столькі каштаваў білет) стала капылянка Марыя Мардасевіч.

У наступным годзе, як заўсёды, у трэцюю суботу верасня, горад зноў бу-дзе вітаць аматараў лёгкай атлетыкі на сваіх пагорках. І хочацца спадзявацца, што паглядзець на захапляючую барацьбу хуткасці і вынослівасці прыйдуць шматлікія капыляне.

Сяргей ЛАЗОЎСКІ

Фота аўтара


admin_222 Автор:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей