Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

22

Мой родны кут, мая калыска…

28.10.2013
Спрадвеку ў Семежаве існавала добрая традыцыя — на Пакровы Прасвятой Багародзіцы ладзіць фэст [caption id="attachment_31090" align="aligncenter" width="443" caption="Марыя Стружко (справа) віншуе Пятра і Ірыну Шчытко"][/caption] Семежаўцы старанна рыхтаваліся да галоўнага свята сваёй вёскі: прыбіралі на падворку, наводзілі парадак на полі, у агародзе і хаце, гаспадыні гатавалі смачныя стравы, апраналі самыя лепшыя строі і разам са сваімі дамачадцамі ішлі да месца збору ўсіх аднавяскоўцаў. Вось і сёлета, нават нягледзячы на тое, што Пакровы выпалі на будзённы дзень, зала Семежаўскага Цэнтра культуры і вольнага часу была запоўнена гледачамі. Усе, хто не быў заняты на вытворчасці, прыйшлі сюды, каб разам адзначыць свята вёскі. [caption id="attachment_31091" align="aligncenter" width="443" caption="Вакальная група Ляшнянскага СДК"][/caption] Шчыра вітала прысутных старшыня Семежаўскага сельскага Савета Марыя Стружко: “Я віншую ўсіх са святам вёскі, з Пакровамі, ад усяго сэрца жадаю моцнага здароўя, каб яшчэ доўгі час вашы нястомныя рукі працавалі на карысць нашай Айчыны, каб няўтрымна біліся вашы клапатлівыя сэрцы, каб ваша жыццё было яшчэ лепшым, чым цяпер. Асобна хачу павіншаваць усіх жанчын — матуль, бабуль — з Днём маці. Лічу, што сёння кожны з нас павінен звярнуцца да сваёй мамы з самымі шчырымі словамі ўдзячнасці. Успомніць і тых матуль, якія не дажылі да гэтага дня, паколькі кожная мама аддае свайму дзіцяці часцінку сябе, сваёй душы і сэрца”. Пра добрыя традыцыі, якія старанна аднаўляюць і захоўваюць у Семежаве, гаварыла намеснік старшыні райвыканкама Ала Раеўская: “Ваша Семяжоўшчына славіцца не толькі ў нашым раёне. Гэта радзіма знакамітых людзей, у тым ліку аднаго з васьмі Герояў Беларусі Міхаіла Сцяпанавіча Высоцкага. Слаўная яна і сваімі ткачыхамі: практычна кожны дом у Семежаве — гэта міні-музей. Тут, у раённым Цэнтры ткацтва, сабраны лепшыя ўзоры ткацтва з усяго Капыльскага раёна. На Семяжоўшчыне знаходзіцца прыродны заказнік, пракладзены Зялёны маршрут “Міжрэчча Мажы і Морачы”. А самае галоўнае — тут жывуць надзвычай творчыя, працавітыя людзі. Сёння ад імя раённага выканаўчага камітэта і сябе асабіста я хачу павіншаваць усіх са святам, і ў першую чаргу — жанчын-маці. Дарэчы, у нашым раёне жыве 320 шматдзетных маці, і 29 з іх узнагароджаны ордэнам Маці. Усім вам жадаю дабрабыту, выдатнага настрою і галоўнае — моцнага здароўя”. [caption id="attachment_31092" align="aligncenter" width="443" caption="Семежаўскія прысмакі"][/caption] Словы самай шчырай удзячнасці за плённую працу гучалі ў гэты дзень у адрас жыхароў аграгарадка Семежава, якія праз доўгія вёсны і зімы прыйшлі ў гэту восень загартаваныя горам і радасцю, прынеслі залатыя набыткі душы і вялікі працоўны вопыт. “Вы ўсё жыццё стаялі на гэтай зямлі абедзвюма нагамі і працавалі не пакладаючы рук”, — гэтыя словы вядучай свята Ліліі Чарнушэвіч былі адрасаваны доўгажыхарам Семежава, самая старэйшая з якіх Вера Іосіфаўна Рулінская сёлета адзначыла сваё 95-годдзе. Прыгожыя восеньскія кветкі і каштоўныя падарункі былі ўручаны ветэрану Вялікай Айчыннай вайны Ніне Андрэеўне Калеснік, а таксама Надзеі Сцяпанаўне Пасюкевіч, працоўны стаж якой у роднай гаспадарцы склаў больш за 60 гадоў. У Дзень маці не засталіся без увагі жанчыны, якія з гонарам носяць пачэснае званне шматдзетных маці. Гэта Зінаіда Карпаўна Сечка, Вера Уладзіміраўна Касніцкая, Галіна Васільеўна Дудзінская, Святлана Мікалаеўна Калацкая, Анжэла Іванаўна Брагіна, Святлана Уладзіміраўна Ганчарук, Галіна Віктараўна Ленкавец. Не менш прыемна было бачыць на святочнай сцэне самую маладую сям’ю Пятра і Ірыны Шчытко, у якой нядаўна нарадзіўся сынок — на сёння самы юны жыхар аграгарадка Семежава. А таксама сямейную пару — Ніну Паўлаўну і Івана Іванавіча Курпан, якія днямі адзначылі 55-годдзе сумеснага жыцця. Старшыня сельвыканкама Марыя Стружко таксама ўручыла ім каштоўныя падарункі. [caption id="attachment_31093" align="aligncenter" width="443" caption="Шаноўныя матулі і бабулі"][/caption] Варта ўзгадаць, што на працягу ўсёй урачыстасці гучалі цудоўныя песні ў выкананні самадзейных артыстаў з Ляшнянскага сельскага Дома культуры і Семежаўскага Цэнтра культуры і вольнага часу. Яны сталі цудоўным дапаўненнем да ўсіх цёплых слоў, што былі выказаны ў адрас жыхароў Семежава. Адна з іх з’явілася музычным падарункам жанчынам — майстрам сваёй справы, якіх узнагароджвалі намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Наталля Гарбацэвіч, дырэктар мясцовай адзінаццацігодкі Сяргей Апон, галоўны ўрач Семежаўскай участковай бальніцы Аляксандр Выскварка. І як ужо заведзена на імпрэзах такога кшталту, заслужаныя ўзнагароды атрымалі пераможцы конкурсаў “Лепшы двор” і “Лепшая гаспадыня”. З захапленнем расказаваў старшыня прафкама ААТ “Семежава” Уладзімір Лянько пра парадак і прыгажосць, якія пануюць на падворках сям’і Гардзей — удзельніцы раённага конкурсу на лепшае маладзёжнае падвор’е, і Марыі Пятроўны Харковіч. Што тычыцца традыцыйнага кулінарнага конкурсу, на вынікі якога маглі палюбавацца ўсе, хто прыйшоў на свята, то тут, па словах Уладзіміра Васільевіча, вызначыць лепшых немагчыма. Таму падарункі былі ўручаны прадстаўнікам усіх міні-калектываў, якія працавалі над стварэннем сваіх кулінарных шэдэўраў. [caption id="attachment_31094" align="aligncenter" width="443" caption="Хор ветэранаў вайны і працы"][/caption]

Але сапраўдны сюрпрыз чакаў жыхароў Семежава ў другой частцы свята, якое прадоўжыла выступленне хору ветэранаў вайны і працы адкрытага акцыянернага таварыства “МАПІД” з г. Мінска пад кіраўніцтвам лаўрэата міжнародных конкурсаў Мікалая Кашуры (канцэртмайстар — заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Уладзімір Ткач). Калектыў існуе ўжо амаль 15 гадоў (чарговы дзень свайго нараджэння будзе адзначаць у лістападзе). У яго складзе апантаныя музыкай і спевамі людзі, якія ўжо не могуць існаваць без свайго любімага занятку. І сярод іх — адзін са старэйшых удзельнікаў хору, яго стараста і запявала Мікалай Андрэевіч Мацкевіч — ураджэнец Семежава. Вясёлыя народныя, лірычныя творы, песні патрыятычнага гучання, якія перамяжоўваліся жартаўлівымі карацелькамі, прымаліся ўдзячнымі гледачамі на “ўра”.

Маргарыта САКОВІЧ Фота аўтара            

Источник:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей