Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

43

Усе змены трэба пачынаць з сябе

25.10.2013
Апошнім часам шмат нараканняў выказваецца ў адрас жывёлаводаў Капыльшчыны, якія значна знізілі тэмпы вытворчасці малака. Дзе выйсце з сітуацыі, што склалася ў раёне? Якім чынам можна дабіцца павелічэння прадукцыйнасці дойных статкаў? Якая роля зоатэхнічных спецыялістаў у рэалізацыі пастаўленых задач? Гэтыя пытанні абмяркоўваліся на нарадзе з удзелам галоўных заатэхнікаў і ветурачоў, што адбылася напрыканцы мінулага тыдня ў райвыканкаме. Першы намеснік начальніка ўпраўлення райсельгасхарчу Віталь Ракевіч быў катэгарычным: “Каб малако не “падала”, карову трэба накарміць, напаіць і падаіць! А ў тым, што няма рэзультатаў, віна ў першую чаргу спецыялістаў зоатэхнічнай службы гаспадарак, якія знізілі кантроль за тэхналогіяй кармлення, даення і аднаўлення статкаў”. Паводле слоў Віталя Аляксандравіча, за апошні час ва ўпраўленні райсельгасхарчу ўжо выдадзена два загады, у якіх выказваецца патрабаванне аб арганізацыі трохразовага даення кароў. Аднак многія гаспадаркі яго не выконваюць або выконваюць часткова. А тым не менш даказана, што, нягледзячы на пэўныя эканамічныя затраты, менавіта трохразовае даенне дазваляе атрымаць ад кожнай каровы мінімум на 15-20% больш малака, дае магчымасць карове лепш раздаіцца, што асабліва важна ў пачатку лактацыі. Акрамя таго, вучоныя сцвярджаюць, што больш частае даенне станоўча ўздзейнічае і на аздараўленне статка — пазбаўленне жывёлы ад такой распаўсюджанай хваробы як мастыт. Вялікая ўвага падчас нарады звярталася на правільную арганізацыю кармлення жывёлы па зімовым рацыёне. “Сёння нельга карміць карову зялёным кормам — здробненай кукурузай, — адзначыў Віталь Ракевіч. — У кожнай гаспадарцы павінен працаваць кормараздатчык са змешвальнікам, і жывёле неабходна даваць кормасумесі. Гэта дазволіць не толькі забяспечыць карову ўсімі неабходнымі для яе фізіялагічнага стану і стадыі лактацыі пажыўнымі рэчывамі, але і сэканоміць кармы і не знізіць іх якасць, паколькі можна адкрываць толькі адну траншэю, а прыгатаваную кормасумесь развозіць па ўсіх фермах”. Шмат гаварылася пра неабходнасць выкарыстання камбікармоў заводскай вытворчасці, шроту, макухі (жмыха) і патакі, выдзяленне сухастою і раздзяленне яго на два перыяды (згодна з фізіялагічным станам), арганізацыю прагулак для дойнага статка (не больш чым на 3-4 гадзіны). Вельмі балючай на сёння застаецца праблема аднаўлення статкаў, і, па меркаванні спецыялістаў райсельгасхарчу, гэта адбываецца, у першую чаргу, па прычыне адсутнасці ў гаспадарках кантролю за работай тэхнікаў-асемянатараў. Адсюль нізкія рэзультаты па асемяненні кароў, ніжэй мінулагодняга выхад цялят на 100 кароў. “А адкуль брацца малаку, калі няма цялят?” — падсумаваў гутарку на гэту тэму Віталь Ракевіч. Былі пастаўлены задачы па навядзенні парадку на фермах і прыфермскіх тэрыторыях, павелічэнні таварнасці малака (не менш за 90%) і яго якасці і інш. Аднак, думаецца, што ўсе гэтыя рэкамендацыі застануцца толькі словамі, калі спецыялісты зоаветслужбаў сельгаспрадпрыемстваў не зменяць уласныя адносіны да справы, якая ім даручана. Паколькі добра вядома, што ўсе змены трэба пачынаць з сябе. Маргарыта САКОВІЧ  

info Автор:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей