Выкопванне цукровых буракоў у ААТ “Ціміразеўскі” вядзецца кругласутачна, у дзве змены. А таму лічаныя дні засталіся да завяршэння ўборкі важнай сельскагаспадарчай культуры. З пасеяных 670 га салодкія караняплоды ўжо выкапаны больш чым на 600 га.
[caption id="attachment_31002" align="aligncenter" width="443" caption="Ідзе пагрузка буракоў"]

[/caption]
— Сёлета ў параўнанні з мінулымі гадамі мы працуем больш аператыўна, — адзначае галоўны аграном сельгас-прадпрыемства Віталь Платун. — Раней уборка цукровых буракоў у нас працягвалася да сярэдзіны лістапада. Зараз жа, думаю, да канца кастрычніка павінны адгрузіць усю прадукцыю. Пачалі выкопваць караняплоды ў першыя тэрміны ўборкі, прыкладна з 14 верасня.
[caption id="attachment_31003" align="aligncenter" width="443" caption="Механізатар П. Чапляеў."]

[/caption]
Ураджайнасць цукровых буракоў на ціміразеўскіх палетках сёлета радуе — атрымліваюць у сярэднім каля 400 ц/га. Цукрыстасць таксама высокая — 17,2-17,3% (пры базіснай 16%). У дзень пастаўляецца дзяржаве каля 1200 т прадукцыі (увогуле плануецца здаць каля 27 тысяч тон). Вывазка арганізавана на самым высокім узроўні. Бывае, што аўтамабілі нават выстройваюцца ў чаргу па салодкі корань. Пастаўляюцца буракі на Цімкавіцкі буракапрыёмны пункт і непасрэдна на Слуцкі цукроварафінадны камбінат. На адвозцы ў асноўным занята тэхніка камбіната і прыватныя грузаперавозчыкі. Па 50-60 машын у дзень загружае на сваім “Амкадоры” Сяргей Шугалей.
[caption id="attachment_31004" align="aligncenter" width="443" caption="В. Платун і С. Шугалей."]

[/caption]
На камбайне “Холмер” механізатары Павел Чапляеў і Канстанцін Маглыш апрацоўваюць у сярэднім за суткі звыш 25 га. На падборцы караняплодаў заняты наёмныя сезонныя работнікі.
— Адзначу, што работы ў нашай гаспадарцы вядуцца на належным узроўні, — падкрэслівае намеснік дырэктара сельгаспрадпрыемства па ідэалагічнай рабоце Галіна Бярозка. — Каб хутчэй закончыць уборку, арганізавалі дзвюхзменнае выкопванне. На адвозцы працоўны дзень доўжыцца з сямі гадзін раніцы да дзевяці вечара. Занятыя на работах забяспечваюцца двухразовым гарачым харчаваннем.
Сяргей КОЗЕЛ
Фота Паўла ШЭІНА
Комментарии