Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

111

Мой куточак родны

22.10.2013
Урачыста адзначылі свята вёскі жыхары Навасёлак Цімкавіцкага сельсавета, якое ладзілася на Багач. Здаўна ён у народзе лічыцца днём падвядзення вынікаў. Урачыстасць распачалася каля сельскага Дома культуры. Спачатку настаўніца ДУА “Навасёлкаўскі ВПК дзіцячы сад-сярэдняя школа” Ірына Канстанцінаўна Пархомчык расказала пра гісторыю свята, нагадала, як раней людзі святкавалі Багач. Настаўнікі і вучні арганізавалі кірмаш, які надаў своеасаблівы каларыт мерапрыемству. Чаго тут толькі не было! І агародніна, і розныя “закаткі”, і апетытная здоба, прыгатаваная школьнікамі, і прадукты з уласнага падвор’я. Я асабіста набыла насенне кветак з прышкольнага ўчастка. А кветкі растуць каля школы сапраўды вельмі прыгожыя і цвітуць з ранняй вясны да позняй восені. Вядучыя свята Марына Бурак і Анатоль Клыга запрасілі на сцэну самую старэйшую жыхарку Марыю Рыгораўну Лобан, якой сёлета споўнілася 95 гадоў, і ўручылі ёй святочны сувенір. Шмат цёплых слоў прагучала і ў адрас людзей, якія пражылі 80 і болей гадоў, працавалі і гадавалі дзяцей. У вёсцы пражывае пяць мнагадзетных сем’яў — матулі Алена Ціхончык, Марына Шахрай, Святлана Табака, Валянціна Лобан і Святлана Касцюкова таксама атрымалі музычны падарунак. Вядучыя свята выказалі шмат цёплых слоў удзячнасці за самаадданую працу сённяшнім працаўнікам вёскі, якія шчыруюць у сельскай гаспадарцы. І для іх падарункам былі музычныя віншаванні. А дырэктар Комсіцкага сельскага клуба Ірына Драцкая расказала верш пра вясковую жанчыну-працаўніцу. Начальнік участка в. Навасёлкі ААТ “Капыльскае” Аляксандр Уладзіміравіч Салодкі горача павіншаваў усіх са святам і ўспомніў працаўнікоў гэтай вёскі, якія зараз на заслужаным адпачынку, а некаторых ужо няма на гэтым свеце. Гэта М. М. Акула, Л. І. Лагавы, М. М. Чаюк, С. М. Канончык, А. К. Жмайдзюк і многія іншыя. У вёсцы перад святам быў аб’яўлены конкурс на лепшы падворак. У ім перамаглі Марыя Іванаўна і Аляксей Мікалаевіч Філіновічы. Такую прыгажосць трэба  бачыць! Ля іх дома створана сапраўдная аранжарэя. Там растуць і радуюць вока ці не самыя прыгожыя кветкі, якія толькі могуць быць на гэтай зямлі, яны цвітуць ад вясенніх да асенніх замаразкаў. А яшчэ гаспадары сваімі рукамі зрабілі дзве высокія прыгожыя пальмы з пластыкавых бутэлек. Пераможцы конкурсу былі ўзнагароджаны каштоўным падарункам. Было прадастаўлена слова і былому старшыні Браткаўскага сельвыканкама (зараз — спецыяліст І катэгорыі Цімкавіц- кага сельвыканкама) Івану Васільевічу Драцкаму, які таксама шчыра павіншаваў усіх са святам, пажадаў плёну, шчасця і дабрабыту. Сваімі песнямі віталі артысты залатых і сярэбраных юбіляраў. У гэтым годзе адзначылі 50-годдзе сумеснага жыцця Ніна Міхайлаўна і Мікалай Ігнатавіч Крук, Таццяна Анатольеўна і Васіль Рыгоравіч Качан. Разам крочаць па жыцці 25 гадоў Жанна і Іван Дудары, Тамара і Анатоль Цяцерыны. Напрыканцы праграмы гучала падзяка ўсім удзельнікам мастацкай самадзейнасці за цудоўныя песні, а гэта Жанна Дудар, Іван Віцебскі, Наталля, Анатоль і Ігар Клыга, Надзея і Аляксей Крывецкія, Марына Бурак, Іна Макаўчык і яе муж. Уладзіслава ЕРМАЛІЦКАЯ, в. Навасёлкі  

info Автор:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей